калі б я жыла ў годзе 1908
я была б эмелін панхёрст і хадзіла б на дэманстрацыі
і мажліва знайшлі б у маіх грудзёх
нешта накшталт пухліны
жоўтай такой і з бронзы
і нейкі мужчына, разгарнуўшы назаўтра газету
падумаў бы
яна проста апынулася не ў той час
ды й не ў тым месцы
наіўна спадзяючыся перарадзілася б я ў соню
і днямі перапісвала б раманы свайго геніяльнага мужа
перастаўляючы месцамі словы для мілагучнасці
і словы б мяне любілі і шкадавалі і думалі
яна не ў тым месцы і не ў той час апынулася
нарадзіўшыся тут і цяпер
я апранаю спадніцу ці нагавіцы
часам — радасць
але збольшага — думку што
гэта не час і не месца
а той мужчына і тая газета, той журналіст і ягоны рэдактар
шкадаванне, словы, пухліны, раманы і геніі
і можа быць нават туга заціснуты корак
неяк ты запытаўся калі б мела два шанцы на выбар
дзе і кім нарадзіцца
што б я абрала
абрала б адказ каб табе спадабацца
здзівіць але што тут прыдумаць
мне адмоўлена ў выбары
магу распавесці праўду
быць селянінам кітайскім у стагоддзі дванаццатым
пасвіць жывёлу і думаць пра небяспеку
часам пра міску з лапшой гарачай
не тое што ты — нью-ёрк пачатак стагоддзя джаз
выбар гэта
не час і не месца
а нешта больш дробнае
кратнае майму існаванню
напрыклад — існаванне тваё
___________
Пра аўтара:
Вольга Гапеева — паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1982 у Менску (Беларусь). Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт і аспірантуру пры ім (кампаратыўная лінгвістыка). Мае ступень магістра па сацыялогіі (гендэрныя даследаванні, 2007, EHU-International, Літва). Аўтарка двух кніг паэзіі “Няголены ранак” (2008) і “Рэканструкцыя неба” (2003).