Яўген Бузоўскі: «Няхай добрая энэргія пойдзе на карысць»

Як спалучаць культуру і дабрачыннасць, чаму варта падаваць міласэрнасць пад рок-соўсам і з якой нагоды «здаровыя лосі» з «IQ-48» дапамагаюць дзецям, апавёў напярэдадні «Добрага фэсту» адзін з яго ініцыятараў – лідэр гурта Яўген Бузоўскі.

Аўген Бузоўскі (IQ48, Rahis) by Slaver. (с)

Яўген Бузоўскі

– Ідэя фэсту прыйшла да нас з мэнэджэрам гурта. Складана сказаць, чаму. Можа, таму, што ў мяне нарадзілася дачка. Мы падумалі: а можа, зрабіць нешта для дзяцей, нейкі дабрачынны канцэрт? Я ўзгадаў, што наша знаёмая працуе ў дабрачынным фондзе. Потым на прапанову адгукнулася кампанія «Будзьма беларусамі». Калі ў працэсе пачалі працаваць над канцэртам, Алена з фонду «Добра тут» паказвала фоты дзяцей. Адразу прыйшла думка: у цябе ёсць рукі-ногі, у дзіцяці твайго, дзякуй Богу, усё добра. Між тым, побач жывуць людзі, у якіх не тое што вайна ці дыктатура, а якія ўвогуле абмежаваныя ў натуральных і звыклых для нас здольнасцях. Пра гэта не думаеш, калі глядзіш сюжэт у навінах, калі непасрэдна цябе гэта не датычыць. Мы вырашылі чымсьці дапамагчы, як ні гучна гэта гучыць. Чым музыка можа дапамагчы? У нас рукі-ногі ёсць, таму будзем скакаць, спяваць, граць нешта. Можа, гэта не столькі грашовая дапамога, колькі мажлівасць у чарговы раз звярнуць увагу людзей, якія ходзяць на рок-канцэрты, да існавання пэўных праблемаў. Людзі вясяляцца, усё добра, і няхай гэтая добрая энэргія пойдзе камусьці на карысць. Мне падаецца, што калі рок-музыка будзе займацца толькі міласэрнасцю – гэта добра. Але не думаю, што нехта паверыць у шчырасць яго крокаў і не палічыць іх за піяр-акцыю. Я лічу, што неабходна спалучаць музыку і міласэрнасць. Напрыклад, падаваць дабрачыннасць праз музыку. У нас такія людзі: яны не пойдуць у банк і не будуць пералічваць грошы. Трэба, каб гэта падавалася пад нейкім соўсам. Да прыкладу, рок-музыка мусіць падаваць міласэрнасць пад рок-соўсам. Калі культуру, музыку, дабрачыннасць і міласэрнасць спалучаць, вынік будзе больш моцны, больш паспяховы. Што да міласэрнасці, то, на мой погляд, гэта, па-першае, павага да блізкіх людзей, да сяброў, да калегаў. Па-другое, можа, банальна, але гэта не адказваць брудам на бруд, бо кожны атрымае тое, чаго ён варты. Можа, з гэтага і пачынаецца міласэрнасць – з адсутнасці бруду, гвалту і хлусні. Насамрэч гэта ўсё простыя рэчы, якія ад кожнага залежаць і якія кожны здольны выконваць. Праз культуру і музыку можна шмат чаго давесці. Калі справу міласэрнасці і дабрачыннасці даводзіць сучаснай мовай, у нашым выпадку – мовай рок-музыкі, гэта гучыць не банальным лозунгам, а мае, на мой погляд, больш плённы вынік. Дабрачынны канцэрт пад назвай “Добры Фэст” адбудзецца ў клубе “Рэактар” у Мінску 22 красавіка. Клуб “Рэактар знаходзіцца па адрасе: вул. В. Харужай, 29. Кошт уваходу: 20000 (танцпляц загаддзя), 30000 (танцпляц у дзень канцерту), 40 000 (столік).