З 12 да 29 сакавіка ў Мінску пройдзе першы фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка”. Арганізатары запланавалі пяць імпрэзаў, на якіх будуць прадстаўленыя творы чэшскіх, славацкіх, польскіх, венгерскіх пісьменнікаў, мысляроў і палітолагаў. Мы знайшлі пяць прычынаў іх наведаць.
1. Адкрыць “Шэнгенку”
У Беларусі прызвычаіліся думаць, што сапраўдная еўрапейская літаратура і мысленне пачынаецца недзе ў Францыі ці Германіі, але мы забываемся, што ёсць краіны, якія прайшлі такі ж шлях, як Польшча і Чэхія, дзе ёсць нямала вартых пісьменнікаў, філосафаў, палітолагаў. “Чаму назвалі “Шэнгенка”? Бо пра яе марыць кожны беларус, і арганізатары пайшлі насустрач гэтаму жаданню”, — кажа арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ” Павел Касцюкевіч. Падчас фестывалю ў кнігарні можна будзе набыць узоры сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры. Напрыклад, раман “Як я абслугоўваў ангельскага караля” аўтара “піўной” літаратуры Багуміла Грабала, кнігу Ірэны Доўскавай “Моцны Жбуць” — гісторыю пра дзяцінства ў сацыялістычнай Чэхаславакіі, ці твор сучаснага актуальнага аўтара Міхала Вівэга “Цудоўныя гады сабаку пад хвост” — раман, які зрабіўся бестселерам у шэрагу еўрапейскіх краінаў.
Дзе і калі: 26 сакавіка, галерэя “Ў”, 19.00. Літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”.
2. Палепшыць жыццё
З восені суарганізатары фестывалю — кампанія “Будзьма беларусамі” — агучваюць слоган “Культура паляпшае жыццё”. Беларусы атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з творамі зорак сярэднееўрапейскай культуры і філасофіі менавіта на сваёй мове. Шмат якія творы ўдзельнікаў фестывалю ўпершыню перакладзеныя найперш на беларускую — на рускай іх папросту няма, хоць склалася так, што ўся перакладная літаратура ідзе з Расіі, а ў нас перакладам займаліся адзінкі. “Здорава і класна, што на фоне адсутнасці цікавасці да гэтай тэмы з боку дзяржавы ў нас з’яўляюцца грамадскія інстытуты, што займаюцца перакладам мастацкай літаратуры, такія, як “Лабараторыя навуковага і мастацкага перакладу”, рэдакцыя часопіса “ПрайдзіСвет”, такую дзейнасць падтрымліваюць Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Гэта вельмі станоўчая тэндэнцыя”, — зазначае Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Дзе і калі: 12 сакавіка, галерэя “Ў”, 19.00. Урачыстае адкрыццё фестывалю і літаратурная вечарына “Мультыкультурная віза”, прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры, з удзелам аўтараў і перакладчыкаў.
3. Пачуць літаратуру
На фестывалі будзе цудоўная магчымасць пачуць узорныя творы замежных аўтараў у выкананні найлепшых беларускіх акцёраў. Прасякнуцца сярэднееўрапейскай літаратурай напоўніцу наведнікам фестывалю дапамогуць асобы з моцнай харызмай — Павел Харланчук і Ганна Хітрык. Так склалася, што прафесійныя акцёры чытаюць творы звычайна цікавей за саміх аўтараў.
Дзе і калі: 12, 26, 29 сакавіка, галерэя “Ў”, 19.00.
4. Адчуць гісторыю
Жанр белетрызаваных успамінаў не так шырока прадстаўлены ў Беларусі, але дужа папулярны ў свеце. Падчас фестывалю будуць прэзентавацца адразу чатыры кнігі, у якіх пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя расказваецца не праз цытаты, лічбы і факты, а праз успаміны, эмоцыі і перажыванні. Сярод іх — твор Нобеля-2002 венгра Імрэ Кертэса, які на аснове ўласных успамінаў пра Асвенцым і Бухенвальд напісаў кнігу “Страчаны лёс”.
Дзе і калі: 29 сакавіка, галерэя “Ў”, 19.00. “Мемуар-вечарынка”.
Асобная імпрэза будзе прысвечаная пытанню гістарычнага фармавання нацыі і адметнасці шляхоў паўставання вялікіх і малых этнасаў, пакручастасці лёсаў тых народаў, што гістарычна пражывалі на землях ад берагоў Дуная да берагоў Дняпра. Мысліць і палемізаваць на гэты конт будуць аўтарытэтныя гісторыкі і мысляры краіны: Генадзь Сагановіч, Ігар Бабкоў, Анатоль Сідарэвіч, Аляксей Дзермант. Адбудзецца прэзентацыя кніг “Пра гаротнасць малых усходнееўрапейскіх дзяржаваў” Іштвана Бібо і “Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм” Анджэя Валіцкага.
Дзе і калі: 20 сакавіка, галерэя “Ў”, 19.00. Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча “Паўстанне Еўропы”.
Фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры рыхтаваўся два гады, і арганізатары гатовы яго займацца яго арганізацыяй далей пры адной умове — наяўнасці перакладной літаратуры. Калі пераклады сучасных актуальных аўтараў будуць з’яўляцца ў належнай колькасці, то фестываль можа зрабіцца штогадовым.
Сяргей Будкін