Спалучэнне пісьменніцкага таленту ды незвычайнай трагічнай біяграфіі дае літаратуры самыя моцныя, балючыя і неверагодныя жыццёвыя гісторыі. Чатыры аўтары, якія на ўласным досведзе зазналі трагічныя падзеі XX стагоддзя, былі прадстаўленыя ў заключны дзень фестывалю «Шэнгенка».
«Мемуар-вечарынка» — такую назву мела гэтая імпрэза, і вядоўца Андрэй Хадановіч адразу звярнуў увагу на трагічны кантэкст прадстаўленых твораў, у якім слова «вечарынка» гучыць троху недарэчна. «Калі працягваць цынічны шэраг, то магло б быць і «Халакост-паці», — зазначыў ён, паўшчуваўшы піяршчыкаў, якія кніг яўна не чыталі.
Першай прэзентавалі кнігу венгерскага класіка Шандара Марая «Споведзь мешчаніна», якую пакуль нельга знайсці на паліцах кнігарні, але выхад якой чакаецца цягам найбліжэйшых тыдняў. Аўтар за сваё доўгае жыццё часта пераязджаў з краіны ў краіну, павучыўся ў Германіі, папрацаваў журналістам у Парыжы, пасля эміграваў з Еўропы, завяршыўшы свой шлях у 89 гадоў загадкавым самагубствам у каліфарнійскім Сан-Дыега. Адзін з перакладчыкаў рамана, Сяргей Сматрычэнка, расказаў, чым яго здзівіў гэты тэкст: «На час выдання рамана аўтару было 34 гады, але здаецца, што твор пісаў стары дзядзька, адсылаючы нас да свайго доўгага складанага жыцця». Ён зазначыў, што назва «споведзь» абсалютна абгрунтаваная і ў рэлігійным, і ў жыццёвым сэнсе, бо Марай з адстароненай аб’ектыўнасцю расказвае і пра свае грахі, і пра душэўныя перажыванні. Інтымныя прызнанні дзяцінства, пакручастыя сямейныя гісторыі, сюжэты з падарожжаў — усё гэта можна знайсці ў ягоным біяграфічным рамане. Сцэну пра тое, як аўтар, будучы падлеткам, наведаў бардэль, зачытала акторка Ганна Хітрык пад акампанемент трывожнага баяна.
Кніга славацкага аўтара Яна Рознэра «Сем дзён да пахавання» сталася для яго беларускай перакладчыцыТаццяны Абдулхакавай моцным перажываннем. У кнізе расказваюцца дзве паралельныя гісторыі: у пісьменніка памірае жонка, разам з якой яны фактычна трапілі ў чорны спіс і былі выкрасленыя з грамадскага жыцця. Сем дзён у чаканні пахавання робяцца нагодай для пакутлівых рэфлексій, успамінаў, стасункаў з іншымі людзьмі, якія не могуць нават выказаць падтрымку, каб не скампраметаваць сябе. Пры гэтым вельмі дакладна адлюстроўваецца фон тагачасных славацкіх рэалій, якія ў сканцэнтраваным выглядзе нагадваюць сучасныя беларускія.
Бадай, самай страшнай кнігай з усіх чатырох з’яўляецца «Страчаны лёс» знакамітага венгерскага аўтара Імрэ Кертэса, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2002 года, якому цяпер 83 гады. «Нядаўна Валянцін Акудовіч, з якім мы абмяркоўвалі твор, прызнаўся, што доўга лічыў Кертэса кан’юнктурай, пакуль не прачытаў «Страчаны лёс», які пераканаў яго, што пісьменнік сапраўды не дарма атрымаў найвышэйшую ўзнагароду», — падмацаваў Хадановіч сваё меркаванне пра кнігу аўтарытэтам беларускага філосафа. Кертэс падлеткам перажыў Асвенцым і Бухенвальд, а пасля зрабіў Халакост асноўнай тэмай сваіх раманаў і эсэ. «Перакладаць было сапраўды страшна, па начах прыходзілі страшныя сны, але для мяне гэта ў першую чаргу кніга пра чалавека, які пакутуе ва ўмовах таталітарнай ідэалогіі», — расказала перакладчыца Святлана Рогач. Кертэс глядзіць на Халакост вачамі падлетка, перадае адчуванне болю на персанальным узроўні, з пазіцыі ахвяры, пры гэтым аповед месцамі наіўны, поўнасцю пазбаўлены пафасу, а часам у ім прабіваецца дзіўная балючая іронія. «Цяжка было перадаць гэты стыль, — адзначае перакладчыца, — бо чалавек глядзіць на тое, што з ім адбываецца, з пэўнай дыстанцыі, ён не лічыць свой жыццёвы досвед трагедыяй, канцлагер для хлопчыка — проста чарговая падзея ў жыцці, не большая трагедыя, чым развод бацькоў». Яна дадала, што пераклад венгерскага аўтара рабіўся не з арыгіналу, а таму ў адчуванні стылю ёй дапамагалі кнігі польскага пісьменніка Тадэвуша Бароўскага, які напісаў у тым ліку твор пад назвай “А ў нас у Аўшвіцы”.
Некаторыя эпізоды перакладчыцу асабліва кранулі — напрыклад, сцэна, калі венгерскія жандармы канваявалі людзей у лагер, і ў пэўны момант з’явілася магчымасць уцячы, якой скарыстаўся толькі адзін чалавек, бо астатнія спадзяваліся на лепшае. «Кертэс сцвярджае, што надзея вельмі часта вяла чалавека да гібелі», — тлумачыць Святлана Рогач.
Апошні з прадстаўленых твораў — «Калісьці ў Браціславе. Маё жыццё з Оскарам Л.» Жо Лангеравай —мемуарыстыка ў найчысцейшым выглядзе, для якой, паводле Андрэя Хадановіча, дастаткова быць шчырым і мець добрую памяць. Кніга складаецца з дзённікавых запісаў, якія аўтарка вяла цягам усяго жыцця. Жо Лангерава нарадзілася ў Венгрыі ў 1912 годзе, выйшла замуж за чэха Оскара Лангера, з якім жыла ў Браціславе, пакуль Славакія не апынулася перад пагрозай захопу фашыстамі. Пры канцы 1930-х сямейная пара эмігравала ў ЗША, дзе пражыла 8 гадоў. Нягледзячы на жыццё ў Амерыцы, Оскар Лангер застаўся верным ідэалам сацыялізму, таму пара вярнулася ў Славакію. Але шчасліва жыць там ім не давялося, бо ў хуткім часе мужа арыштавалі і прысудзілі да 22 гадоў зняволення, выпусціўшы, праўда, праз восем. Гады турмы не пахіснулі ў ім веру ў камунізм, і ён працягваў лічыць сваё зняволенне адзінкавым выпадкам і недарэчнай памылкай. Паводле перакладчыка Паўла Рааго, ён, працуючы над тэкстам, увесь час знаходзіў паралелі з беларускай рэчаіснасцю, а часам яму нават карцела троху падкарэктаваць славацкія рэаліі пад беларускія: «Ну, напрыклад, у тэксце людзі абураюцца, што будуецца мала жытла, а шмат палацаў культуры, якія, як вы разумееце, мне хацелася памяняць на іншыя палацы», — падзяліўся перакладчык. Ён таксама адзначыў, што мемуары дэтальна адлюстроўваюць зрэз жыцця ў ЗША падчас вайны, а таксама пасляваенную рэчаіснасць Чэхаславакіі.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева