Сёння, у дні катастрафічнага навукова-тэхнічнага прагрэсу і сэксатрусаў, якія прадбачыў Станіслаў Лем, нівелявання нацыянальных адметнасцяў і свабоды, межы якой усталёўваюць кіраўнікі краін, героем-адраджэнцам можа стаць той, хто не абыякавы да чалавека як асобы і спадкаемцы спрадвечных традыцый.
У Народным фотаклубе «Мінск» прэзентаваны праект «Беларусь у тварах» — фотаздымкі амерыканскага дыпламата ў адстаўцы Джона Кунстадтэра, які паказаў беларусам беларусаў. У першую чаргу ў амерыканца выклікала захапленне чалавечнасць і прастата жыхароў нашай краіны, на што ён імкнецца звярнуць увагу гледачоў.
«З табурэтам да акіяну» — так называецца творчая экспедыцыя Аўгінні Манцэвіч і Уладзіслава Юркова, якая цягнулася роўна год і закранула больш за 14 краінаў свету. Выстава фотаздымкаў самых яскравых момантаў падарожжа пройдзе ў галерэі “Ў”. Адкрыццё 18 лiстапада.
Якімі бачаць Беларусь і беларусаў у аб’ектывах сваіх камераў айчынныя фатографы Дзмітрый Кароль, Ігар Саўчанка, Уладзімір Парфянок, Ігар Пешахонаў, вы зможаце высветліць, наведаўшы выставу «Фатаграфічная экспедыцыя — 3. Палессе» у гарадской мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва. А якой можна ўявіць прастору, якая ёсць там, дзе няма нас? На выставе «5-е время года» прадстаўленая аўтарская версія такога ментальнага пейзажу, убачанага фатографам Сяргеем Кажамякіным.
Фотааматараў і прафесіяналаў з 21 па 23 кастрычніка чакае першы «Беларускі фотафэст» на базе аздараўляльнага комплексу «Надежда — XXI век» на беразе Вілейскага вадасховішча. У межах фэсту пройдзе фотапленэр, разнастайныя майстар-класы вядомых мінскіх фатографаў, такіх як Сяргей Грыц і Сяргей Плыткевіч.
На гэтым тыдні вы таксама зможаце сагрэцца ў палкім аргентынскім танга, пад адпаведны настрой асядлаць адзін з рарытэтных матацыклаў з прыватнай калекцыі Славаміра Хіневіча і нарэшце ўзяць удзел у фестывалі “Рэгі-фэст ДА!БРО!”. Дзень нараджэння аргентынскага танга запрашае адзначыць 18 кастрычніка школа танцаў «Тангета» на Гамарніка. Retro-Moto Party пройдзе 22 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, на ім будуць прадстаўленыя адрэстаўраваныя мадэлі айчыннага і замежнага мотапрому 1930 — 1980-х гадоў. “Рэгі-фэст ДА!БРО!” пройдзе 23 кастрычніка ў рэстаране-клубе «Мулен Руж».
Фанатам музыкі 1960-х будзе цікава паглядзець на выяўленчую інтэрпрэтацыю музыкі BEATLES на выставе габеленаў Марыі Барысенка ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. У гэтай жа галерэі працуе выстава алейнага жывапісу Васіля Пяшкуна “Дакрануцца да сонца”. А ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе міжнародны мультыпраект «Лемарыс», прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Станіслава Лема, польскага пісьменніка-фантаста і філосафа.