Каляндар. 6 студзеня

05.01.2009 Каляндар

Гэты дзень у беларускай гісторыі звязаны з імёнамі Стэфана Баторыя, Адама Станкевіча, Янкі Юхнаўца…

1582: Іван Жахлівы перадаў Лівонію, Полацак і Вяліж Рэчы Паспалітай і атрымаў Вялікія Лукі і Пскоўскія землі ад Стэфана Баторыя.

Сканчэньне ваенных дзеяньняў Лівонскай вайны.

Даведка: Ліво́нская вайна́ (1558—1583) пачалася 22 студзеня 1558 году. Вялася Расеяй за тэрыторыі Прыбалтыкі за выхад да Балтыйскага мора.

У 1558 годзе маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфэдэрацыю — саюз 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасьць самастойна гандляваць з Эўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расея магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў эўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Спадчынай Масквы таксама была названая і частка ВКЛ — беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыцы захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна стаў шукаць саюзнікаў у Эўропе, аднак Швэцыя, Данія і Польшча адмовіліся ваяваць супраць Расеі, толькі Вялікае княства Літоўскае, разумеючы небясьпеку маскоўскага заваяваньня Лівоніі, вырашыла аказаць дапамогу Ордэну. У 1559 годзе Лівонія перайшла пад пратэктарат ВКЛ, у выніку ваенныя дзеяньні аднавіліся, і зноў пасьпяхова для Івана IV. У ліпені 1561 году войска ВКЛ на чале зь Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разьбітае каля гораду Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістар Кетлер перадаў у сакавіку 1562 году Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер перадаў эстонскія землі Швэцыі, востраў Эзэль Даніі, Лівонію — ВКЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага сьвецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намесьнікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава — Лівонскі ордэн.

У адказ на гэта, атрады Івана IV у пачатку 1562 году спустошылі ваколіцы Мсьціслава, Шклова, Воршы, Віцебску, Дуброўны, Копыля. Для генэральнага наспупленьня на Полацак пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тысячаў чалавек. 31 студзеня 1563 году гэтае войска асадзіла Полацак, а праз два тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаваньні маскоўскага цара былі празьмерныя — Полацак і Лівонія павінныя быць далучаныя да Расеі. У 1564 годзе ваенныя дзеяньні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разьбіць дзьве расейскія арміі — каля ракі Ула 25 студзеня і пад Воршай 2 лютага 1564 году. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтар дзяржавы былі сарваныя. Але расейскі цар добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі — у 1566—1569 гадах ён будуе каля Полацку крэпасьці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усьвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзьнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзьнікам была Польшча, зь якой у 1569 годзе была заключана Люблінская унія. У 1570 годзе новая дзяржава — Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму таксама патрабавалася часова замірыцца зь Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеяньні супраць Швэцыі. Хутка памёр апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў бязьдзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеяньні аднавіліся толькі празь некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.

1892: нарадзіўся Адам Станкевіч, беларускі рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзка-культурны дзеяч, асьветнік, культуроляґ, выдавец, публіцыст.

Паводле даробку ў культуру й наагул у нацыянальнае жыцьцё беларусаў Адам Станкевіч выглядае сваім сярод Скарыны, Каліноўскага, Багушэвіча – тых, чыім стваральным духам ён натхняўся.

Паміж яго прыходам на сьвет 6 студзеня 1892 году на Віленшчыне ў вёсцы з адметным назовам Арляняты і зьяўленьнем у лістападзе 1949-га яшчэ адной безыменнай лягернай магілы пад горадам Тайшэтам у Іркуцкай вобласьці зьмясьцілася столькі, што хапіла б і на дзесяцёх.

На новы 1915 год малады ксёндз Адам адправіў першую імшу ў парафіяльным касьцёле гістарычна-векапомнага Крэва. Праз тры гады выпускнік Пецярбурскай духоўнай акадэміі Станкевіч прыяжджае ў Вільню ўжо вядомым публіцыстам і дзеячам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адным зь першых ён пачынае карыстацца беларускай мовай у набажэнствах і публічных выступах. Выкладае рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Праходзіць на выбарах у Польскі сойм…

У 1920-х-30-х гадах без асобы Станкевіча немагчыма ўявіць нацыянальнае жыцьцё ўсёй Заходняй Беларусі. Кіраўнік Таварыства беларускай школы, заснавальнік Віленскай друкарні імя Скарыны, рэдактар і выдавец часопісу “Хрысьціянская думка”…

Польскія ўлады двойчы высылаюць яго падалей ад сталіцы. У 1939-м Станкевіч вяртаецца ў Вільню, ужо занятую Чырвонай Арміяй. І пад “саветамі”, і пасьля хуткай перадачы Вільні Літве, і ў часы нямецкай акупацыі ён працягвае ахвярна служыць беларускай справе: адчыняе школы, аднаўляе газэту “Крыніца”. Старыя беларусы-віленчукі дагэтуль згадваюць Станкевічавы казаньні ў касьцёле сьвятога Мікалая, якія давалі магутную духоўную падтрымку ў ваеннае ліхалецьце. Завітваючы ў гэты храм, я і сёньня, здаецца, чую пранікнёныя словы а.Адама на роднай мове.

Пасьля вайны па Станкевіча прыходзяць людзі зь ведамства Берыі. Яны нават не імкнуцца абвінаваціць айца Адама ў супрацоўніцтве зь немцамі, ад якіх той заўсёды трымаўся на дыстанцыі. Галоўнае злачынства – вера ў будучую незалежную Беларусь. Такая “віна” ацэньваецца ў 25 гадоў няволі.

Віленскія беларусы зьбяруць грошы і паставяць на могілках паблізу Крэва помнік свайму сьвятару і яго маці. Велічным духоўным помнікам Адаму Станкевічу застанецца ягоная спадчына, у якой вылучаюцца глыбінёю і аналітычнасьцю працы “Беларускі хрысьціянскі рух” і “Хрысьціянства і беларускі народ”.

Перад арыштам айцец Адам працаваў над кнігаю “Гісторыя Беларусі”, дзе называў гістарычны шлях нашага народу “рухам да гарманічнай нацыянальнай цэласьці”. Нязьдзейсьненае ў XX стагодзьдзе нам наканавана ўрэчаісьніць у XXI…

1919: нарадзілася Аўгіньня Каранеўская, дзяячка беларускага руху ў Аўстраліі.

1963: памёр Андрэй Александровіч, беларускі пісьменнік, перакладчык (нар. 22.1.1906)

1975: памёр Юрка Віцьбіч, беларускі пісьменьнік, дзеяч эміграцыі ў Амэрыцы.

1988: памёр Рэм Салавухін, беларускі савецкі фізік, прафесар БДУ (нар. 19.11.1930).

2004: памёр Янка Юхнавец, беларускі паэт (нар. 21.11.1921).

крыніцы