Каляндар. 30 верасня

29.09.2009 Каляндар

У Каталіцкай Царкве ўшаноўваецца св. Геранім Стрыдонскі, святар і доктар Касцёлу, апякун усіх перакладчыкаў. Гэты дзень лічыцца таксама сусветным днём перакладу.

pachobut

1728: Нарадзіўся Марцін Пачобут-Адляніцкі, астраном і асветнік, з 1764 г. – прафесар Віленскай акадэміі (пам. 20.2.1810).

1885: Трапіла ў Варшаўскую турму Марыя Багушэвіч, беларуская рэвалюцыянерка. Яна нарадзілася ў вёсцы Цапэрка каля Клецку, была чальцом партыі “Пралетарыят“, узначальвала дапаможную арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа. Пасля арышту кіраўнікоў партыі Манцэвіча і Разумейчыка Марыя стала на чале цэнтральнага камітэту “Пралетарыяту“. Пасля двух гадоў у Варшаўскай цытадэлі Марыю высылаюць у Сібір, дзе яна і памірае ў Краснаярскай перасыльнай турме.

veras_zoska

1892: Нарадзілася пісьменніца-мемуарыстка Зоська Верас. Яна пражыла доўгае жыццё, ведала многіх класікаў беларускай літаратуры і палітыкаў, пра што пакінула шмат успамінаў. Большую частку жыцця пражыла ў Вільні, у Панарскіх гарах. Дата нараджэння – 30 верасня – зашыфраваная ў псеўданіме Людвікі Сівіцкай – Зоська Верас. Зоська Верас займалася батанікай і пісала вершы для дзяцей.

gilevic

1931: Нарадзіўся Ніл Гілевіч, дзеяч беларускай культуры, пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў ТБМ


1934: Памёр Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, этнограф, эканаміст (нар. 14.6.1867).

1939: Памёр Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, беларускі паэт (нар. 22.3.1865).

1957: Памёр Баляслаў Брэжга – беларускі гуманітарый, навуковец і даследчык. Ён праводзіў археалагічныя раскопкі, вывучаў беларуска-латышскія ўзаемадачыненні, латгальскі дыялект, гісторыю паўстання Каліноўскага на Віцебшчыне.

1991: Прысудзілі званне Народнага паэта Беларусі Нілу Гілевічу. Як толькі гэта здарылася, спадар Гілевіч разразіўся артыкулам пра тое, што трэба “падвесці рысу“ і болей звання Народнага паэта не прысвойваць. Маўляў, паэты цяпер пайшлі слабаватыя і занадта іх шмат.

1992: Прысвоілі званне Народнага паэта Рыгору Барадуліну.

1992: Памёр Мікола Бірыла – мовазнаўца, які найболей зрабіў у справе вывучэння беларускай антрапаніміі – вытлумачэнні беларускіх імёнаў і прозвішчаў.