Будзьма разам!
рэгістрацыя
RSS LiveJournal Twitter

zaltkou

— У маёй сям’і, як у большасці беларускіх сем’яў, увесь час адлюстроўвалася гісторыя краіны. Перад вайной жаночая палова заявіла адназначна: сям’я польская. Мужчыны сталі супраць мурам — мы беларусы — і пайшлі ў савецкае войска. Бабулі сімпатызавалі АКоўцам, пасля вайны з’ехалі ў Польшчу на мазурскія і прускія землі, дзяды вярнуліся з вайны з медалямі і даслужыліся да палкоўнікаў.

А мае бацькі рэпрэзентавалі ўжо іншыя плыні і тэндэнцыі паваеннай айчыннай гісторыі. Тата прыехаў з Расеі несці святло "вялікай культуры" (тады расейцаў размяркоўвалі выключна на "нярускую" перыферыю), маці таксама прыехала па размеркаванні — будаваць мост цераз Нямігу, — але ўжо з беларускай глыбінкі. Калі мне было два гады, памёр дзед, і зусім нямоглая бабуля засталася сама. Маці настаяла на яе пераездзе да нас. Тут і пачалося маё выхаванне.

У нашай сям’і барацьба за душу малалетняга менчука ў першым пакаленні трывала з моманту, як я навучыўся чытаць. Народжаная ў Капыльскім раёне бабуля гаварыла з намі выключна па-беларуску, наракала ўвесь час маці, што "з маскалём пабралася" і ўвесь час старалася распавядаць мне пра вясковае жыццё. Калі я збіраўся да школы і начапляў на спіну бліскучы чэшскі "ранец", бабуля падыходзіла і ці то з недаверам, ці то нават з жахам у голасе пыталася: "Табе не муляе, унучак? Купяць малому абы што, ён потым мучыцца". Гэта "муляе" ў мяне назаўсёды засталося ў памяці.

Відаць, прысутнасць бабці і яе кпіны прымусілі маці набыць кніжачку Васіля Віткі і пачаць штовечар чытанкі перад сном казак і вершыкаў па-беларуску. Бацька захапляўся класічнай расейскай літаратурай, цытаваў Пушкіна ды Ясеніна, круціў на прайгравальніку кружэлкі з операмі "Яўгеній Анегін" і "Хаваншчына". У сем гадоў я ведаў тую "Хаваншчыну" амаль на памяць.

А на пачатку 80-х пайшла мода "вызваляць" школьнікаў ад вывучэння беларускай мовы. Вучняў "вызвалялі" перадусім ад умення пісаць — па-беларуску, то бок выказваць свае думкі, хаця пакідалі абавязак ведаць тое-сёе пра беларускую літаратуру. Бацька настаяў-такі на "вызваленні" — асноўнай прычынай стаў слабы зрок. Не ведаю, што тады адбывалася ў яго душы і якія галасы што нашэптвалі, аднак вось дзіва — праз год пасля "вызваленчага" паходу да завуча ён справадзіў мяне на… прыватныя рэпетыцыі па беларускай літаратуры да суседкі-настаўніцы. Бабулі тады ўжо не было на свеце.

Бліжэй да магічнай даты "шаснаццаць" у мяне пачаўся прыступ падлеткавага максімалізму. Пасля падарожжаў з таткам па СССР — ад Масквы праз Урал да Ўладзівастоку, ад Кіева да Тбілісі, ад Алматы да Краснаводску (цяпер Туркменбашы) — я вырашыў, што быць расейцам — гэта крута і пачэсна. Таму, калі пайшоў да пашпартысткі, запісаўся "рускім". Бацька ганарыўся, а маці ўздыхала і нагадвала пра бабулю. Не дапамагло. Два гады я хадзіў пэўны таго, што зрабіў найлепшы выбар.

Мае расейскія сваякі, канечне, былі не горшыя за беларускіх, але ж у 1989 годзе я паехаў на пахаванне дзядзькі ў Тульскую вобласць у вёску . Вёска тая, дарэчы, ляжыць не надта далёка ад беларускай мяжы, і да яе прасцей даехаць са Смаленску. Я трапіў у расейскую правінцыю, у іхную вёску. І, мабыць, тут я адчуў выразную розніцу паміж нашай вёскай, нашымі людзьмі ды расейцамі. Не было пачуцця таго, што гэта роднае. Нібыта тое самае, але не тое самае. Я не кажу тут пра моўны аспект. Інтанацыі, выраз твару, атмасфера. Тым больш — тады буяла "перабудова", і расейская вёска пачала ператварацца ў нешта жахлівае, бо яе пакінулі ўсе, і дзяржава, і нармальныя людзі… Можа, тады і адбыўся шчаўчок. Я вярнуўся дамоў з пачуццём прыналежнасці да іншай нацыі, а не да той, да якой належаў мой дзядзька-нябожчык, і бацька, і тыя дзядзькі, якія засталіся шчэ жывыя.

Тады ўсвядоміў Беларусь як штосьці роднае. Сувязь з зямлёю, людзьмі, больш зразумелымі, больш натуральнымі для цябе. Нават прырода і тая падалася сваёй у параўнанні з расейскімі краявідамі, дзе, дарэчы, было мала хвоі.

