Прадзюсарскі цэнтр Kombine Music, канцэртная арганізацыя “Арт-Флай” і Аддзел культуры адміністрацыі Завадскога раёна прадстаўляюць этна-фэст «АД НЕБА НА ПАЎМЕТРЫ 2009», што пройдзе 26 лістапада ў ДК МАЗ.
Генеральны партнёр фэсту: ААА Белзнешэканомбанк
Этна-фэст «Ад Неба на Паўметры 2009» аб’яднае розные пласты сучаснай беларускай народнай музыкі, прадэманструе гледачу як маладыя, так і ўжо сталыя музычныя калектывы, стане адным з найвялікшых музычных падзеяў года ў нашай краіне. Мэта фэсту – папулярызацыя беларускіх музычных традыцый, падтрымка маладых калектываў і выканаўцаў, якія працуюць ў жанры народнай музыкі.
Назва фестывалю нагадвае пра тое, што ў далечыні ад горада, у глухіх вёсках, дзе неба здаецца нашмат бліжэйшым, дзе яшчэ жывыя традыцыі старадаўняй народнай песеннай культуры, чалавек максімальна ўсведамляе адзінства з Сусветам. Там, сам насам з прыродай, чалавек адчувае спакой і гармонію існавання, спазнае сваю сутнасць, бачыць прыгажосць і веліч навакольнага свету. Гэта гармонія адлюстроўваецца ў народных песнях, якія спявалі нашыя продкі, у музычных традыцыях, адраджаць і папулярызаваць якія прызваны фэст «Ад Неба на Паўметры».
Напрацягу пяці гадзін фэсту на сцэне з’явяцца наступныя калектывы і выканаўцы:
Дзіцячы фальклёрны ансамбль “Святкі”
Ансамбль народнай музыкі і песні “Мінскія Музыкі”
Алег Хаменка (лідэр знакамітага этна-гурта “Палац”, які на фестывалі выступіць сольна)
Guda (аўтэнтычныя беларускія народныя спевы)
Rokash (электрычны неафолк-рок, які пабудаваны на сінтэзе мяккіх фолькавых мелодый, лірычнага жаночага вакалу і жорсткай хард-рокавай рытм-секцыі)
Unia (мадэрн-фолк-рок; выступы гэтага гурту адзначаныя яркім шоў і моцнай энэргетыкай)
Hoha-band (этна-рок-гурт, які стварыла Маша Лагодзіч, – голас знакамітага этна-дуэта “Яр”, разам з трыма іншымі музыкамі)
Akana-NHS (этна-джаз; гэта тры прыгожыя дзяўчыны, сярод якіх рок-князеўна Руся (экс-Indiga), і тры джазавых музыкі, якія граюць на кларнеце, саксафоне і перкусіі)
“Гаротніца” (праект, які заснаваў Андрусь Такінданг, – лідэр гурта “Рэха”. Harotnica спалучае элементы ска, джазу і этнікі, с жаночым вакалам і добрым пачуццем гумару)
Energy (электрычна-альтернатыўны праект, які спалучае цяжкія кампазіцыі накшталт Prodigy з традыційнымі беларускімі спевамі)
Dzivasil (атмасферны этна-эмбіент з выкарыстаннем народных інструментаў)
«Нагуаль» (стылёвы напрамак гэтага легендарнага гурта, які шмат канцертуе за мяжой, крытыкі называюць псіха-фолк; песні выконваюцца на невядомай мове ў суправаджэнні цымбалаў, гітары і перкусіі)
“Князь Мышкін” (культавы гурт інтуітыўнай імправізацыі пад кіраўніцтвам Леаніда Нарушэвіча пакажа адмысловую этна-праграму «Ў кожны дом»)
Вядучыя фэсту: Павал Гарадзецкі і Дзяніс Тарасенка (гурт “Разбітае сэрца пацана”).
Адмыслова для фэсту будуць створаныя ўнікальныя дэкарацыі ў стылі фолк-мадэрн. Падчас фэсту ў фае пройдзе выстава народных рамёстваў. Маладыя майстры не толькі пакажуць свае творы, але і прапануюць гледачам паўдзельнічаць у іх стварэнні. У фае будзе працаваць кафэ, дзе змогуць адпачыць гледачы.
Чакаецца, што этна-фестываль «Ад Неба на Паўметры 2009» выклікае зацікаўленасць самых розных слаёў насельніцтва Беларусі, стане штогадовым святам для аматараў беларускай народнай музыкі.
Пачатак у 18:00
Кошт квiткоў: 20.000 руб.
З пытаннямі і прапановамі звяртайцеся:
(8029)6409131; (8029)3506476; (8029)5596731; (8029)3450450; E-mail: Art-fly@mail.ru
Тэгі: Мінск