Юбілей пісьменніка Леаніда Дайнекі прайшоў у коле сяброў, калегаў, сваякоў ды чытачоў. Сямідзесятую гадавіну беларускі літаратар адзначыў пад добрую музыку, вершы ды шматлікія віншаванні і прамовы ў канфэрэнц-залі пры Чырвоным касцёле 29-ага студзеня.
Павіншаваць юбіляра сабраліся музыкі, паэты, мастакі. Віншаванні чаргаваліся з выступамі, падарункамі ды згадкамі пра розныя моманты з жыцця паэта і празаіка. Віноўнік урачыстасці сустракаў гасцей у акаленні кветак ды падарункаў і сціпла прымаў віншаванні.
Леанід Дайнека:
— Мне семдзесят гадоў. У гэтай залі большасць людзей — маладзейшыя. Хачу пажадаць вам дажыць да гэтай даты. Другая задача — дажыць да стагоддзя. У гэтым годзе спаўняецца сорак гадоў, як я ўступіў у саюз беларускіх пісьменнікаў. Я не выходзіў з таго саюзу і стаю на гэтым месцы сёння. Я дзякую сваёй жонцы, сваім сынам, сваім унучкам і ўнукам, усім тым, хто побач.
Юбілейны вечар распачынаўся танцамі ды песняй, а адкрываў яго гімнам на словы Леаніда Дайнекі ансамбль “Свята”.
Ансамбль “Свята”
Вядоўца, Вячаслаў Статкевіч:
— Сёння сапраўднае свята, бо ёсць чалавек, які сёння аб’яднаў адну творчую сям’ю.
Леанід Дайнэка нарадзіўся ў вёсцы Змітраўка 2-ая Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Яго жыццёвы шлях прайшоў праз будоўлі Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. У Ніжнім Тагіле Леанід Дайнека скончыў тэхнічную вучэльню, а пасля яе — аддзяленне журналістыкі БДУ. Аўтар сборнікаў вершаў «Галасы», “Бераг чакання”, «Начныя тэлеграмы», ды інш. Як празаік захапіў сэрцы чытачоў кнігамі «Футбол на замініраваным полі», «Меч князя Вячкі» ды інш.
Старшыня саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч:
— Я не магу не падзякаваць вам асабіста за два марозныя адвячоркі, калі я васьмікласнікам набыў у Слуцку вашу кнігу — гістарычны раман “Меч князя Вячкі”. Я правёў на печы пад завеі гэтыя два вечары, пакуль яе не прачытаў.
Алесь Пашкевіч
Леанід Дайнека — аўтар каля дзесяці гістарычных раманаў. Па словах Алеся Пашкевіча, Міжнародная асацыяцыя пісьменнікаў-марыністаў і баталістаў прыняла рашэнне ўзнагародзіць Леаніда Дайнеку міжнароднай прэміяй імя Валянціна Пікуля за серыю гістарычных раманаў.
Сярод выступоўцаў прысутнічалі былыя калегі беларускага паэта — тыя , з кім давялося доўгі час працаваць поруч.
Пісьменнік, Уладзімір Дамашэвіч:
— Народу многа і гэта кажа аб тым, што Леанід Дайнека карыстаецца папулярнасцю у нашага чытача і нават, можна сказаць, у нашага народа.
Уладзімір Дамашэвіч
Павіншаваць юбіляра завіталі родныя пісьменніка. Вершы Леаніда Дайнекі чыталі ўнучкі Яна і Валерыя, унукі Леў і Міхаіл
Яна і Валерыя
Віншаванні ў гонар Леаніда Дайнекі гучалі ў метафарах і ў пажаданнях, у вершах, прозе, згадках і ўспамінах.
Сказаць шчырыя словы паэту і празаіку завіталі: Леанід-Дранько Майсюк і Мікола Купава, Уладзімір Дамашэвіч і Алесь Пашкевіч, Сяргей Законнікаў ды інш.
Сяргей Законнікаў
Пажаданнямі ў музыцы ды песнях свае віншаванні выказалі Таццяна Беланогая і Алесь Камоцкі, Кастусь Герашчанка ды інш.
Таццяна Беланогая
Таццяна Беланогая:
— Маладым патрэбныя настаўнікі, дзякуй, што вы — настаўнік для маладых паэтаў.
“Стары Ольса”
Вечарына скончылася фолькавай аўтэнтыкай ад гурта “Стары Ольса”, які падвёў рысу пад круглым юбілеем беларускага паэта і празаіка гучным акордам сярэднявечнай эстэтыкі.
Чытачоў, сяброў ды знаёмых Леаніда Дайнекі сабралося багата, таму даводзілася размяшчацца ў праходах між крэсламі, бо месцаў для ўсіх не хапала.
Наведвальнікі
Вечарына-юбілей ладзілася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Здымкі аўтара.
На першым здымку: міністар культуры Беларусі Павел Латушка віншуе Леаніда Дайнеку (Здымак Анатоля Мяльгуя)