Выступ паэтэсы Веры Буланда ў аздараўленчым лагеры “Зорны” 14 ліпеня (перад атрадамі №3, 4, 5) і 17 ліпеня (перад атрадамі № 1, 2, 6, 7), у санаторыі “Сасновы бор” 21 ліпеня 2013 г.
Беларуская паэтэса Вера Буланда на гэты раз выступала перад сваімі слухачамі не адна, а са студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта, удзельніцай студэнцкага этнаграфічнага таварыства Марынай Пятровай. Выступы іх адбыліся ў аздараўленчым лагеры “Зорны” 14 ліпеня (перад атрадамі №3, 4, 5) і 17 ліпеня (перад атрадамі № 1, 2, 6, 7), у санаторыі “Сасновы бор” 21 ліпеня 2013 г.
Радкам верша Веры Буланда “З лугоў я, з каласкоў пшанічных, з азёраў сініх ільняных, я – з песень ад душы лірычных дзядоў і прадзедаў маіх” смела адпавядалі беларускія народныя песні, сабраныя на Гомельшчыне, Магілёўшчыне і ў другіх рэгіёнах нашага песеннага краю. Марына Пятрова выканала купальскія песні “Медуніца”, “У цёмным лесе гаманіна”, усім слухачам вельмі прыйшлася даспадобы беларуская народная песня-балада “Ці чулі навіну”, а пасля выканання песні “Выганяй, маці, каваля з хаты” ў санаторыі “Сасновы бор”, напрыклад, не вытрымалі адпачываючыя, каб не заспяваць хоць адну, добра імі вядомую і любімую мелодыю. Усе былі ўсцешаны яшчэ і тым, што спадарыня з Санкт-Пецярбурга пахвалілася мужам сваім, які навучыў яе беларускім песням і яна папрасіла паслухаць яе. Задаваліся пытанні не толькі паэтэсе, але і спявачцы з прыгожым народным голасам Марыне Пятровай. Цікавіліся і дзеці, і дарослыя, як пішуцца вершы, калі звычайна прыходзіць натхненне, як даўно спявае Марына, чаму абралі ў сваім жыцці беларускую мову, ці штодзённа родная мова гучыць з вуснаў паэтэсы і спявачкі?
На развітанне Вера Буланда прачытала свой адзін з апошніх вершаў, які ўзнік пад уплывам фразы, кінутай некалі славутым Моцартам: “Пакуль вы будзеце любіць мяне, я да вас вярнуся”
Пакуль вы будзецу любіць,
Ад шчасця я не адракуся,
Бо як без вас на свеце жыць,
Вы пачакайце, я вярнуся.
І спявачкам, і актыўным удзельнікам сустрэчы, а таксама Марыне Пятровай ад кампаніі “Будзьма беларусамі” былі ўручаны ў якасці падарункаў паштоўкі “Мы—адметныя”, дыскі з цікавосткамі “Будзьма беларусамі”, майкі і торбачкі.