Унікальны рэвальвер 19 стагоддзя знайшлі на сметніку ў Лідзе

Цяпер зброю, а гэта марскі рэвальвер “Лефашэ” ўзору 1853 перадалі ў міліцыю. Сваю унікальную знаходку жыхар Ліды адшукаў на сметніку каля гаражнага кааператыва размешчанага паблізу мікрараёна Паўднёвы.

Унікальнасць гэтай зброі ў тым, што ў рэвальвера больш высокая практычная хуткастрэльнасць у параўнанні з адназараднымі пісталетамі, у яго павышаная надзейнасць і пастаянная гатоўнасць страляць.

– Акрамя таго, гэта быў першы рэвальвер, у якім выкарыстоўваўся ўнітарны патрон з металічнай гільзай. Барабан гэтага рэвальвера ўмяшчаў 6 шпілечных патронаў, размешчаных такім чынам, што шпілька кожнай гільзы пры сумяшчэнні адпаведнай ячэйкі барабана з руляй аказваецца пад ударам курка. Гэта значыць пры націсканні на спускавы кручок курок б’е па верхнім тарцы шпількі, шпілька, у сваю чаргу, перадае ўдар сваім вострым канцом капсулю, ад чаго апошні ўзрываецца, загараецца порах, – патлумачыў Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзелу найноўшай гісторыі Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

– Падобную збрую выпускалі для расійскай арміі і яна была папулярнай у той час. Магчыма, некалькі такіх пісталетаў ёсць і ў нашай калекцыі, якая налічвае некалькі сотняў асобнікаў. Да прыкладу, адных рэвальвераў сістэмы Сміт-Вэсан у нашай калекцыі каля сотні. Большая частка такой зброі да нас паступіла з Ленінградскага ваенна-артылерыйскага музея, які быў да пачатку Вялікай айчыннай вайны арсеналам для расійскага, а затым савецкага войска.

Як апісваюць некаторыя даследчыкі, падобныя рэвальверы былі на ўзбраенні расійскай паліцыі і менавіта з іх расстрэльвалі паўстанцаў 1863 году.

Як трапіў у Ліду унікальны пісталет – застаецца загадкай, але супрацоўнікі міліцыі і музейныя работнікі спадзяюцца, што ён у хуткім часе зойме сваё месца ў калекцыях лідскага музея.

Андрэй Мялешка
Фота з сайта www.gamer.ru