This movie requires Flash Player 9
20.12.2012 | Байцоўскі ген У краіне

Cтралок Сяргей Мартынаў. Дарога да алімпійскага золата цягам 24 гадоў (+фота, відэа)

Гэты выбітны беларускі спартовец выйграў усе найвышэйшыя ўзнагароды ў сваім відзе спорту, прайшоўшы пры гэтым праз поспехі, расчараванні і забыццё. Сяргей Мартынаў здабыў залаты алімпійскі медаль ва ўзросце 44 гадоў. У чым сакрэт нязломнасці гэтага беларуса?

 

 

Сёння легендарны стралок трэніруецца ў спартыўнай школе №13, у ціры, дзе займаюцца дзеці: ніякіх сучасных тэхналогій, стары будынак, папяровыя мішэні, на стэлажах вісяць інструкцыі па стральбе з савецкіх часоў. Прыкладна ў такіх жа ўмовах Сяргей Мартынаў некалі пачынаў трэніравацца ў Берасці.

— Нарадзіўся я ў 1968 годзе ў расійскім населеным пункце Верэя. Прабыў там мала, можа, тыдзень, і пераехаў з бацькамі ў Берасце. 16 гадоў там жылі. Вучыўся ў школе №12. Страляць пачаў, калі быў у шостым класе. Аднойчы сядзелі класам, прыйшоў трэнер Уладзімір Сталяроў і абвясціў набор у секцыю.

— Вы адразу ж пачыналі страляць з вінтоўкі?

— Так, там іншага варыянту не было. Цір выглядаў прыкладна як гэты: 50 метраў у даўжыню. Але быў напалову вузейшы — дзесьці на шэсць шчытоў. На першых спаборніцтвах я, здаецца, узнагарод не здабыў. Гэта было ў старым ціры ў берасцейскім парку. Памятаю, як здабыў больш за 500 ачкоў, такая вось была дзіцячая планка.

Абсалютны сусветны рэкорд складае 600 пунктаў, яго Сяргей Мартынаў паўтараў шмат разоў. Цікава, што перамагчы на Алімпіядзе ён мог ужо ў 20 гадоў (Сеул-1988), але спартовы лёс падрыхтаваў нямала выпрабаванняў.

 

 

У 1989 годзе стралок узяў Кубак свету. У 1990-м стаў чэмпіёнам Еўропы. Несумненна, Сяргей Мартынаў ужо тады, юноком, быў адным з самых моцных стралкоў у свеце. Але перамагаць на Алімпіядах не атрымлівалася.

Гульні ў Барселоне-92 спартовец прапускае. У Атланце-96 таксама не бярэ прызоў. Але стралок не спыняецца і з таго часу робіць ухіл на стральбу лежачы.

На Алімпіядзе ў Сіднэі (2000) Сяргей Мартынаў бярэ першы алімпійскі медаль у кар’еры — бронзу. На Гульнях у Афінах зноўку паўтарае бронзавы поспех. А ў Пекіне-2008, калі Сяргея абляпілі з усіх бакоў журналісты, праходзіць у фінал васьмярых, але бярэ шостае месца.

На апошніх гульнях у Лондане журналісты не надта ставілі на Сяргея Мартынава і пакінулі яго ў спакоі. Навіна пра залаты медаль скаланула Беларусь шчаслівым землятрусам: стралок узяў самую прэстыжную ўзнагароду на планеце. У 44 гады.

 

 

Сяргей Мартынаў не з тых, хто раскрываецца перад журналістамі. Але ў той жа час чалавек ён надзвычай дыпламатычны і ветлівы. На гутарку з намі спадар Сяргей прыехаў, нягледзячы на тое, што не збіраўся трэніравацца ў гэты дзень.

Стралок з 1996 года трэніруецца і выступае ў гэтым касцюме. Новая амуніцыя каштуе 1000 еўра, але пераапранацца ў яе спартовец не бачыць патрэбы. Драўляная частка яго чэмпіёнскай вінтоўкі — таксама з сярэдзіны 90-х. Ездзіць спадар Сяргей на простым “Фальксвагене” пачатку 2000-х, трэніруецца, як ужо было сказана, таксама ў ціры з мінулага стагоддзя (такое месца для трэніровак спартовец выбраў сам).

— Мы чулі, што дзесьці за год да Алімпіяды вы прышлі ў адзін з беларускіх спартыўных дыспансераў, і там узніклі пытанні: не адразу паверылі, што вы дзейны спартовец.

— Было аднойчы. Спачатку не паверылі, бо ў 44 гады ў нас нямногія застаюцца ў спорце. Хоць у розных відах усё па-рознаму. У гімнастыцы, напрыклад, у такім узросце не будзеш скакаць на бервяне. Што да стральбы, то я не самы стары спартовец. Ёсць людзі, амаль на 10 гадоў старэйшыя.

— Што будзе з беларускай кулявой стральбой? Пра новыя прозвішчы пакуль мала што чуваць.

— Ёсць маладыя спартоўцы, якія някепска страляюць і могуць выйграваць медалі. Напрыклад, Ілля Чаргейка. Дзяцей займаецца менш, чым у савецкую эпоху. Што да развіцця беларускай кулявой стральбы, то нічога тут выдумляць не трэба. Трэнеры ёсць, дзеці прыйдуць. Нармальным павіннае быць забяспечанне: патроны, зброя, касцюмы. Калі гэтага няма, то і хадзіць на трэніроўкі бесперспектыўна. Пытанне ўпіраецца ў грошы. Імпартныя электронныя ўстаноўкі каштуюць шмат. Самым маленькім, безумоўна, не патрэбныя гэтыя новыя тэхналогіі. Замежныя ціры забяспечаныя сучасным электронным абсталяваннем, якое, напрыклад, выводзіць тваё пападанне на экран. А ў Беларусі пакуль нямногія ціры іх маюць. Цяпер, калі страляеш у папяровую мішэнь, глядзіш на вынік у спецыяльную трубу. Але буйныя спаборніцтвы праводзяць толькі пры дапамозе электронікі.

— Кулявая стральба — ці асаблівы гэты від спорту для Беларусі?

— Безумоўна, традыцыі ў беларускай кулявой стральбы ёсць. І я не першы алімпійскі чэмпіён з нашай краіны. Былі Канстанцін Лукашык, Ірына Шылава, Аляксандр Газаў, які сёння жыве ў Беларусі. Нашы людзі могуць выйграваць алімпійскія медалі.

 

 

Сяргей Мартынаў здзіўляе філасофскім спакоем і мужчынскай воляй. 24 гады ён ішоў да вяршыні Алімпа, і калі з’явіўся шанец — схапіў сваё.

Выступленні ў вялікім спорце наш легендарны стралок, натуральна, не кінуў. Таму гісторыя Сяргея Мартынава працягваецца.

Фота: Аляксандр Ждановіч

 

 

 

Усе матэрыялы праекту «Байцоўскі ген»

 

 

Інфармацыйныя партнёры:


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика