Прэзентацыя першага нумара альманаха “DUDAR”

8 лютага (08.02.2012) у клубе RE:Publik (ст. Кунцаўшчына, вул. Прытыцкага, 62) адбудзецца прэзентацыя друкаванага выдання Дударскага клуба Беларусі – першага нумара альманаха DUDAR (1/2012). У праграме шматлікія конкурсы, за ўдзел у якіх можна бяскоштна атрымаць у падарунак альманах; выступы многіх лепшых дудароў Беларусі, танцавальны вэрхал.

Выпуск першага нумара альманаха стаў вынікам паспяховага развіцця дударскага руху (шырокай грамадскай ініцыятывы закліканай вярнуць самы старадаўні беларускі інструмент – дуду, беларускую валынку): штогадовы Міжнародны Дударскі фэст, дзейнасць Дударскага клуба, штогадовыя навуковыя Дударскія канферэнцыі, праца ў архівах, этнаграфічныя экспедыцыі, даследаванні гісторыі дуды на беларускіх землях, выданне дыскаў з дударскай музыкай, павелічэнне колькасці гуртоў, якія выкарыстоўваюць дуду.

Альманах DUDAR быў задуманы даўно і на працягу некалькіх гадоў рыхтаваліся матэрыялы і наладжваліся фотасесіі са знакамітым фотамастаком Алегам Белавусавым.Рэдакцыйная рада альманаху: Зміцер Сасноўскі, Алег Белавусаў, Ганна Несцерава, Дзяніс Шматко, Вольга Мірчук.
Альманах выдадзены пры садзейнічанні Этна-гістарычнага цэнтра “Явар” і пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Амбасады ЗША ў Мінску.

Сярод артыкулаў першага нумара:

Гісторыя “крыўскай”-“ліцьвінскай”-“беларускай” дуды. Зміцер Сасноўскі.
“Строй жалейкі з гарадзішча Дуброва вельмі набліжаны да гукараду лепельскай дуды 1877 г. Немалаважна тое, што ўсе параўнаныя аб’екты (і першабытная жалейка, і лепельская дуда) паходзяць з аднаго рэгіёну – тэрыторыі Віцебскай вобласці. Гэта нараджае сенсацыйную версію, што, верагодна, традыцыя дудаў паўночна-беларускага рэгіёна мае 2,5-тысячагадовы ўзрост!”

Літоўская дуда. Інструмент-міф. Тодар Кашкурэвіч.
“Дуда справядліва магла б стаць сімвалам нашай краіны, накшталт дуды (bagpipe) у Шатландыі, так шырока вядомая і такая блізкая яна была кожнаму чала¬веку, незалежна ад належнасці да пэўнага стану. Дуда – касмалагічны, рытуальны, актыўны, мужчынскі інструмент і да сённяшняга часу праз дзейнасць разнастайных культурных і навучальных установаў выціснуты гармонікам, цымбаламі ды зусім недарэчнымі для тутэйшай традыцыі балалайкамі і домрамі.”

Рэстаўрацыя дударскай традыцыі ў 70-90 гадах ХХ ст. Паводле ўспамінаў У. Пузыні, Т. Кашкурэвіча і А. Лася.

“Пачатак цікавасці і першы кволы крок у аднаўленні беларускай дуды зрабіў майстар Лычкоўскі – у канцы 1970-х ім быў выраблены муляж гэтага інструмента. Тады ж, напрыканцы 70-х, фалькларыст і музыкант Уладзімір Гром разам з майстрам Аляксандрам Жукоўскім паспрабавалі зрабіць граючы музычны інструмент.”

Імпарт: нямецкі dudelzak на ліцьвінскіх землях. Зміцер Сасноўскі.
“Калі нямецкая дуда (Dudelzak) у XV – XVI стст. распаўсюдзілася на тэрыторыі многіх еўрапейскіх краін, гэты інструмент стаў прыкметай гарадской культуры і існаваў у кожнай з краінаў паралельна з мясцовай дударскай традыцыяй. Напрыклад у Швецыі дудэльзак існаваў адначасова з народнай шведскай sakpipa, у Польшчы – паралельна з велькапольскімі дудамі. Не абмінула “дудэльзакаўская” мода і землі ВКЛ.”

Дуда ў сярэдневечным тэатры. Аляксей Бурносенка (“Бекар”).
“Вядома, што для сапраўднага, “кананічнага” дудара ягоная Дуда – гэта самамэта, жонка і ідэал. Ён грае дзеля самой дударскай музыкі і дзеля жыцця традыцыі.”

Вяртанненне “пракаветнай эмоцыі”. Размова з Тодарам Кашкурэвічам, запісаў Дзяніс Шматко.
“Адраджэнне гэтага інструмэнта для соцыя-культурнай сферы на Беларусі з’яўляецца адной з самых істотных. Сапраўды былі факты таго, што менавіта гэты інструмэнт быў зменены на “цымбалкі” – рамантычныя і жаноцкія – вельмі прыгожы інструмэнт, але які не мае волі. Не можа быць волі ў цымбалаў, воля можа быць толькі ў дудзе. Тым не менш, апошні перыяд, які цягнуўся дзесяткамі гадоў, мы перажылі не адчуваючы нашай пракаветнай эмоцыі, мы пражылі яго няправільна.”

Дударскі фэст – гісторыя. Кастусь Зямкевіч.

“У беларускіх дудароў вельмі арыгінальны рэпертуар. Як у Сярэдневеччы, так і на пачатку ХХ стагоддзя Беларусь была дударскім краем. А сёння, вяртаючы сабе гэтае імя, першай ва Усходняй Еўропе праводзіць міжнародныя фестывалі – радыёстанцыя “Deutsche Welle”, 25.04.2007.”

Дударскі клуб Беларусі. Андрэй Пятрэнка.
“Дударскі клуб – гэта аб’яднанне майстроў і музыкаў, якія займаюцца адраджэннем усіх відаў дуд, традыцыйных для тэрыторыі было ВКЛ.”

Дуда, як атрыбут сакралізацыі і дыянісейства. Аляксандр Сурба.
“Працэсы асэнсавання і вывучэння феномена сакральнай і секулярнай традыцыйнай культуры дуды носяць прынцыпова важны характар. Разуменне гэтага “коду” з’яўляецца важнай часткай ідэнтыфікацыі беларускай культуры, як унутры, так і па-за яе межамі. Сам факт “паўтора”, зварота да каранёў прыводзіць да думкі Ф. Ніцшэ аб “вечным вяртанні” існага. Магчыма, “сакральнае кола” будзе “круціцца” пакуль мы не зразумеем глыбінны сэнс. Але зразумець дударскую традыцыю можна толькі непасрэна яе перажываючы. Экстаз дударскага “дурману”, лёгкі хмель, эратычны пачатак – усё гэта частка адной містычнай плыні сакралізацыі. Толькі калі мы зразумеем гэта, адбудзецца падзея, якую мы падсвядома жадаем: з’яўленне сапраўднага сакральнага дударскага зместу (як надбудова над формай), альбо кажучы міфалагічнай мовай – нараджэнне ці перараджэнне пакутуючага бога Дыяніса.”

Кантакты: (29) 3425791; zsasnouski@tut.by

Выпуск другога нумара адбудзецца пасля Дударскага фэста-2012 па меры складання падпіскі.

Адзін каментар

  1. # 19 студзеня 2012 15:23
    Лада

    Хацелася б на вокладку паглядзець.

Ваш каментар