Карціна дня: карціна без назвы Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка і іх карціна без назвы. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Уладзімір Цэслер
Сяргей Войчанка

Пра аўтараў:

Уладзімір Цэслер нарадзіўся ў 1951 годзе ў Слуцку. У 1980 скончыў Акадэмію мастацтваў (факультэт дызайну). Сяргей Войчанка нарадзіўся ў 1955 годзе у Марыупалі. У 1984 годзе абараніў дыплом у Акадэміі мастацтваў. Памёр у 2004 годзе ў Мінску.

З 1978 года Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка працавалі разам. Міжнародную вядомасць тандэм здабыў дзякуючы працам у галіне плакату (больш за 30 узнагародаў міжнародных конкурсаў і біенале). Шырокавядомы аўтарскі праект “Праект стагоддзя. 12 з XX”.


Уладзімір Цэслер, Сяргей Войчанка, без назвы, палатно, алей.

Пальцам у сетку

Жарт лёсу ў тым, што гэтая сетка прысутнічае ў тэлевізарах дагэтуль, але фактычна ўжо і не выкарыстоўваецца – наладку сучасных тэлевізараў ажыццяўляюць проста на заводзе. Яе яшчэ можна пабачыць, але толькі тады, калі нармальнага сігналу няма, а правайдар выводзіць што яму прыйдзе ў галаву, часам – гэтую вось сетку. Так і з працай Цэслера і Войчанкі – яна напалову засталася ў гісторыі, а напалову актуальная. Прычым невядома, на якую палову. Так, відаць, яна і была выведзеная на палатно – нармальнага сігналу не было.

Андрэй Адамовіч

У адрозненне ад большасці працаў знакамітага беларускага дуэту Цэслер–Войчанка, гэтае палатно заяўляецца як жывапіс, а значыць, крытэры ацэнкі будуць зусім іншыя, чым у рэкламных плакатаў, віншавальных паштовак і проста “крэатываў з нагоды” Новага года або Дня дэсантніка.

Ёсць некалькі тыпаў мастакоў, якім дазваляецца маляваць такія вось працы. Перш-найперш гэта майстры, якія маюць тэорыю, аўтары кшталту Малевіча. Па сутнасці, сваімі працамі яны маніфестуюць нешта, часам удала. Другі тып мастакоў з такімі працамі – апантаныя. Яны жывуць як схізматыкі ад мастацтва, пазіраюць на свет запаленымі вачыма, падвязваюцца вяроўкай. Не заўсёды за іх працамі стаіць штосьці вартае, але людзі хочуць там бачыць штосьці сэнсаўтваральнае, бо не могуць паверыць, што чалавек можа сур’ёзна маляваць такое, калі не ведае напэўна, што ён хоча гэтым сказаць. Іначай кажучы, гледачы сыходзяць з прэзумпцыі разумнасці мастака і абсалютнасці яго мастацкага густу. Трэці тып мастакоў з такімі працамі – крэатыўшчыкі кшталту сённяшніх герояў.

Прызвычаіўшыся да таго, што ў рэкламе і сучасным мастацтве каштоўнаю ёсць нечаканая думка, ідэя, паварот кантэксту на 180 ці 360 градусаў, аўтары паспрабавалі разарваць шаблон і гэтаю працаю. Здаецца, шаблон застаўся, але ніхто не збіраецца адказваць на адказ.

 

Голас з Акадэміі:

Карціна, якую мы разглядаем сёння, была напісаная ў сааўтарстве з калегам і сябрам Уладзіміра Цэслера Сяргеем Войчанкам, як і значная частка твораў і праектаў перыяду 1978—2004 гг. Пасля смерці Войчанкі спадар Уладзімір працягнуў працаваць самастойна і рэалізаваўся ў сферы дызайну ідэй. З дапамогай разнастайных дызайнерскіх твораў Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка імкнуліся выклікаць рэзананс у застаялым балоце будзённасці. Аднак ідэі, знятыя з пенкай свежага піва, не захоўваюць актуальнасць гадамі, а працягваюць дэманстраваць сам спосаб мыслення, механізмы рэалізацыі і падачы ідэі ў матэрыяле. “Каньком” спадара Уладзіміра ёсць не праца ў матэрыяле, а менавіта генерацыя ідэй. Як вы ўжо прачыталі, мастак скончыў аддзяленне дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе пазнаёміўся са сваім будучым паплечнікам і суаўтарам. Пад дызайнам прынята разумець творчы метад, які дапамагае ствараць новы аб’ект у адпаведнасці з эстэтычнымі і ўтылітарнымі патрэбамі чалавека. Уладзімір Цэслер працуе ў крыху іншым напрамку: ён стылізуе і пераўтварае прадметы, абапіраючыся на ментальную свядомасць, і фактычна выступае дызайнерам ідэй, чалавекам, які робіць розныя рэчы найперш цікавымі, а пасля ўжо па магчымасці прыгожымі і зручнымі. У карціне, якую мы разглядаем сёння, – копія наладачнага тэлевізійнага сігналу. У шэрагу еўрапейскіх гарадоў яму ўсталяваныя разнастайныя помнікі, у той жа Рызе, напрыклад. Прызначэнне гэтай вертыкальнай васьміпалоснай сеткі — ажыццяўляць наладжванне тэлевізійнага прымача. Любая жывапісная праца таксама патрабуе наяўнасці падобнай сеткі – палітры колераў, якая вызначае асноўныя выяўленчыя якасці палатна.

Алеся Раманюк

Выкарыстаны выявы з сайту tsesler.com.