25 лістапада ў Магілёве прайшло афлайнавае ток-шоў, арганізаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. Ток-шоў “Магілёў. Ці будзе ўдалай другая ў гісторыі горада спроба стаць сталіцай?” было прысвечана пытанню аб наданні гораду статусу культурнай сталіцы СНД у 2013 годзе. Актуальная тэма і незвычайны фармат сабралі ў адным памяшканні ў гэты вечар прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і журналістаў, навукоўцаў і маркетолагаў, музыкаў і прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Ток-шоў стала першым з выязных ток-шоў кампаніі.
Ад пачатку градус ацэнак перспектыве стаць культурнай сталіцай вагаўся ў дыяметральна розныя бакі. Крытыкі тэмы вечара, галоўным з якіх выступіў журналіст Алесь Буракоў, называлі прэтэнзіі на такі статус карыкатурнымі. Былі агучаныя думкі пра тое, што варта адмовіцца ад такіх планаў, каб не зрабіць горад аб’ектам насмешак і не ператварыць ідэю ў фарс. Для параўнання былі прыведзеныя прыклады няўдалай рэалізацыі падобных праектаў у Еўропе, у прыватнасці ў Германіі. Па шэрагу пунктаў крытыка мела рацыю, але, па-першае, ёсць час для падрыхтоўкі, а па-другое, тут не Германія.
Найбольш актыўна і пераканаўча ў гэты вечар выказваліся гісторыкі. З шэрагам перамогаў у Магілёве сучасным ім, безумоўна, было што сказаць. Ігар Пушкін выдаў на-гара дзесятак датаў, якія будуць “круглымі” у 2013 годзе і не пакінуў сумневаў – моцная спадчына ёсць! Актыўна падтрымалі яго і калегі. Старшыня мясцовай суполкі ТБМ Алег Дзячкоў назваў гістарычную спадчыну Магілёўшчыны найвялікшай у краіне, а гісторык Аляксандр Агееў абвясціў карыкатурным сам цэтлік “карыкатурнасці”. Пад бурныя, дарэчы, апладысменты. Безумоўна, спадчына ёсць, але якой будзе генеральная лінія сучаснасці і яе герояў?
Музычную паўзу і фармальна “нефармальны” бок грамадства ў гэты вечар актыўна прадставіў музыка Цімафей Яравікоў. Нестарэючы рок-герой выказаў свае крытычныя заўвагі ды зайграў на гітары. У далейшых дэбатах Магілёў годна вытрымаў параўнанні з Віцебскам, Гомелем, Мінскам і Вільняй, а беларуская культура была разгледжаная ў дыяпазоне ад бібліятэкаў да культуры міліцыі. Высновай вечару стала тэза пра тое, што такая маштабная падзея магла б стаць часткай платформы для кансалідацыі беларускага грамадства вакол беларускіх каштоўнасцяў.
Алесь Плотка, прэс-сакратар “Будзьма беларусамі!”, фота – Аляксандр Ждановіч