***
паглядзі на зіму
і ніколі
так
не рабі
***
адклаў заўтра
на чорны дзень
каб яно ўсё ж такі настала
калі што
***
хацеў выбіць шыбы
а там вясна
хацеў разьбіць голаў
а там ты
***
на небе няма вёдраў
яно проста лье
як зь вядра
і між намі ня ноч
а проста цёмна
як ноччу
і мы не адны
мы проста цэлае
як адно
пакуль ня стала сьветла
пакуль ня скончыўся дождж
і мы ляжым тут удваіх
давай спадзявацца
што нас ніхто не заб’е
а мы проста будзем спаць
як забітыя
***
вось і дажыў да вясны
перажыць бы
***
адзінота разьліваецца па зямлі
растуць хвалі новага
сусьветнага патопу
сыходзячы пад ваду
бласлаўляю ўсіх
хто збудаваў свой каўчэг
і знайшоў сабе пару
***
там звонку
на кожнай вуліцы
халодна, мокра і брудна –
ты нікуды не выходзіш
з галавы
***
хто калі ня я
каго
калі не цябе
***
зьвесткі
пра самых шчасьлівых
людзей
да нас
не дайшлі
мы
мусім дайсьці
да іх
самі
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Кірыла Анохін — паэт. Нарадзіўся ў 1987 г. ў Мінску. У 2009 г. скончыў гістарычны факультэт БДУ. Пераможца фестывалю аднаго верша ў Мінску (2011). Аўтарскі сайт.