Тады якраз сітуацыя была цікавая, прынамсі ў нашым універсітэцкім атачэнні. Вызначацца было патрэбна. І Гарбачоў з экранаў казаў: "Таварышы, трэба вызначацца". Чамусьці не захацелася быць масай, шэрай, як усе. Тады людзі пачалі звяртаць больш увагі на сваю гісторыю, на карані, карацей — была патрэба… І вось, можа, пасля гэтай паездкі мне пачало "муляць" . Я адчуў, што мне трэба канчаткова вызначыцца, тым больш што я толькі напалову этнічны беларус, то бо — па крыві.

Упэўненасць пачала ўзнікаць падчас паступлення ў БДУ. Хтосьці з новых знаёмцаў на іспыце распавёў пра Ігнатоўскага, хтосьці пра "Сузор’е" з "Песняй пра зубра", і “Мрою”, і “Бонду”. Пачаліся гаворкі пра перабудову, пра стварэнне грамадскіх рухаў накшталт прыбалтыйскіх, у хаце з’явіліся самвыдатаўскія кніжачкі. Захапленне дысідэнцкім рухам стала займаць значнае месца ў светапоглядзе. Жаданне змяніць навакольны свет нарэшце прывялі мяне да пытання: які ж ён мае быць, гэты новы свет?

І тут я ўсё часцей стаў прыгадваць бабцю з гэтым яе "муляе", бо штосьці сапраўды пачынала мне муляць, там, у душы. Душэўны неспакой і дыскамфорт ставалі ўсё больш моцнымі. Аднаго дня — далібог, шчырая праўда — прыйшла да мяне ў сне бабуля Ніна і пытаецца: "Ці не муляе цябе, унучак?" Вось тады я зразумеў, што мне муляе беларускасць. Сядзіць сабе недзе ў сярэдзіне, "скрабець і трэць" тваё сумленне, чапляецца за твае думкі, стае знянацку дадатковым маральным крытэрам, што прыводзіць да стану поўнай збянтэжанасці ды дэзарыентацыі. Вырашыў я тады даць ёй дарогу і выпусціць на волю. Я прыйшоў да сябе, дакладней, вярнуўся.

Вось так з таго часу і хаджу беларусам. Шчыра кажу — цяжка быць беларусам: беларус, які павярнуўся да сваёй мовы, гісторыі, культуры, выклікае раздражненне ў шмат каго. Таму што нагадвае тым, хто вырашыў палегчыць сваё жыццё — стаць расейскамоўным, расейцам па духу, каб не жэрлі посткаланіяльныя комплексы, — кім яны ёсць насамрэч. І як бы яны ні пазбаўляліся беларускага акцэнту, ні ўладкоўваліся на працу ў Маскву, ні запрашалі на свае дні народжання расейскіх зорак (быў тут такі выпадак, і я бачыў гэта на ўласныя вочы), калі яны бачаць і чуюць такога беларуса, яны разумеюць, што ўсе іх старанні марныя і яны насамрэч ніколі не стануць сапраўднымі расейцамі, ці там немцамі, ці яшчэ кімсьці. Усе гэтыя развагі, што "мне ўсё роўна, кім быць, я чалавек сусвету" — гэта лухта. Гэта такі цікавы від касмапалітызму праз расейскія акуляры. Беларусам быць яшчэ цяжка таму, што, можа, у нас менш нагоды для радасці зараз і больш нагоды для суму. Нам пакінулі невялікую прастору для існавання. Але ж калі ў нас з’яўляецца нагода для радасці, то гэта сапраўды вялікая радасць. Глыбокае пачуццё, бо мы ведаем, што і нашы дзяды і продкі, якія жылі стагоддзі таму, таксама б парадаваліся ў той ці іншай сітуацыі.

Цяжка быць беларусам, аднак нічога не муляе.

***

Ігар Жалткоў, публіцыст

budzma.org

Апублікаваць у LiveJournal     Апублікаваць у FaceBook

Google Bookmarks Digg Reddit del.icio.us Ma.gnolia Technorati Slashdot Yahoo My Web News2.ru БобрДобр.ru RUmarkz Ваау! Memori.ru rucity.com МоёМесто.ru Mister Wong

Адзін камэнтар »

  1. # Палешучка | 28 чэрвеня 2009, 08:59

    Цiкавая гiсторыя. Дзякуй :)

    [Адказаць]

RSS стужка каментароў

Пакінуць каментар

Праекты

Наша ўсё

Феерверкі пад даждом (фотарэпартаж з “Навальніцы”)

Аляксандр (Tarantino) Ждановіч | 28 жнiўня 2010
Феерверкі пад даждом (фотарэпартаж з Навальніцы)
27-28 жніўня ў Беларусі праходзіць другі міжнародны фестываль феерферкаў "Навальніца". Далей »

Свой погляд

Калі б Беларусь мела сваё мора…

andre-boehm.livejournal.com | 31 жнiўня 2010
Калі б Беларусь мела сваё мора...
Пасьля шасьцігадовага побыту ў Рэспубліцы Беларусь і праз 14 гадоў з моманту маіх першых кантактаў з гэтай краінай я трапіў – не зусім выпадкова – у горад Ольдэнбург. Ольдэнбург - гэта горад са 160000 жыхароў у фэдэратыўнай зямлі Ніжняя Саксонія ў Паўночнай Нямеччыне, дзесьці за 40 км ад г. Брэмэн. Далей »