“Крама” разам з намі!

Легендарны гурт  “Крама” выступіў з вялікім сольным канцэртам на сцэне сталічнага клубу “Рэактар” 21 лістапада . Канцэрт ладзіўся ў межах кампаніі “Будзьма!”.

Імпрэза атрымалася незвычайнай. Перадусім уражвала публіка. Пад рытмічныя біты “Будзь разам з намі” скокалі як сталічныя маладзёны ў парваных джынсах, гэтак і салідныя мужчыны ў строгіх гарнітурах і гальштуках. Выглядала, нібы канцэрт у іх “agenda” быў занатаваны вельмі даўно і ішоў адразу пасля бізнэс-сустрэчаў напружанага працоўнага дня.

Атмасфера канцэрту нагадвала вялікую шумную сяброўскую сустрэчу з кухлем піва. Мужчыны і жанчыны, абняўшыся за рукі, таліі, плечы і шыі, разам спявалі класічныя “Бяжы, бяжы хлопец” і “Падае дождж на зямлю”.  Стваралася ўражанне агульнай уцягнутасці ўсіх прысутных у тое, што адбывалася на сцэне.

Канцэрт доўжыся поўных дзве гадзіны, заўзятыя фанаты доўгі час не адпускалі музыкаў са сцэны па заканчэнні асноўнай праграмы. Гучалі песні з новага альбому гурту, а таксама старыя хіты “Гомельскі вальс”, “Бяжы, бяжы, хлопец”, “Камендант”.

Саліст і лідэр гурту Ігар Варашкевіч не змяняючы традыцыі выступаў у сваім фірмовым бярэце. Музыкант прызнаўся —  каб не выглядаць як заўжды строгім і занудным, гэтым раз ён вырашыў апрануць штосці больш “хатняе”. Але мне падалося, што ягоны рознакаляровы паласты касцюм пасаваў больш да растафары-стылю, чым да хатняй вопраткі.

На ўваходзе ў клуб раздавалі значкі і візітоўкі кампаніі “Будзьма!”, у межах якой праходзіў канцэрт. Вялікая расцяжка з лагатыпам кампаніі вісела над сцэнай. Залю аздабляў і плакат з намаляваным чорна-белымі фарбамі беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам і надпісам “Слухай сваё!”. Канцэрт у злучнасці з ягоным візуальным афармленнем пакідаў тое самае ўражанне, калі звычайна кажуць “быць у правільным месцы ў правільны час”.

Сваім уражаннем ад канцэрту падзяліўся Ігар Знык, польскі музычны мэнаджар, які працуе з беларускімі гуртамі: “У Беларусі, у адрозненні ад Польшчы ці іншых заходніх краінаў, адбываеца няшмат падобных мерапрыемстваў з удзелам рок-музыкаў.  Таму, калі казаць пра якасць канцэрту ў беларускім маштабе, яна высокая, безумоўна.”  Ігар Знык таксама зазначыў, што зала клубу “Рэактар” сама па сабе добра прыстасаваная да рок-выкананняў, таму ў параўнанні з канцэртамі ў іншых сталічных клубах,  імпрэза “Крамы” вылучаецца на ўзроўні гучання музыкі і прафесіяналізму сваёй арганізацыі.

Тэгі: