GARADzKIJA ў Мінску!


Мінскі гурт GARADzKIJA, пасля трассы па Польшчы, дзе адбыўся шэраг вельмі паспяховых канцэртаў, нарэшце дасць доўгачаканы канцэрт і ў Беларусі. Мерапрыемства адбудзецца ў межах кампаніі “Будзьма!”.

Гурт сапраўды надоўга знік, чым выклікаў абурэнне прыхільнікаў іхняе творчасці. І вось нарэшце з’явілася выбітная магчымасць пачуць старыя ды новыя творы GARADzKI’ch, а таксама ўбачыць моцнае і яскравае відовішча.

Гэтым канцэртам мы хочам падсумаваць усе нашыя папярэднія выступы, спраўдзіць у канцэртных умовах гучанне новых песень. Зараз гурт рыхтуецца да запісу чарговага студыйнага альбому, таму гэта ня будзе залішнім, – распавядае Піт Паўлаў, лідар GARADzKI’ch. – Відавочныя ўсе падставы для запісу новага альбому: гурт з адноўленым складам знаходзіцца ў вельмі добрай форме, мне падабаецца гучанне нашае музыкі (яно стала больш жорсткім і канкрэтным), а галоўнае нарэшце з’явілася адпаведная колькасць новых песень. 26 лістапада мы прэзентуем мінскай публіцы некаторыя з іх.

Канцэрт пройдзе пры ўдзеле гарадзенскага гурту TLUSTA LUSTA, герояў і пераможцаў фэсту “Басовішча”: хлопцы пакажуць свой «Blin Piersy», новы дыск, а таксама абяцаюць сваім выступам “падвысіць настрой і жыццёвую бадзёрасць усім, хто прыйдзе”.

Мне прыемна пазнаёміць мінскую публіку з такім добрым гуртом, як TLUSTA LUSTA. Упэўнены, наш моцны выступ назаўжды застанецца ў сэрцах і думках прысутных, – давёў Піт Паўлаў.

26 лістападу ў DAclub (П. Броўкі, 22) а 19.00 – канцэрт гурту GARADzKIJA і прэзэнтацыя альбому TLUSTA LUSTA «Blin Piersy».

Кошт квіткоў – 15 – 20 т. рублёў, замова квіткоў па тэлефонах (029) 649 08 88 ды (029) 688 61 74

Тэгі: