Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў
прадстаўляюць мастацкую выставу
“Грунвальд за смугою часу”,
прысвечаную 660-годдзю Вітаўта Вялікага
і 600-годдзю Вялікай Перамогі пад Грунвальдам
(пад Дуброўнай згодна беларускіх летапісаў)
Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года каля паселішчаў Грунвальд і Таненберг і з’явілася галоўным этапам вайны, план якой быў распрацаваны на Берасцейскай нарадзе 1409 г. каралём польскім Ягайлам і Вялікім Князем ВКЛ Вітаўтам.
Войска крыжакоў, у якое ўваходзілі рыцары як з Нямеччыны, так і з Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і іншых заходнееўрапейскіх краін, складала каля 20 тыс. чалавек. Саюзныя войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з падтрымкай татарскіх коннікаў хана Джалал-ад-Дзіна, мараўскія і малдаўскія атрады разам складалі 90 харугваў. 40 палкоў належалі ВКЛ і 30 з іх былі з тэрыторыі Беларусі – гэта Аршанская, Ашмянская, Берасцейская, Віцебская, Ваўкавыская, Віленская, Гарадзенская, Полацкая, Пінская, Смаленская, Мсціслаўская і іншыя харугвы. Перамога саюзных войскаў на доўгія часы спыніла нямецкую агрэсію на тэрыторыі ВКЛ і Беларусі – аж да 1914 года.
Беларускія мастакі адзначаюць дзве знамянальныя даты сваімі красамоўнымі творамі.
Вобраз Вітаўта Вялікага ў беларускім выяўленчым мастацтве распрацаваны даволі грунтоўна. У розныя гады вобраз Вітаўта стваралі мастакі Арлен Кашкурэвіч, Яўген Кулік, Алесь Мара, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, Анатоль Концуб, пазней да гэтай тэмы звярнуліся і іншыя мастакі.
З вобразам Вітаўта Вялікага непарыўна звязана тэма непасрэдна Грунвальдскай бітвы. Аўтар значнай маштабнай кампазіцыі Гаўрыла Вашчанка. Шмат тэма Грунвальда ўвасоблена ў станковай і кніжнай графіцы, у скульптуры. Значнае месца займаюць творы Паўла Татарнікава.
600-гадовы юбілей Вялікай Перамогі прынёс новыя творы і новае таленавітае прачытанне дзвюх важных тэм у нашай айчыннай гісторыі.
9 ліпеня 2010 года ў 17.00 у дворыку Літаратурнага музея М.Багдановіча адбудзецца музычны фэст, у 18.00 – урачыстае адкрыццё выставы.
Выстава будзе экспанавацца да 1 жніўня 2010 года.
Тэл. для даведак: 334-07-61
Вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце)