У гэты дзень каталікі пачалі адзначаць Новы год 1 студзеня. Была заснаваная Віленская гімназія. Была створаная беларуская Акадэмія навук. Нарадзіліся Жыгімонт Стары, Яўхім Карскі, Станіслаў Багданкевіч…
1467: нарадзіўся Жыгімонт Стары, вялікі князь.
Жыгімонт Стары (1467-1548) – пяты сын Казіміра Ягайлавіча – 12 кастрычніка 1506 года быў абраны вялікім князем літоўскім, а 9 снежня таго ж года – каралём польскім. Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што задоўга да смерці хацеў перадаць свайму нашчадку вялікае княжанне. Жыгімонт вёў войны з Маскоўскіай дзяржавай ў 1507-1508, 1512-1522, 1534-1537. Жыгімонт Стары быў вядомы як надзвычай адукаваны манарх. Быў вельмі зычлівы да славутага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Пры Жыгімонце Старым шырока распаўсюдзілася рэфармацыя, якая спрыяла далейшаму ўздыму пісьменства і культуры, пашырэнню гуманістычных ідэяў.
1622: Папскай канцэлярыяй было прынята рашэнне лічыць пачаткам году 1 студзеня.
1831: уладамі Расейскай імперыі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 году ў Віцебскай і Магілёўскай губерніях.
1861: нарадзіўся Яўхім Карскі.
Карскі Яўхім (1861-1931), беларускі філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, палеограф, фалькларыст. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916), правадзейны сябра Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929). Вышэйшае дасягненне эўрапейскай славістыкі канца 19 – пачатку 20 ст. – праца «Беларусы» Яўхіма карскага (т. 1-3, 1903), названая энцыклапедыяй беларусазнаўства.
1904: нарадзіўся Мечыслаў Багаткевіч (1.1.1904 – 4.3.1942), каталіцкі рэлігійны дзеяч. Расстраляны гестапаўцамі, пазней беатыфікаваны.
1919: у Вільні была заснаваная беларуская гімназія.
Віленская беларуская гімназія — адна з першых беларускіх сярэдніх школ, якую 1.1.1919 арганізаваў Іван Луцкевіч. Рэгулярныя заняткі ў школе пачаліся 1.2.1919. Гімназія размяшчалася ў “Базыліянскіх мурах”, самым буйным беларускім асяродку ў Вільні. Школа працавала нягледзячы на перашкоды з боку польскіх і савецкіх уладаў, некалькі разоў меняна памяшканне, юрыдычны і адукацыйны статус. Дзейнічала да чэрвеня 1944 (1945?), закрытая савецкімі ўладамі. Віленская беларуская гімназія была адукацыйнай установай высокага ўзроўню, таму там апроч беларусаў, вучыліся і габрэі, і палякі, рускія і некалькі латышоў. Пераймальнікам традыцый Віленскай беларускай гімназіі з’яўляецца беларуская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны ў Вільне.
1919: у Смаленску была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.
Стварэнне савецкімі ўладамі ССРБ (пазьней — БССР) сталася крокам на адказ стварэнню 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі. Праз месяц саветы зліквідавалі ССРБ, але у 1920 годзе аднавілі — як буфэрную рэспубліку на мяжы з Польшчай. Фармальна да ўступлення ў СССР у 1922 годзе БССР была незалежнай дзяржавай, якая дэлегавала свае знешнепалітычныя, фінансавыя і вайсковыя паўнамоцтвы кіраўніцтву РСФСР. БССР праіснавала да 19 верасня 1991 году, калі назва незалежнай беларускай дзяржавы змянілася на назву Рэспубліка Беларусь.
1927: нарадзіўся Кастусь Рамановіч, удзельнік антысавецкага падпольнага Саюза вызвалення Беларусі ў Наваградку, вязень савецкіх канцлагераў. Жыве ў Пінску.
1929: у Менску была адкрытая Акадэмія Навук БССР.
1933: у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Родны край» (выдавалася да 1936) – органа Таварыства Беларускай Асьветы.
1937: нарадзіўся Станіслаў Багданкевіч, беларускі банкір, доктар эканамічных навук, прафэсар.
Станіслаў Багданкевіч нарадзіўся ў вёсцы Шапавалы Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, маскоўскі фінансава-эканамічны інстытут. Доктар эканамічных навук , прафэсар. У 1991 – 1995 – старшыня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га скліканьня, лідэр фракцыі “Грамадзянскае дзеяньне” (1995-1996). Член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яе старшыня (1995-2000), з 2000 г – ганаровы старшыня.
1938: нарадзілася Данута Бічэль-Загнетава, беларуская паэтка. Жыве ў Гародні.
1945: нарадзілася Вольга Іпатава, беларуская пісьменьніца. Жыве ў Менску.

1961: нарадзіўся Ігар Гермянчук, беларускі журналіст, выдавец, грамадзкі дзеяч. Друкаваўся пад псеўданімамі: Пятро Панкратовіч, Мікола Грынявіцкі. Паходзіць з вёскі Стракавічы Светлагорскага раёну Гомельскай вобласці, журналіст, удзельнік беларускага незалежніцкага руху, галоўны рэдактар газеты «Свабода» (1991-1999).
1983: ARPANET змяніла асноўны пратакол з NCP на TCP/IP, што і прывяло да ўзнікнення сучаснага Інтэрнэту.
1990: створаны Слонімскі Беларускі Драматычны Тэатар.