На сваё 12-годдзе студыя “Адліга” вырашыла адчыніць свае дзверы для ўсіх ахвотных. Але не толькі з тым, каб пахваліцца зробленымі апошнім часам “алкашкамі” ды “інкасашкамі”. З дапамогай сваёй выставы “Уваход праз дызайн” яе арганізатары шукаюць выйсця з таго становішча, у якім апынулася дызайн-культура ў нашай краіне.
Студыя дызайну “Адліга” месціцца ў будынку галерэі “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А). Увечары ў пятніцу тут было надзвычай тлумна. Дзясяткі людзей караскаліся на балкон, каб зазірнуць у офіс да дызайнераў ды падзівіцца на арыгінальныя творчыя працы.
Год таму “Адліга” пераўтварылася з рэкламнага агенцтва ў творчую студыю. Уся энергія яе стваральнікаў Анатоля Лазара і Артура Вакарава цяпер пайшла на стварэнне аўтарскіх дызайн-калекцый. Збольшага яны некамерцыйныя, затое важныя ў грамадскім і сацыяльным сэнсе. Дастаткова толькі зірнуць на калекцыю саколак, ці “тышыртсаў”, як іх называюць у “Адлізе”. Абсалютным хітом продажаў стала майка з надпісам “404 Belarus Not Found”.
Выстава “Уваход праз дызайн” складаецца фактычна з дзвюх частак. Першая прысвечаная альтэрнатыўнаму беларускаму плакату. Тут можна пабачыць выбраныя працы “Адлігі” за апошнія два гады. Найперш самі дызайнеры ганарацца серыяй працаў па новым пазіцыянаванні гурта “Ляпіс Трубяцкой”, афармленнем беларускага выдання Чэслава Мілаша і прывабнай графікай да новага дыска “Прэм’ер Тузін”. Другая частка складаецца з дызайнерскіх рэчаў. Асаблівы гонар у дызайнераў за свае апошнія рашэнні – “асацыяльны” праект у выглядзе “торбы-алкашкі” і пераробленая на свой лад інкасатарская сумка – “інкасашка”.
\
Ніка Сандрос
Пачэснае месца занялі “адлігаўскія” малявальнікі і натхняльнікі. Самі стваральнікі назвалі сваю дызайнерскую серыю нататнікаў “вандалізмамі”, бо дазволілі сабе па-добраму пакпіць з мастацкай класікі. Дарэчы, падчас працы выставы ўсю дызайнерскую прадукцыю “Адлігі” можна набыць з істотнай зніжкай.
Артур Вакараў і Анатоль Лазар
“Мы вырашылі зрабіць гэтую выставу не для таго, каб проста пахваліцца зробленым, – тлумачыць Анатоль Лазар. – Немаведама ў якім кірунку рухаецца дызайн-культура ў Беларусі. Па ўсім свеце дызайн прысутнічае ва ўсіх сферах, але толькі не ў нас. У нас наогул адсутнічае камунікацыя ў грамадстве, а так хацелася б, каб дызайнераў прыцягвалі да розных праектаў. Каб яны аздаблялі прыпынкі грамадскага транспарту і выдумлялі шыльды з надпісам вуліц, каб дызайнераў прыцягнулі да тых грамадска важных аб’ектаў, якія прэзентуюць Беларусь… У нас ёсць спецыялісты, ёсць праекты, ёсць прафесійныя работы, але ўсё гэта існуе ў малазвязанай прасторы. Наша выстава – гэта якраз спроба наладзіць дыялог між дызайнерамі і грамадствам”.
Паўдзельнічаць у дыялогу ды памацаць плён працы беларускіх дызайнераў ёсць магчымасць у кожнага. Выстава “Уваход праз дызайн” будзе працаваць да 7 кастрычніка.