Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Сяргей Пісарэнка і яго “Летні дзень“. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара: Сяргей Пісарэнка нарадзіўся ў 1967 годзе ў Маладзечне. У 1985 скончыў Рэспубліканскую школу мастацтваў імя Ахрэмчыка ў Мінску. У 1994 – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (аддзяленне графікі). Удзельнік шматлікіх персанальных і калектыўных выставаў у Беларусі і за мяжою. Працуе з акварэллю.
Усё жывое – акварэль
Такі пейзаж можна ўбачыць у любым вясковым двары. Прынамсі я, гарадскі жыхар, бачыў такі не аднойчы і не двойчы. Гэта не значыць, што мастак схапіўся за першае, што ўбачыў. Нават калі б і было так, момант зафіксаваны вельмі трапна. Так, што ў ім прасочваецца не толькі тыповасць, але і сюжэт, рух, дынаміка і драматызм.
Андрэй АдамовічАдкрытая брама прапускае нас да лесвіцы па якой можна залезці на дах гумна і там ужо хапаць тварам вецер, які неўзабаве ўзмоцніцца і будзе грукаць дошкамі плота, калаціць галінамі яблыняў. А можна пайсці міма лесвіцы і збіраць пад успышкі маланак грушы.
Аднак нягледзячы на такую “лёгкасць” сюжэту, пад ёй хаваецца яшчэ і роспач. Не толькі ў старых дошках адрыны і навальніцы, якая падпаўзае на пярэдні план, хуткая, як інфаркт міякарда, але ва ўсім гэтым кантэксце. Бо шыфер ужо даўно цячэ, клямка ўся іржавая, а дрэвы ў імху.
Аднак ці то Акварэль сама па сабе надае сюжэтам лёгкасці, ці то гэта асаблівасці светаўспрымання мастака, але малюнак усё адно надзвычай светлы. Прыблізна такі, як апошнія дні закаранелага аптыміста, які ведае ўжо, што невылечна хворы, але ўсё адно перакананы ў тым, што жыццё не прайшло дарэмна. І зараз будзе стаяць пад дажджом, есці яблык. Любіць усё жывое.
|
|