Сцэнічныя вобразы беларускіх музыкантаў у сумесі з канцэртным драйвам і эмоцыямі публікі ўвасобіліся ў фотавыставе Аляксандра Ждановіча “Зваротны бок зорак”, якая адкрылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ў мінскім кінатэатры “Перамога” 10-ага сакавіка.
– Гэтая выстава – жывыя моманты з жыцця нашых рок-музыкантаў, якія прадстаўляюць беларускую культуру. Гэта ўсё наша, яно жывое, яно захоплівае, яно радуе, і на гэта прыемна глядзець. Фатаграфіі адбіраліся па крытэрыі якасці здымка: наколькі цікава быў сфатаграфаваны момант.
Кардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская:
– Для нас асаблівая радасць, што гэтую выставу незвычайных ракурсаў з канцэртаў беларускіх выканаўцаў Аляксандр згадзіўся рэалізаваць у межах нашай культурніцкай кампаніі. Тое, што мы намагаемся рабіць – гэта максімальна пашыраць сярод людзей папулярнасць беларускай культуры. Мэты кампаніі цалкам супадаюць з тым, што робіць Аляксандр. Беларуская культура – гэта не толькі архаіка, скарб, яна сучасная і перспектыўная.
Нават перд самым закрыццём першага дня выставы залю не пакідалі наведнікі.
Здымкі сур’ёзных, смешных, напружаных і раскаўбашаных беларускіх музыкантаў можна будзе пабачыць у кінатэатры “Перамога” да 25-ага сакавіка.