Дзве творчыя сустрэчы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правялі 2 снежня ў Крупскім раёне паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк: у СШ імя Максіма Багдановіча мястэчка Халопенічы і Слабадской СШ.
“На выступленне ў Халопенічы мы ехалі з вялікім хваляваннем, бо гэта радзіма бацькі генія нацыянальнай паэзіі Максіма Багдановіча. Спачатку мы ўсклалі кветкі да помніка Адаму Ягоравічу Багдановічу, які ўсталяваны ў самым цэнтры мястэчка непадалёк ад школы, што носіць імя Максіма Багдановіча. Перад пачаткам выступлення нас чакала вучнёўская экскурсія па школьным музеі, дзе мы пачулі змястоўны аповед пра галоўныя славутыя месцы Халопенічаў і іх самага знакамітага ўраджэнца — Адама Ягоравіча Багдановіча. Гэта задало ўзнёсла-святочны настрой усёй сустрэчы, якая прайшла на адным паэтычным дыханні.
У Слабадской СШ “урок Максіма Багдановіча” прайшоў не менш цікава і займальна, тым больш што жывых пісьменнікаў у гэтай навучальнай установе наогул ніколі не бачылі. Вось чаму было шмат пытанняў як ад вучняў, так і ад настаўнікаў і дамоўленасць аб далейшым творчым супрацоўніцтве. Падчас сустрэч былі праведзены міні-прэзентацыі 5 нумара літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень” з матэрыяламі, прысвечанымі 120-годдзю Максіма Багдановіча”, — паведамілі выступоўцы.