Археалагічны летнік пад Полацкам. Частка апошняя. Забавы, Грунвальд і нашэсце мамантаў

30.07.2010 У краіне

4_011

Экспедыцыя полацкага археалагічнага легіёна на чале з шэфам-археолагам Маратам Клімавым у складзе пяці чалавек выправілася з Полацка — на пошукі сядзібы невядомага феадала ў вёску Лучна. Акрамя рыдлёвак і глебы археолагі мелі адмысловыя забавы.

Праз дзень намётавы гарадок скаланаўся ад грукату ЗІЛаўскіх калёсаў. Усе класы ляснога грамадства збягаліся насустрач сюррэалістычнай вандроўнай краме — аўталаўцы.

4_01
Прыезд аўталаўкі

Тут набываліся аскепкі цывілізацыі: цукеркі, вафлі і —шчасце! — напалову расталае марозіва. Чарга па правізію выбудоўвалася згодна з сацыяльнай градацыяй. Першымі па пакупкі стаялі выкладчыкі, далей гандляру падміргвалі валанцёры і толькі за імі доўгай вяроўкай цягнуліся практыканты.

4_02
Чарга па правізію

Звонку дзейства нагадвала вялікі гарадскі кірмаш сярэднявечных часоў. Такі кірмаш пасаваў да грувасткай вопраткі будучага свята.

Злучаныя польска-літоўскія войскі пад камандаваннем караля Уладзіслава II Ягайлы збіраліся даць вялікі бой Тэўтонскаму ордэну. 15 ліпеня 1410 году супернікі сышліся на раўніне ў трыкутніку паміж сёламі Грунвальд, Таненберг і Людвігсдорф.
Археолагі падышлі да раўніны ля вёскі Лучна бліжэй да вечару, праз 600 гадоў. Перамога над тэўтонцамі ў 1410-м была значнай нагодай. Ужо ранкам 15 ліпеня над усімі намётавымі лагерамі вітаў няўмольны водар свята. Валанцёры БДУ рушылі далёка у лес рыхтаваць культурную праграму. Віцебскія практыканты чакалі Яго Вялікасці Пасвячэння. Па ПАЛаўскіх законах удзельнікі раскопак, якія пражылі ў лесе 10 дзён, мусілі пазнаць земляную стыхію праз таемны абрад і атрымаць ганаровы статус дэка — прайсці Пасвячэнне. Бліжэй да вечару распачалася карнавальная працэсія й грунвальдскія пасядзелкі.

4_03
Выступ на юбілеі Грунвальдскае бітвы

Імправізаванай сцэнай стаўся стары брызентавы намёт, нацягнуты на палкі. Сцэну апанаваў тэатр з пастаноўкай аб жыцці летніка, музычныя выступы, а таксама забаўляльныя конкурсы. Хлопцы апантана кідалі ўдалечыню вялізны пень, каб вызначыць наймагутнейшага войну.

4_04
Выступ на юбілеі Грунвальдскае бітвы

4_05
Конкурс на кіданне палена

Дзяўчаты гулялі ў рыцараў. Лясныя прыгажуні ўзлазілі на загрыўкі сваіх магутных коняў — хлапцоў — і нястрымна кідаліся ў няроўную бойку з балонікамі. Калі на палянцы пачаліся танцы, віцебскія практыканты рушылі пад барабанны бой спазнаваць радасці пасвячэння. Выкрыццё таямніцаў гэтага абраду цягне за сабой злавесныя наступствы, але можна з лёгкасцю канстатаваць, што агонь, зямля і архела робяць цуд і выклікаюць нястрымную хвалю эмоцыяў. «У нас было клёвае пасвячэнне, мы ніколі гэтага не забудзем», — зазначалі пасля віцебскія хлопцы і дзяўчаты.

4_06
Патаемнае пасвячэнне

Дні мераліся начнымі вогнішчамі і гітарамі, ранішнімі раскопамі і аўталаўкамі. Для большай музычнасці ў лес прыехала фартэпіяна.

4_07
Наладжванне фартэпіяна

Чэмпіянат па футболе не абмінуў лесу. Каля тэлевізара ў часы вырашальнага фіналу прыхільнікі дзвюх каманд ледзь не пабіліся. Здараліся і свае, лакальныя, чэмпіянаты па футболе і валейболе.

4_08
Лясны валейбол

Пры канцы змены на лагер напаў злашчасны мамант. На абарону паднялося элітнае войска паляўнічых. Мамант меў зялёнае цела, косткі з лазы і абаронцаў.

4_09
Мамант і яго ахоўнікі

Звер павінен быў схавацца за пяць хвілін і чакаць бойкі, але аказаўся з пужлівых. Заблукаўшы ў лясным гушчары, люты мамант стаіўся на гадзіну. Паляўнічы атрад абышоў усё наваколле, але звер не быў знойдзены. Калі сядала сонейка, стомлены, абшарпаны галлём і крапівай мамант вярнуўся ў лагер. Бойкі не было, усе выжылі.

4_012
Падрыхтоўка да палявання

Першая змена Лучнаўскай экспедыцыі блізілася да сканчэння. Макароны з тушанінай, грэчку і рыс з разынкамі мусілі змяніць паўфабрыкаты, мара аб лясной камуне, намётавым горадзе знікала разам з ваенным баркасам археолагаў, які перакінуў мяне на суседні бераг Дзвіны. Прасёлкавую дарогу ахінуў шызы туман, на шляху да трасы ўзвышаліся млыны й нібы пакрыўджаныя часам сялянскія домікі. Замест іх мроіліся сядзібы і феадалы ў бліскучых латах, сярэднявечныя войны і жбаны, пярсцёнкі і скарбы.

на першым фота – Паляўнічыя на маманта

Глядзі таксама:
Частка 1. Невядомая зямля – “Палатыда”
Частка 2. Мабілізацыя кадраў
Частка 3. Сядзіба невядомага феадала