Творчая сустрэча са Змітром Вайцюшкевічам адбылася 21 лютага ў Верхнядзвінску. Ладзілася яна ў прыватным доме і сабрала людзей рознага веку з вельмі разнастайнымі творчымі густамі.
Па словах самога Змітра Вайцюшкевіча, на імпрэзе прысутнічалі і такія слухачы, якія ніколі раней не чулі ягонай творчасці. Тым не менш спявак упэўнены, што некаторыя з ягоных кампазіцыяў знайшлі водгук у вялікай часткі аўдыторыі. “Песня “Хрызантэмы” – песня дня ў Верхнядзвінску, – з усмешкай зазначыў ён. – Магчыма, гэтая кветка мае нейкае магічнае значэнне для беларускіх жанчын?”
На пытанне аб сваіх уражаннях ад выступаў у невялікіх гарадах Беларусі, Зміцер Вайцюшкевіч адзначыў: “Мне вельмі цікава ездзіць з выступамі па маленькіх правінцыйных гарадах краіны, бо такім чынам можна спазнаць саму Беларусь, чаму тыя ці іншыя рэчы адбываюцца менавіта такім чынам. Я заўважыў, што не зважаючы ні на што, беларусы застаюцца шчырымі, нават закрыўшыся ўласна створанымі шырмамі, не выяўляючы адкрыта сваіх пачуццяў. Кожны з іх мае свой лёс, і мне вельмі цікава сустракацца з такім вось непасрэдным жыццём, а не з фатаграфаванымі постацямі”.
Наступны канцэрт спевака адбудзецца 1 сакавіка ў Віцебску. Сачыце за абвесткамі на нашым сайце.
Фота з todar-vojt.livejournal.com
