
Фэстывальны тыдзень Sziget у Будапэшце працягваецца. Кожны дзень радуе музычнымі адкрыцьцямі ды выступамі зорак. Арганізм перайшоў на іншы лад жыцьця: кладземся спаць а 4-й, пад’ём а 12-й, вушы прызвычаіліся да гучных сцэнаў/бараў з няспыннай музыкай, ды нарэшце пачалі без мапы арыентавацца на востраве. Як мы тут абжыліся, як на галоўнай сцэне запальваў “Ляпіс Трубяцкой” і чым гэта скончылася – у чарговым дзёньніку з аднаго з буйнейшых фэстываляў Эўропы Sziget.
Трапіўшы сюды, было страшна згубіцца ў натоўпах яркіх рознаўзроставых сотнях тысячаў наведвальнікаў з усёй Эўропы. Схопленая ў першыя хвіліны прыбыцьця на востраў мапа Sziget’у цяпер пераўтварылася ў пацёрты прамоклы шматок. А ногі ўжо інтуітыўна вядуць у розныя сэктары востраву: тут галоўная сцэна, за ёй mtv-сцэна, A38-wan2, яшчэ далей маленькія і ўтульныя джазавая і блюзавая сцэны, на іншым баку world music stage, party arena, рэгі-сэктар ды яшчэ сотня кавярняў-бараў-крамаў-сцэнаў па ўсім востраве.