
15 жніўня 2010 адбылася чарговая краязнаўчая вандроўка, зладжаная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гістрыі і культуры ў межах агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» па найцікавейшых мясцінах нашай Бацькаўшчыны.
Нездарма падарожжа атрымала назву «Дняпроўска-сожскае міжрэчча», бо асноўны маршрут пралягаў менавіта паміж гэтымі вялікімі беларускімі рэкамі ў іх сярэдняй плыні, колькі дзесяткаў кіламетраў на поўдзень ад Магілёва — сапраўднай сталіцы Беларускага Падняпроўя.

Падчас вандроўкі былі наведаныя сівыя Рагачоў і Прапойск (сучасны Слаўгарад), дняпроўская цвярдыня Быхаў, былое гандлёвае мястэчка Доўск на скрыжаванні дзвюх дарог, якія за часамі Расійскай імперыі сталі галоўнымі магістральнымі шляхамі з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень, найпрыгажэйшы сядзібна-паркавы комплекс у Грудзінаўцы і нават мемарыял, узведзены ў гонар 200-годдзя бітвы пад Лясной.
Удзельнікі вандроўкі, а іх было аж 54 чалавекі, не спалохаліся гарачыні ў 37 градусаў і мужна, як самыя сапраўдныя беларусы, пераносілі ўсе нязручнасці субтрапічнага надвор’я, каб дакрануцца да сваіх каранёў праз вывучэнне гістарычна-культурнай спадчыны. Засмуціла толькі нядбайнасць і негаспадарлівасць мясцовых уладаў у дачыненні да нашых скарбаў, што асабліва было бачна на прыкладзе Быхаўскага замку, ды і некаторых іншых помнікаў.
Мы былі разам, і гэта нам дапамагло праехаць амаль 700 кіламетраў дзеля знаёмства з помнікамі. Дык будзьма разам і надалей, каб быць сапраўднымі беларусамі.