Другога лістапада ў новым клубе Re:Public адбылося адкрыццё пятага сезону Дударскага клуба. Значнасць гэтай падзеі, магчыма, яшчэ не паспела ацаніць моладзь, якая стала ўдзельнічае ў вечарынах. А вось тыя, хто добра памятае нядаўнія часы, калі майстроў-дудароў на Беларусі былі лічаныя адзінкі, а пра моду замаўляць у майстра дуду яшчэ нават уявіць было цяжка, маюць усе падставы цешыцца з такога распаўсюджання дударскага руху ў Беларусі.
У чым жа значнасць Дударскага клуба, вечарыны якога адбываюцца кожную другую сераду халоднага сезону? Беларуская дуда — сапраўдная мясцовая адметнасць, ні ў кога не пазычаная, — мае ўсе шанцы стацца ў замежжы такім самым пазнавальным знакам краіны, як італьянскія макароны або швейцарскія банкі — пры ўмове, што беларуская дуда найперш будзе шанавацца ў самой краіне.
Такія самыя мэты пераследавалі і тыя, хто стаяў ля вытокаў вяртання забытага інструмента да жыцця: збіраў па вёсках і музеях інфармацыю, рэканструяваў дуды і вучыўся граць. А Дударскі клуб і ёсць плёнам супольнай працы. Дударскі клуб — гэта не канцэрт, дзе ёсць выступоўцы і гледачы; найперш гэта вечарына, дзе збіраюцца ахвочыя патанчыць пад жывую музыку — у прынцыпе, фармат вечарыны, які застаецца нязменным не адну сотню гадоў.
Гонар адкрыць сезон заслужана меў Тодар Кашкурэвіч з гуртом “Essa”. Менавіта Тодар Кашкурэвіч — дудар-выканаўца і майстар, які ўласнаручна вырабіў значную колькасць дудаў, што гучаць цяпер, — ёсць адным з тых, дзякуючы чыім намаганням была рэканструяваная і вернутая ва ўжытак дуда. “Essa”, на знак ушанавання нядаўняга свята Дзядоў, выканала пахавальныя галашэнні — абрадавая жалобныя кампазіцыі.
Іх змянілі Юрась Панкевіч (таксама майстар па вырабленні дудаў) і Астравіт з “Testamentum Terrae”, і, да агульнай весялосці, загучалі звыклыя і правераныя не першым сезонам Дударскага клуба мелодыі, пад якія і танчаць любімыя ўсімі танцы.
Гурт “Irdorath” выканаў кампазіцыі з альбома, што мае неўзабаве з’явіцца.
Дзяніс Сухі (яшчэ адзін прысутны вытворца дудаў) і Стась Чавус выступілі дуэтам, граючы папераменна на дудзе і на скрыпцы.
Пасля выступу Андрэя Мароза з шатландскай дудой пачаліся джэмы ад розных дудароў. У час, калі вечарына хіліцца да канца, можна выступіць любому прысутнаму дудару; прапанова асабліва цікавая для тых, хто толькі пачынае асвойваць гэты адроджаны інструмент, які ледзь не знік, як безліч іншых нацыянальных каштоўнасцяў, а цяпер зноў, крок за крокам, няўхільна ўваходзіць у моду.
Наступная вечарына Дударскага клуба мае адбыцца праз сераду, 16 лістапада.