У Віцебску скочана праца над самым вялікім стрыт-арт малюнкам ад маладога мастака Максіма Самасевіча. Працэс стварэння доўжыўся амаль 2 месяцы і не абыйшоўся без складанасцей. “Галоўная праблема – наяўнасць аўтавышкі, якую было вельмі цяжка знайсці вольнай”, – адзначае мастак. “Гэта расцягнула час працы, фактычна амаль месяц малюнак быў незакончаным”. Але на пачатку кастрычніка супрацоўнікі ЖРЭТа верагодна зацікавіліся, як жа будзе малюнак выглядаць у сваім канчатковым выглядзе, і далі ў дапамогу мастаку аўтавышку. Пасля гэтага малюнак быў завершаны амаль за 3 дні.Адразу ад пачатку працы малюнак стаў цэнтрам увагі гараджан: маладыя фатаграфуюцца на яго фоне падчас вяселля, радуюцца пераменам супрацоўнікі мясцовай бальніцы, што знаходзіцца зусім побач. Давялося нават папрысутнічаць пры спрэчцы двух выкладчыкаў мастацкага каледжу над зместам малюнка, яго сімовлікай і пачуць, што ў Віцебск вяртаюцца часы Марка Шагала.
Сапраўды , з часоў Шагала, такіх маштабных малюнкаў у цэнтры Віцебска не было. У планах маладога творцы ўжо ёсць некалькі маштабных праектаў для віцебскіх сценаў, таму вельмі хутка Віцебск зможа атрымаць новыя малюнкі!
Стварэнне працы адбылося ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» супольна з камандай часопіса Signal, рэкламнай агенцыяй «Эдхаўз», супольнасцю Vitebsk4Me і «многімі іншымі добрымі людзьмі».
Уладзімeр Булаўскі, фота – Дзіма Лось