31 ліпеня і 1 жніўня ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбыліся выступы Змітра Бартосіка перад удзельнікамі двух моладзевых летнікаў. Першы — археалагічны скаўцкі летнік «Выспа-2010», што не першы год ладзіцца на востраве возера Сялява. Дзеці, пераважна старшакласнікі крупскіх школ, пад кіраўніцтвам краязнаўцы Андрэя Аляхновіча удзельнічаюць у раскопе стаянкі бронзавага веку. І, што цікава, кожны год нешта знаходзяць. А ўвечары моладзь адкрывае для сябе новыя імёны беларускай культуры. Зміцер Бартосік пазнаёміў школьнікаў з жанрам аўтарскай песні. Праспяваў і свае песні, і творы старэйшых калег, якія ўжо зрабіліся класікай. Пад Берасцем маладыя актывісты дэмакратычнага руху аднаўляюць старую сядзібу, помнік архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя. Выступленне Бартосіка прыйшлося ім, стомленым працай, вельмі да душы. Асабліва цёпла былі прынятыя песні Булата Акуджавы і Уладзіміра Высоцкага ў перакладзе Рыгора Барадуліна.
Тэгі: Берасце

