У Гародні пахавалі паэта і журналіста Юрыя Гуменюка, які трагічна загінуў у ноч на 19 студзеня 2013 года, выпаўшы з 9 паверха інтэрната. Яму было 43 гады.
Пахаванне прайшло на гарадзенскіх камунальных могілках, што па праспекце Касманаўтаў. Перад гэтым адбылося адпяванне паводле ўніяцкага абраду, якое правёў грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот.
Труну накрылі беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Развітваліся з паэтам грамадскія дзеячы, праваабаронцы. З Мінска прыехалі галоўны рэдактар часопіса “Абажур” Уладзімір Дзюба і прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.
Прыехалі сябры з Беластока і з іншых гарадоў.
Для многіх жыхароў горада гібель Юрыя Гуменюка ставіць розныя пытанні.
“За апошні час Юра вельмі змяніўся, – кажуць суседзі, што жывуць побач з домам Гуменюкоў. – Было ўражанне, што ў лепшы бок, і тут раптам такое…”
Юры ўсё сваё жыццё жыў з маці ў прыватным сектары ў раёне, які носіць назву Пярэселка. Апошнім часам працаваў журналістам беларускай службы Польскага радыё пад псеўданімам Вацлаў Галімскі, быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Сябры паэта збіраюцца выдаць зборнік вершаў, які Юры планаваў выпусціць у 2013 годзе.
Андрэй Мялешка