5 снежня ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Віцебску прайшлі дзве прэзентацыі інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” і кнігі “Дрэва Энталіпт” з серыі “Пункт адліку” (“Кнігарня пісьменніка” ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”). Прэзентацыі правялі аўтарка кнігі Анка Упала і перакладчыцы Алеся Башарымава і Ганна Янкута.
Першы выступ прайшоў у СШ №29, дзе выступоўцы расказалі вучням 6 і 7 класаў пра тое, дзе можна знайсці цікавую замежную літаратуру па-беларуску, а таксама праверылі, ці шмат дзеці ведаюць беларускіх пісьменнікаў. Выявілася, што ведаюць нямала, і пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” — паштоўкі і дыскі з анімацыйным фільмам пра гісторыю Беларусі. Алеся Башарымава расказала пра шведскія казкі і прачытала свой пераклад гісторыі пра Масу-абібока, якая выйшла ў нумары “Дарослым уваход забаронены” часопіса “ПрайдзіСвет”. Настаўнікаў шведская мова зацікавіла, і яны спыталі ў Алесі, дзе яе можна вывучыць. Таксама вучням прапанавалася адгадаць, у якой краіне, апроч Швецыі, шведская мова дзяржаўная. Той, хто даў правільны адказ, атрымаў у падарунак торбу “Будзьма”.
Анка Упала расказала пра сваю кнігу і прачытала два творы — “Курукіца” і “Панядзелак пачынаецца пасля пятніцы”, патлумачыўшы, як складана напісаць гісторыю, дзе ўсе словы пачынаюцца на адну літару. Вучні паспрабавалі адгадаць, якая літара найбольш падыходзіць для гэтых мэтаў, і потым сачылі за тым, каб Анка Упала не выкарыстала выпадкова хаця б адно слова, што пачынаецца з іншай літары.
Ганна Янкута прачытала пераклад казкі Тона Тэлегена, а таксама некалькі дзіцячых вершаў з ангельскай і польскай літаратураў. Пасля вучні і настаўнікі мелі магчымасць задаць выступоўцам пытанні. Гледачоў зацікавіла, як літаратары пачалі размаўляць па-беларуску і ці размаўляюць на гэтай мове ў паўсядзённым жыцці, спыталі яны і пра тое, як Анка Упала прыдумала свой псеўданім. Настаўнікі пажадалі “ПрайдзіСвету” як мага хутчэй выдаць кнігу казак, што чыталіся на сустрэчы, і таксама прывезці яе ў Віцебск на прэзентацыю.
Другая сустрэча, якая прайшла ўжо ў больш нефармальнай абстаноўцы, прайшла на арт-базе культурніцкай супольнасці vitebsk4.me. Перакладчыкі больш падрабязна расказалі пра сайт “ПрайдзіСвета” і запрасілі гледачоў на яго электронныя старонкі, а таксама пазнаёмілі з перакладамі шведскага паэта Дана Андэрсана, класіка ангельскай літаратуры Чарлза Дыкенса (якому ў гэтым годзе спаўняецца 200 гадоў) і шатландскага паэта Роберта Бэрнса. Анка Упала прачытала некалькі сваіх твораў, у тым ліку з цыклу “Укласікі”, і прэзентавала пераклад “Прамовы Мялешкі” на трасянку. Сярод гледачоў былі таксама разыграныя прызы ад “Будзьмы”: у першым конкурсе ўдзельнікам трэба было назваць як мага больш сучасных беларускіх пісьменнікаў, у другім жа прапанавалася адказаць на некалькі пытанняў пра гісторыю Беларусі.