Кампанія “Будзьма беларусамі!” працягвае атрымліваць лісты з адказамі на акцыю папулярызацыі беларускамоўнай творчасці. Гэтым разам канал “Культура”, радыёстанцыі “Беларусь” і “Радиус-FM” падзякавалі за падарункі (дыскі “Тузін.Перазагрузка” і “The Best Rock”), выказалі свае меркаванні і заўвагі.
Галоўны дырэктар радыёстанцыі “Беларусь” Навум Якаўлевіч Гальпяровіч падзякаваў за дасланы матэрыял і клопат пра сучасную беларускую музыку, а таксама зазначыў, што
“абсалютная большасць запісаў, якія транслююцца ў эфір станцыяў, беларускамоўныя. І самае галоўнае: уся музыка, якая гучыць у нашым эфіры (100%), – беларуская. Дасланыя матэрыялы, безумоўна, выклікаюць цікавасць, мы ўпэўненыя ў тым, што яны запатрабаваныя сучасным слухачом, таму жадаем творчага плёну, працягу вашых праектаў і нязгаснай цікаўнасці да іх публікі”.
Дырэктар каналу “Культура” Кацярына Іванаўна Агеева паведаміла, што з вялікай цікавасцю пазнаёмілася са складанкамі, і, безумоўна, калекцыя беларускамоўных хітоў аздобіць эфір каналу.
К.І. Агеева: “Асабліва спадабалася складанка беларускага року. Самае каштоўнае тое, што на дысках прадстаўленыя маладыя цікавыя музыкі. Гэта дазваляе лепш зразумець дынаміку развіцця беларускага року і падтрымаць найбольш перспектыўных выканаўцаў. Нашыя музычныя рэдактары адзначылі выдатную якасць гуказапісаў і з задавальненнем прапануюць кампазіцыі са складанак слухачам”.
Як дырэктар каналу “Культура” К. І. Агеева таксама выказала пажаданне складальнікам дыскаў улічваць радыёфармат каналу, а гэта значыць:
“У каналу высокія патрабаванні да тэкстаў кампазіцый. Часам глыбокія па сэнсе думкі маладыя творцы выказваюць з дапамогай слэнгу, экспрэсіўнай ці наогул ненарматыўнай лексікі. На канале мы такіх твораў пазбягаем, бо нашая аўдыторыя ў асноўным выхаваная на класічных узорах. Нам вельмі шкада, калі цікавыя па музыцы і думцы кампазіцыі мы не можам выкарыстаць у нашым эфіры”.
Намесніца дырэктара радыёстанцыі “Радиус-FM” А. І. Трэшчынская ад кіраўніцтва падзякавала за дасланы матэрыял, а таксама зазначыла, што “некаторыя песні праекту будуць выкарыстаныя для ратацыі ў эфіры, прысвечаных беларускай музыцы і культуры”.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” у сваю чаргу выказвае шчырую падзяку за сур’ёзны падыход да аналізу разасланых складанак. Кампанія дзякуе за імпэт, зацікаўленасць і клопат калектываў усіх радыёстанцый пра сучасную беларускамоўную культуру. Нам вельмі прыемна, што кола тых, хто шануе родную і сучасную беларускамоўную творчасць, робіцца ўсё большым. Мы заўсёды гатовыя да супрацы з яе неабыякавымі да беларушчыны калектывамі.