Майстар-класы найлепшых беларускіх журналістаў, фотавыстава, разнастайныя прэзентацыі, захапляльная культурная праграма, сустрэчы з цікавымі людзьмі – усё гэта чакае ўдзельнікаў Другога фестывалю моладзевай журналістыкі «Твой стыль», які пройдзе ў Гародні на працягу 21–23 траўня.
Арганізатарамі фестывалю «Твой стыль» з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні «Цэнтр «Трэці сектар» (Гародня) і «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (Мінск).
Пабываць на Рэспубліканскім фестывалі «Твой стыль» – гэта як апынуцца на кухні 5‑зоркавага рэстарана і пабачыць на свае вочы найлепшых шэф-кухараў. Але самае галоўнае – навучыцца ў іх майстэрству, а можа, нават сумесна прыгатаваць новую страву.
Праграма фестывалю сапраўды велізарная, тут можна будзе не толькі сустрэцца з найлепшымі прадстаўнікамі беларускай журналістыкі, але і павучыцца ў іх.
Майстар-класы на фестывалі будуць самыя разнастайныя: тут і майстэрства падрыхтоўкі навінаў, і фотажурналістыка, і асвятленне міжнародных падзеяў, і тэлевізійны рэпартаж, і многае іншае. Напрыклад, удзельнікі майстар-класа па інтэрв’ю даведаюцца, хто галоўны падчас інтэрв’ю, што яднае журналіста і драматурга, калі пытанні «выстрэльваюць», як вызначыць мэту інтэрв’ю і абмежаваць яго па тэме і часе, якія памылкі інтэрв’юераў самыя распаўсюджаныя, прыдбаюць пытанні, прыдатныя падчас любога інтэрв’ю. Удзельнікі, зацікаўленыя інфармацыйна-пошукавай дзейнасцю журналістаў, атрымаюць уяўленне пра паняцце і сутнасць інфармацыі, яе асноўныя характарыстыкі, абмяркуюць крытэры ацэнкі навінаў і метады збору інфармацыі, а таксама асаблівасці прафесійнага пошуку крыніц інфармацыі.
Лана Руднік – мэнэджэр праграм ГА «Цэнтр «Трэці сектар», старшыня аргкамітэта па арганізацыі Другога фестывалю моладзевай журналістыкі «Твой стыль»:
«Ідэя зрабіць фестываль такога напрамку і такога маштабу нарадзілася вельмі даўно, а вось увасобіць яе паспрабавалі ўпершыню ў 2007 годзе. У гэтым фестывалі пастаўлена даволі шмат задач: пазнаёміцца з новымі тэхналогіямі, павучыцца на практыцы ад прафесійных журналістаў. Але на фестывалі можна будзе не толькі падвысіць свой журналісцкі ўзровень, але і пабачыць розныя творчыя моманты.
Галоўнае, каб другі фестываль адбыўся з усімі запланаванымі мерапрыемствамі і з большай колькасцю наведвальнікаў, чым першы.
Адным з партнёраў нашага фестывалю з’яўляецца кампанія «Будзьма беларусамі!». Добра, што ёсць такая кампанія, каштоўнасці якой адпавядаюць тваім уласным».
У межах фестывалю адбудзецца таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых журналістаў. Рэспубліканскі конкурс адбываецца ў некалькіх намінацыях: найлепшы фотаздымак, найлепшы рэпартаж альбо артыкул, прысвечаны жыццю моладзі, найлепшае інтэрв’ю. Апроч таго, ганаровыя ўзнагароды атрымаюць аўтары найлепшых матэрыялаў, прысвечаных асвятленню экалагічнай, а таксама гістарычна-краязнаўчай тэматыкі. Дарэчы, пераможцы конкурсу ў апошняй намінацыі атрымаюць прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Аліна Суравец, намесніца старшыні БАЖу:
«Ідэя фестывалю і конкурсу для маладых журналістаў вельмі слушная. Яна сапраўды аб’ядноўвае моладзь. Конкурс – гэта спаборніцтва, зацікаўленасць у падвышэнні ўзроўню. Калі не паказваць разнастайнасць бакоў журналістыкі, то незразумелая сама журналістыка. Пасля такога конкурсу ў моладзі абавязкова павялічыцца зацікаўленасць у прафесійным росце ў беларускіх СМІ».
Зарэгістравацца для ўдзелу ў фестывалі яшчэ можна ТУТ.
Фестываль ладзіцца пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!».