Усвядомленых гараджан, а не проста жыхароў Магілёва, 5 снежня вітаў Аляксандр Агееў, вядучы афлайнавага ток-шоу кампаніі “Будзьма беларусамі!” на тэму “Вяртанне культурна-гістарычнай спадчыны ў Рэспубліку Беларусь: удзел грамадскасці”. Натхніў на грунтоўную размову, задаў настрой і стаўся сапраўдным сюрпрызам для публікі выступ Алеся Камоцкага. Хоць і “свет паступова атуляе зіма”, размова ў гэты вечар атрымалася сапраўды гарачая.
Экспертамі выступілі: Ігар Пушкін — вядомы магілёўскі гісторык, лаўрэат прэміі “Дасягненне” Магілеўскага гарвыканкама ў намінацыі “Навука” за 2003 г.; Аляксей Бацюкоў — дырэктар музея гісторыі горада Магілёва, адзін з тых, каму мы мусім быць удзячныя за вяртанне ў Беларусь Статута ВКЛ 1588 г.; Аляксандр Ліцін — фотамастак, які “калісьці пачаў пошук выяваў Магілёва, а цяпер ужо не можа спыніцца”, і Андрэй Радкоў — студэнт БДУ, які 13-гадовым хлопчыкам упершыню ўдзельнічаў у археалагічных раскопках пад кіраўніцтвам Валянціна Навумавіча Рабцэвіча і знайшоў сябе ў гісторыі і справе пошуку беларускіх гістарычна-культурных каштоўнасцяў, ініцыятар вяртання Статута ў Беларусь. Сярод удзельнікаў сустрэчы было шмат іншых вядомых магілёўцаў, якія актыўна ўключыліся ў абмеркаванне. Раскіданасць беларускіх гістарычна-культурных каштоўнасцяў сталася вынікам усіх магчымых акупацыйных уладаў ды частых ваенных ліхалеццяў. Эксперт Аляксей Бацюкоў звярнуў увагу на тое, што не толькі гады Другой сусветнай, але і часы грамадзянскай вайны пазбавілі нас вялікай колькасці артэфактаў, вывезеных сем’ямі-эмігрантамі. У сувязі з гэтым Ігар Пушкін падкрэсліў неабходнасць размежавання паняткаў — дзяржаўныя каштоўнасці, вывезеныя, напрыклад, з магілёўскага Гісторыка-археалагічнага музея, і прыватныя калекцыі заможных сем’яў, канфіскаваныя ў савецкія часы. Падчас вяртання апошніх паўстае важнае пытанне: калі вяртаць, то каму? Ці маюць права дзяржаўныя музеі прэтэндаваць на гэтыя артэфакты, калі ёсць нашчадкі сем’яў, якія былі іх уладальнікамі? Пра неверагодныя магчымасці інтэрнэту ў справе пошуку каштоўнасцяў расказалі Андрэй Радкоў і Аляксандр Ліцін. Спадар Ліцін таксама падкрэсліў сваё бачанне праблемы вяртання фотаздымкаў: “На маю думку, што да фота, калі ты не калекцыянер, то важная сама выява. Нават калі не адбываецца вяртанне ўласна фотаздымка, а толькі выявы — гэта ўжо вяртанне гістарычна-культарнай каштоўнасці”. Таксама спадар Ліцін завочна прадставіў публіцы Алега Давіда Лісоўскага — магілёўца, які пасля пераезду ў Нямеччыну пачаў цікавіцца беларушчынай яшчэ больш, чым на Радзіме, і цяпер займаецца пошукам і вяртаннем гістарычна-культурных каштоўнасцяў у Магілёў і агулам у Беларусь. Спадар Лісоўскі стаў сапраўдным віртуальным героем магілёўскага ток-шоу. Публіцы былі прадстаўленыя сайты з фатаздымкамі, гравюрамі, планамі, перакладамі з гістарычных кніг і газет на тэму гісторыі Магілёва і нават ЗD-рэканструкцыямі гістарычных будынкаў Магілёва, якія стварыў ён сам. “Столькі інфармацыі пра Магілёў у адным месцы больш нідзе у інтэрнэце не знойдзеш!” — падкрэсліў Аляксандр Ліцін. Аляксей Бацюкоў расказаў, што ўжо цяпер Музей гісторыі Магілёва разам са спадаром Лісоўскім рыхтуе выставу фатаздымкаў, і зачытаў ліст Алега Давіда, што акрэсліў асноўныя праблемы, з якімі той сутыкнуўся падчас сваёй дзейнасці: “Па-першае, невялікая цікавасць з боку беларускіх установаў. Па-другое, адсутнасць фінансавання. Без грошай вяртанне каштоўнасцяў страчвае сэнс. Большая частка з іх знаходзіцца ў прыватных калекцыях ці дзяржаўных музеях. Таму, каб атрымаць арыгінал ці хаця б копію, трэба плаціць грошы. У гэтым, дарэчы, няма нічога дрэннага. Добра, што ёсць хаця б такая магчымасць, бо хто ведае, колькі яшчэ артэфактаў схавана ў калекцыянеэраў, што не збіраюцца дзяліцца сваім багаццем. Канечне, было б добра, каб каштоўнасці вярталі бясплатна, аднак трэба быць рэалістамі. У наш час гэта хутчэй выключэнне з правіла. Па-трэцяе, складанасці ў перадачы артэфактаў у Беларусь. Мытныя і іншыя праблемы, якія могуць сустрэць артэфакт на шляху да музеяў і навукоўцаў, робяць часам дадатковыя бар’еры для вяртання каштоўнасцяў і павышаюць выдаткі на гэтае вяртанне”. “Я мару вярнуць у Беларусь павагу да нашай гісторыі, да нашага мінулага. Гэта, на жаль, тая каштоўнасць, якой цяпер не хапае краіне больш за ўсё”, — падсумоўвае свой ліст Алег Давід Лісоўскі. У працяг тэмы Ігар Пушкін адзначыў неабходнасць грунтоўнай асветніцкай працы з людзьмі для ўсведамлення, якой агромністай гістарычна-культурнай спадчынай валодае Беларусь. Тады прыватнае калекцыянаванне беларускіх каштоўнасцяў і вяртанне іх на Радзіму стане справай прэстыжу для заможных беларусаў. Аляксей Бацюкоў прыгадаў: “Калі я вяртаў Статут, то адчуваў сябе перш за ўсё грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, а ўжо потым — дырэктарам музея”. Уступіўшы ў дыскусію, Валадар Цурпанаў закрануў балючае і вечнае пытанне “Хто будзе працаваць з людзьмі?” і важнасць існавання грамадзянскай супольнасці для вырашэння гэтых задач: “У Беларусі грамадзяне ёсць, супольнасці няма”. Прадстаўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімір Краўчанка звярнуў увагу на знішчэнне архітэктурных помнікаў у рэгіёне, а кіраўнік магілёўскага Геаграфічнага таварыства Ігар Шаруха падняў пытанне пра вяртанне імёнаў знакамітых асобаў Беларусі, вывучэнне тапонімаў і расказаў пра гатовы трохтомны “Геаграфічны статыстычны слоўнік”, прэзентацыя якога запланаваная ў Магілёве на канец снежня. Эксперты падзяліліся сваімі марамі пра вяртанне крыжа Ефрасінні Полацкай і пошук выяваў дарэвалюцыйнага Магілёва. У выніку афлайнавае ток-шоу стала пляцоўкай кожнаму і дазволіла выказацца аб набалелым, паспрачацца і пачаць прапаноўваць ідэі для “Кірмашу праектаў” — наступнага мерапрыемства ГКК “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — паляпшэнне культурніцкага жыцця горада і рэгіёна. “Кірмаш праектаў” плануецца правесці ў Магілёве 14 студзеня 2014 года.