У суботу 3 лістапада ў барысаўскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі пасля вечаровай імшы адбылася вечарына памяці двух выбітных беларускіх грамадcка-культурных і рэлігійных дзеячоў, айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. У вечарыне, якая праводзілася ў межах культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», узялі ўдзел гісторык Алесь Пашкевіч і бард-спявачка, паэтка, арганістка мінскага Чырвонага касцёла Марыя Новікава. Вёў сустрэчу каталіцкі святар айцец Вячаслаў Пялінак.
Гісторык Алесь Пашкевіч распавёў парафіянам пра жыццё і дзейнасць на карысць Бога і Бацькаўшчыны айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. Спадар Алесь быў рэдактарам збору гістарычных, аналітычных, публіцыстычных і рэлігійных твораў айца Адама Станкевіча «З Богам да Беларусі», які выйшаў у 2008-м годзе, а таксама з яго ўдзелам падрыхтаваны да друку аналагічны збор пісьмовай спадчыны айца Вінцэнта Гадлеўскага.
Паэтка, музыка і бард Марыя Новікава прэзэнтавала сваю паэтычна-музычную нізку твораў «Дзяды», якая была вельмі прыхільна сустрэтая слухачамі. А яе бардаўскі спеў «Размаўляй са мной па-беларуску» барысаўскія вернікі сустрэлі гучнымі воплескамі.
Напрыканцы вечарыны была праведзеная віктарына па пытаннях паводле жыццёвага шляху айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага і разыграныя прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі!». Парафіяне шчыра дзякавалі ўсім удзельнікам і арганізатарам вечарыны, а прысутныя вернікі іншых парафіяў запрашалі зладзіць падобныя імпрэзы на сваіх парафіях.
У 2012 годзе споўнілася 120 год з дня нараджэння грамадска-культурнага рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка, выдаўца, ксяндза Адама Станкевіча (6.01.1892 – 29.11.1949). Таксама напрыканцы гэтага году споўніцца 70 год з дня смерці іншага беларускага грамадскага дзеяча, перакладчыка Новага Запавету на беларускую мову, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (16.11.1888 – 24.12.1942).