Святая праўда пра літаратурную вечарыну ў Віцебску

18

19 лютага ў  Віцебску ў межах кампаніі  “Будзьма беларусамі!” адбылася літаратурная імпрэза “два ў адным”: прэзентаваліся літаратурны нумар часопіса ARCHE і кніга “Святая праўда ды іншыя казкі” – зборнік маладых літаратараў, якія ў 2009 годзе сталі фіналістамі ПЭН-цэнтраўскага конкурсу імя Карласа Шэрмана. Удзел бралі “шэрманаўцы” Віталь Быль, Кацярына Закава, Алена Пятровіч, Віталь Рыжкоў, “архісты” Віктар Марціновіч, Арцём Арашонак, Павал Касцюкевіч, Андрэй Хадановіч. Хадановіч таксама прадстаўляў публіцы маладых літаратараў. Прадстаўленнем часопіса ARCHE займалася рэдактарка літаратурнага нумару Марыя Мартысевіч. 

Імпрэза адбывалася ў гасціннай залі Віцебскай духоўнай вучэльні. Заля адразу спадабалася  пісьменнікам і перакладчыкам сваёй выдатнай акустыкай. Месца было ўрачыстае: самае сэрца Віцебска – пры сценах агромністага Успенскага сабору, што аднаўляецца на стромым беразе Дзвіны. Побач з заляй, у храме Кірыла і Мяфодзія, ішла вечаровая літургія… Здорава, што кіраўніцтва вучэльні дастаткова дэмакратычнае, каб прымаць у сваіх сценах і свецкія культурныя мерапрыемствы. “Хостынгам” і рэкламай імпрэзы займаліся Віталь Броўка і яго каманда. Дзякуючы іх шчыраванням прасторная заля была запоўненая гледачамі амаль цалкам. Вечарына праходзіла ў рамках Тыдня роднай мовы ў Віцебску.

Выступ маладых літаратараў можна было палічыць традыцыйным у параўнанні з “другой часткай Мерлезонскага балета”.

27

Гучалі вершы і пераклады польскай ды амерыканскай літаратуры на беларускую мову.

Удзельнікі:

Віталь Быль: “О Жыгімонт, ты – рэнесансны эма!”

byl

Кацярына Зыкава: «Огосподичтояздесьделаю????»

zykava

Віцебчанка Алена  Пятровіч чытае ўрывак з перакладзенай  ёй польскай дзіцячай аповесці Яна  Бжэхвы “Акадэмія доктара Клякса”:

piatrovich

Віталь Рыжкоў: “Ніколі не ведаеш, што цябе напаткае: прыгажосць, каханне, лось”.

ryzhkou

Андрэй Хадановіч  заахвочваў гледачоў задаваць пытанні  выступоўцам, скарыстоўваючы для гэтага рэкламкі інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”

xadan1

Мяркуючы па тым, што пытанняў было зададзена  няшмат, большасць палічыла за правільнае знесці з сабой дадому запаветны адрас.

Прэзентацыя ARCHE прайшла ў крыху кантрастным ключы. Марыя Мартысевіч, расказаўшы пра тое, “як вярстаўся нумар”, заявіла, што апошнім часам яе надзвычай натхняе тэлевізар – а менавіта амерыканскія ток-шоў. Менавіта ў фармаце такога шоў яна і праводзіла вечарыну. Удзельнікі “шоў” атрымлівалі абдымкі і цалункі ад аўтаркі і значкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” “У студыю” па чарзе зайшлі:

* пісьменнік-дэбютант Віктар Марціновіч

marcinovich

Урывак з яго  раману “Параноя” ў перакладзе на беларускую быў надрукаваны ў ARCHE. Падчас імпрэзы Віктар размаўляў па-беларуску, заявіў, што лічыць сябе беларускім пісьменнікам і прызнаўся публіцы, што ўжо зрабіў першыя спробы пісаць беларускія тэксты, сарваўшы гэтым прызнаннем энэргічныя воплескі ў адным з кутоў залі. Падкрэсліўшы, што адбываецца першая прэзентацыя раману на радзіме, Марціновіч прачытаў па-беларуску кавалачак тэксту ў перакладзе Уладзіміра Лянкевіча. Цікава, што размаўляе па-беларуску Марціновіч свабодна, а вось чытае ён чамусьці з літоўскім акцэнтам.

Марыя Мартысевіч (зачытаўшы верш Арлова “Калі каго-небудзь баішся, уяві яго без майткоў”): “Віктар, каго вы баіцеся?”

37

* паэт і  перакладчык Арцём Арашонак

“Марыя, значак вешайце, толькі не адбымайце: я ж тут з дзяўчынай!” – “Спакойна, Арцём, гэта ж шоў!”

54

Віцебчанін Арашонак палічыў за найлепшае быць лаканічным, саступіўшы “эфірны час” гасцям з іншых гарадоў. У “літаратурным” ARCHE ён фігуруе як перакладчык расійска-чувашскага паэта Генадзя Айгі: “Пераклад паэмы “Паклон – Спеву” мы з маім таварышам Дзмітрыем Дзмітрыевым рабілі блізу шасці гадоў. У гэтым тэксце мяне прывабіла душа. Я люблю Усход, хоць перакладаю яго праз заходні кантэкст”.

* пісьменнік  і перакладчык Павал Касцюкевіч:

44

працягнуў прэзентацыю перакладной часткі нумару аповедам пра перакладзенага з іўрыту Узі Вайля. “Калі я працаваў начным ахоўнікам на адным ізраільскім тэлеканале, я аднойчы пабачыў у студыі Узі Вайля. Ён – пісьменнік – быў для мяне богам. Я хацеў падысці да яго, але мяне апярэдзіла нейкая важная дама з радыёмікрафонам ля вуха. Я думаў, яна папросіць аўтограф, зробіць яму кавы, а яна закрычала: “Узі, дзе сцэнар?!!” Раней мы, літаратары, вяшчалі з трыбунаў, а цяпер, бачыце, паставілі крэслы бліжэй да вас, апусціліся на зямлю. І гэта здорава”. Пасля, прызнаўшыся, што ён “купіў эфір”, Павал з фурорам прачытаў сваё ўласнае апавяданне “Сэрца танка” з кнігі “Душпастырскія спатканні для дачнікаў”: “Як у перапёёёлкі забалелі жабры…”, – звонка выводзіў празаік.

* Андрэй  Хадановіч скончыў прэзентацыю літнумару чытаннем уласных вершаў, якія ўвайшлі ў яго новую кнігу “Несіметрычныя сны”.

Што б гэта ні было – шоў ці не-шоў, – мяркуючы па эмоцыях, яно ўдалося на славу. Перад вяртаннем у Мінск літаратары здзейснілі шпацыр па вечаровым Віцебску разам з віцебскімі калегамі і гледачамі.

Яшчэ здымкі:

Рознаўзроставая кампанія гледачоў:

64

73

Віталь Броўка гандлюе лоўка:

82

Фота – Марыя  Мартысевіч і Віталь Рыжкоў
На першым фота – літаратары абмяркоўваюць  парадак выступу.

Тэгі: