Фатограф кампаніі «Будзьма беларусамі!» ўдзельнічае ў сацыяльна-дабрачыннай акцыі «ДОБРАЯ СПРАВА», якая праводзіцца рок-клубам «ТNТ». Творчыя людзі гораду аб’ядналіся, каб дапамагчы дзецям-сіротам: у рамках акцыі выступяць больш за два дзясяткі гуртоў і выканаўцаў, а таксама адбудзецца выстава-продаж работ вядомых мастакоў і фатографаў – усе сродкі, атрыманыя ад продажу квіткоў і работ, пойдуць на куплю падарункаў і арганізацыю навагодніх святаў для дзяцей з дзіцячых дамоў.
Аляксандр Tarantino Ждановіч, фатограф «Будзьма беларусамі!», падрыхтаваў для дабрачыннай акцыі ўнікальную серыю паштовак з партрэтамі актуальных і любімых музыкаў. Гэта 16 яркіх і высакакласных фатаграфій, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці міні-плаката любімага артыста (ідэя паштовак з выявай «любімых артыстаў» прыйшла з успамінаў пра савецкія продажы малюнкаў «артыстаў эстрады і кіно»), або ў якасці звычайнай паштоўкі, якую можна паслаць па пошце.
Гэтая серыя паштовак надрукаваная абмежаваным накладам у колькасці 50 асобнікаў і будзе выстаўлена на продаж па цане 80.000 за камплект (кошт можа падвышацца ў залежнасці ад вашага жадання і магчымасці дапамагчы дзецям). Набыць іх можна падчас дабрачыннага марафону 15 і 16 снежня ў памяшканні клуба «ТNТ» (вул. Рэвалюцыйная, 9). Сярод музыкаў на паштоўках такія вядомыя асобы, як Бенька, Сяргей Міхалок, Віталь Артыст, Алег Хаменка, Уладзімір Пугач, Аляксандр Ліберзон, Аляксандр Кулінковіч, Іван Кірчук, Vinsent і іншыя.