“Нясумны юбілей” перад развітаннем Купалаўскага тэатра: 90 гадоў за 90 хвілін (фотарэпартаж)

30.07.2010 Культура

teatr_013

Уся 90-гадовая гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прайшла перад вачыма гледачоў на «Нясумным юбілеі», які адбыўся 29 ліпеня на найстарэйшых тэатральных падмостках краіны.

teatr_01

У гэты дзень купалаўцы падняліся на сцэну свайго тэатра апошні раз — з верасня ў будынку пачнецца глабальная рэканструкцыя. Яму вернуць першапачатковы выгляд, увасоблены ў свой час польскім архітэктарам Каралем Казлоўскім, які быў страчаны пасля апошняй рэканструкцыі 1956—1958 гадоў.

teatr_02

А пакуль тэатр размесціцца на сцэнічных пляцоўках Палаца прафсаюзаў, к/з «Мінск», клуба імя Дзяржынскага.

teatr_03
Мікалай Кірычэнка ў ролі старога габрэя

Вядоўцы святочнай імпрэзы Алена Сідарава і Ігар Дзянісаў пры ўдзеле больш чым дваццаці актораў усіх пакаленняў купалаўцаў за паўтары гадзіны кранальна і весела расказалі вядомую і не вельмі гісторыю свайго тэатра.

teatr_04
«Лявоніха» ў выкананні купалаўцаў

Пра тое, як сродкі на будаўніцтва першага будынка тэатра (адкрыты 5 чэрвеня 1890) збіраў увесь горад, а падчас закладкі падмурку па яго кутах прадстаўнікамі царскай сям’і былі закладзеныя залатыя манеты. «Цяпер я разумею, навошта спатрэбілася гэтая рэканструкцыя», — жартуе персанаж Мікалая Кірычэнкі.

teatr_05

Пра тое, што аснову трупы Беларускага дзяржаўнага тэатра (адкрыты 14 верасня 1920) склалі акторы Першага беларускага таварыства драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча (рэпрэсаваны ў 1937 годзе), якія ўжо ў першы тэатральны сезон прадставілі публіцы інсцэніроўку аповесці Элізы Ажэшкі «Рысь» у выкананні беларускай трупы, п’есу Шолам-Алейхема «Людзі» — яўрэйскай і чэхаўскае «Вяселле» — рускай.

teatr_06
Святлана Зелянкоўская

Пра тое, як ратавала тэатр Фаня Яфімаўна Алер у эвакуацыі ў часы Другой сусветнай вайны, калі і была пастаўленая Львом Ліцвінавым у Томску тая самая славутая «Паўлінка» (1944), якая ўжо больш за шэсцьдзесят гадоў не сыходзіць з тэатральных падмосткаў. У ёй занятае ўжо пятае пакаленне актораў.

teatr_07
Зінаіда Зубкова і Алена Сідарава

Пра тое, што па вяртанні з эвакуацыі ў разбураны горад на дзвярах будынка тэатра ўбачылі надпіс «Замініравана», а на месцы глядацкай залы — варонку ад снараду.

teatr_08

Пра тое, як з прыходам новага мастацкага кіраўніка, Валерыя Раеўскага, тэатр набывае новы стыль, новую эстэтыку, адпаведна, мяняецца мова і форма. Яскравым прыкладам спалучэння традыцый і наватарства можа служыць спектакль «Што той салдат, што гэты» (1969), пастаўлены Раеўскім па п’есе Бертальта Брэхта. Але мала хто ведае, што яго першы беларускi спектакль «Хачу быць сумленным» (паводле Вайновiча) быў забаронены непасрэдна на генеральнай рэпетыцыі.

teatr_09
Зоя Белахвосцік і Аляксандр Казела

Гледачы, якія сабраліся ў зале, атрымалі рэдкую магчымасць убачыць фотахроніку, архіўныя дакументы, запісы спектакляў і тых людзей, якія ў розныя гады мелі дачыненне да Купалаўскага тэатра. Не забыліся нікога.

teatr_010

Была таксама прапанаваная 3D-экскурсія па рэканструяваным тэатры. Рэстаўратары сцвярджаюць, што па заканчэнні працаў тэатральны будынак стане найлепшым па тэхнічных характарыстыках не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе.

teatr_011

Як сказаў пры канцы вечара, уручаючы граматы і народныя адзнакі, міністр культуры Беларусі Павел Латушка, «мы сустрэнемся тут праз два гады, тады ўсё будзе новае, але я хачу, каб са старога адно засталося — душа тэатра».

teatr_012
Павел Латушка

На першым фота – Купалаўцы ў апошні раз дакрануліся да любімых падмосткаў.