Карціна дня: “Маё атачэнне” Юрыя Алісевіча

Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Юры Алісевіч і яго атачэнне. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.

Юры Алісевіч
Юры Алісевіч

 

Пра аўтара:

Юры Алісевіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў Мінску. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (1989), аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1975). Сябра Беларускага саюза мастакоў (1997), з 1999 выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе і кніжнай графіцы. Удзельнік 53-й Венецыянскай біенале ад Беларусі. Аўтар 4 персанальных выставаў у Беларусі, удзельнік шматлікіх калектыўных выставаў ў Беларусі і за мяжою.

 

 

Юры Алісевіч, “Маё атачэнне”, папера, гелевая асадка, 297х420, 2011.
Юры Алісевіч, “Маё атачэнне”, папера, гелевая асадка, 297х420, 2011.

 

ПЛП

Падчас імшы, не помню ўжо, падчас набажэнства слова або цела, але хутчэй на іх скрыжаванні, гучыць класічнае: “і слова стала целам”.  Менавіта гэта згадваецца пры разгляданні малюнка.  Не ў рэлігійным, безумоўна, сэнсе але ў сэнсе ўцялеснення словаў, думак, але найперш, пачуццяў аўтара.

Андрэй Адамовіч

Такое ўражанне, што ўсё тое, што мастак адчувае скураю, носам, вачыма і вушамі, але, зноў жа, найперш, сэрцам – усё гэта вылілася на паперу. Кожны прадмет тут крычыць на паперу, уголас, пра тое, што вось ён аўтар – жывы і не збіраецца паміраць, вось ён і вось яго вось-быццё ў рэчах вакол.
Гэтая кватэра, гэты пакой гэтыя кнігі на паліцах, гэтыя кеды, гэтыя дзверы і гэтыя надпісы, раскіданыя меткамі, якарамі найбольшага болю – гэта ўсё, што лучыць аўтара і пільнага гледача.
Прадметы і словы тут – напраўду адпаведнікі таго, што ў НЛП называюць якарамі. І кожны з іх можа разгарнуць ланцужок нашага негатыўнага бэкграўнду, нацягнутаю струной мастаковых стрэлачак можна разрэзаць грудзіну, раскрыць рэбры, выцягнуць з сярэдзіны ўсяго сябе, раскласці на стале, вымыць, скласці назад і зашыць той самай стрэлкаю.
Такое сабе прадметна-лінгвістычнае праграмаванне. Безумоўна, любая творчасць – псіхатэрапія. Але гэтая не шкадуе не мастака ні гледача, гэтыя малюнкі робяць балюча, і ніхто не выдае анальгетыкаў. Тым больш што і выздараўленне не гарантаванае – цела вось яно і вось яно быццё. Боль – ягоная частка.

 

Голас з Акадэміі:

Графічная серыя “Маё атачэнне” была прэзентаваная ў беларускім павільёне 53 Венецыянскай біенале. Гэта не першы ўдзел Юрыя Алісевіча ў сусветных творчых праглядах, што прымушае ўважлівей прыгледзецца да такіх праставатых на першы погляд малюнкаў, якія нагадваюць газетныя коміксы. Коміксы, як вядома, — серыя выяваў, у якой расказваецца нейкая гісторыя, у дадзеным выпадку гісторыя прыватнага інтэр’ера або мастацкага цэха маленькага маштабу. Мінімальнымі сродкамі — чорнай лініяй, праведзенай гелевай асадкай, графік занатаваў сваю штодзённасць. Ва ўсім, што ўстае перад вачыма, ён знаходзіць падставу для малюнка, у якім, напэўна, для рэалізацыі асабістага ўяўлення гледача, пакінутыя незамаляванымі сілуэты прадметаў. У адной жылой прасторы, па суседстве з мастаком, сабраныя мастацкія і гаспадарчыя прылады – сапраўдны нацюрмортны фонд. На кожным з іх ёсць подпіс, які з аднаго боку называе прадметы (якія лёгка пазнаць без надпісаў), а з іншага — раскрывае каштоўнаснае стаўленне мастака да свайго рэчавага свету. Як павільён у цэлым, так і малюнкі аўтара выклікалі мноства дыскусій. Напэўна, яшчэ ніколі беларускія мастакі і мастацтвазнаўцы так адкрыта не крытыкавалі сваіх калег. Жарсці даўно заціхлі, аднак хацелася б даць і вам магчымасць выказаць свае меркаванні наўздагон самай значнай у беларускім мастацтве падзеі мінулага года.

Алеся Раманюк