Двума сустрэчамі ў лагеры адпачынку “Дружба” 17 жніўня закончылі свой летні літсезон Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк.
У лагеры “Дружба”, што месціцца ў п. Энергетык Дзяржынскага раёна, гэтым летам мы выступалі двойчы. Жнівеньская сустрэча адметная тым, што яна супала з міжнароднай зменай. Разам з беларускімі школьнікамі ў лагеры “Дружба” адпачываюць дзеці з горада Ціхвін Ленінградскай вобласці.
А яшчэ 17 жніўня тут ладзіўся Дзень беларускай мовы, таму наша выступленне прыйшлося як мага дарэчы. Праўда, спачатку нам прыйшлося патлумачыць для расійскіх школьнікаў, што правядзенне такіх “беларускіх” днёў на Беларусі – жыццёвая неабходнасць. На жаль, беларуская мова, як асноўны нацыянальны сімвал, паступова знікае са штодзённага ўжытку. Таму галоўная задача такіх акцый, нагадаць самім сабе, што мы, беларусы, ёсць і будзем… На гэта ж скіравана і дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і прайшлі згаданыя сустрэчы”, — паведаміў Эдуард Акулін.
