Гурты “Крама” і “Нейра дзюбель” вярнуліся на вялікую клубную сцэну ды паўдзельнічалі ў яскравым канцэрце з прэтэнзіяй на фестываль і музычную падзею году пад назвай “Дзень радыё”. У гэты вечар на сцэну ў Re:Public выйшлі таксама “Мутнае вока”, Pomidor/off і :B:N:
На “Дзень радыё” здарыўся прадказальны аншлаг. Склад выступоўцаў быў падабраны бездакорна з улікам таго, што з кожны з іх можа сабраць Re:Public самастойна. Дзіва, але больш чым за паўтара года існавання гэтага клуба “Нейра дзюбель” тут выступаў упершыню пад сваёй сапраўднай назвай, а “Крама” наогул яшчэ не грала. Ініцыятарамі правядзення “Дня радыё” выступіла каманда “Еўрарадыё”, якая сёлета ў лютым правяла ўжо выдатны канцэрт з падвядзеннем вынікаў году “Даём рады”. Галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Віталь Зыблюк выглядае задаволеным ад самага пачатку. Нягледзячы на засцярогі, канцэрт адбыўся, як і планавалася. “Дзень радыё” быў адным з элементаў расследавання, у якім журналісты правяралі на практыцы ці сапраўды шэраг гуртоў выкраслілі з негалоснага чорнага спісу. Запрашалі яшчэ таксама нібы “адмарожаную” “Крамбамбулю”, але з чыста тэхнічных прычынаў Вольскі з кампаніяй паўдзельнічаць не здолелі. “Канцэрт праходзіць выдатна, настрой у публікі мегааптымістычны, людзей багата, нягледзячы на тое, што панядзелак і паралельна ў Мінску праходзіць яшчэ некалькі канцэртаў, – кажа Віталь. – Наша ідэя была якраз у тым, каб сабраць цікавую і непаўторную публіку, аднадумцаў у культурнай і не толькі сферы, якая можа прыйсці нават не на адзін з гуртоў, але збярэцца на ўсе разам. І нам гэта ўдалося. Дырэктар Re:Public падыходзіў да мяне некалькі разоў і казаў, што людзі прыйшлі сапраўды вельмі цікавыя і такой публікі не збіралася раней на ніводным канцэрце тут”. У залі сапраўды пануе непаўторная атмасфера, параўнальная хіба з той, што бывае на “Басовішчы”. Ужо добра падагрэлі публіку “Мутнае вока”, якія трапілі на імпрэзу ў якасці пераможцаў інтэрнэт-галасавання. “Няма прычыны скардзіцца на гаротны лёс!” – кажа са сцэны лідар каманды Яўген Змушка, якога дзяўчаты з “Еўрарадыё” прапануюць на ролю сэкс-сімвала беларускага року. Істотна схуднелы Ілля Маліноўскі праводзіць музычна-адукацыйныя конкурсы ды просіць угадаць назву будучага інтэрнэт-сінгла гурта Pomidor/off, што падлучаецца на фоне. Першыя шэрагі просяць Памідорава ў чорным убранні сыграць “Дым”, які абавязкова прагучыць разам з “Радыё”.
Найбольш горача віталі “Краму”, якая на сцэне Re:Public глядзелася зусім нязвыкла. “Рады вас вітаць пасля перапынку, самі ведаеце якога”, – сказаў на пачатку выступу Ігар Варашкевіч ды прызнаўся, што “Дзень радыё” – для яго асабіста свята важнае, бо якраз з дапамогай прымача ён калісьці дазнаваўся пра ўсе навіны. Лідар “Крамы” ў гэты вечар быў вясёлым і шмат жартаваў: “Нейкі добры чалавек дазволіў канцэрт, так што цяпер не трэба ў Вільню ездзіць”. Музыкі гралі залаты набор з сваіх хітоў, і адпускаць іх зусім не хацелі, так што Варашкевіч нават спеў адну незапланаваную кампазіцыю, хоць і дамаўляліся абысціся без бісаў. Спрэс з драйвовых хітоў-крычалак складаўся сэт наступных выступоўцаў – гурта :B:N:, падчас выступу якіх эфект прысутнасці на “Басовішчы” яшчэ болей узмацніўся. “А цяпер беларуская народная, блатная, хараводная”, – абвяшчае Алесь Лютыч сваю версію “Канюшні” і ўсе ўмомант падхопліваюць знаёмыя словы.
Перад выхадам “Нейра дзюбеля” з залы папрасілі выйсці ўсіх, каму няма 18. Не таму, што Кулінковіч збіраўся брудна лаяцца ці што яшчэ, а таму што час ужо быў позні. Аляксандр павіншаваў усіх са “святам вяртання” ды падзяліўся радасцю з той нагоды, што такія гурты ўрэшце могуць даваць канцэрты ў сваім родным горадзе. “Дзюбеля” гралі нядоўга – працяглы канцэрт на тры гадзіны яны абяцаюць даць 17 мая ў мінскім “Цэнтры”. Дарэчы, менавіта з-за Кулінковіча “Дзень радыё” перанеслі на дзень раней – выявілася, што музыканту падаравалі на 7 мая квіток на адпачынак.
Па неафіцыйнай інфармацыі, з чорнага спіса яшчэ не ўсе выкрасленыя, так што яшчэ застаецца нямала прасторы для дзеянняў. Добра б было, каб кожнае журналісцкае расследаванне на гэтую тэму заканчвалася падобным канцэртам. Наогул жа, “Дзень радыё” плануецца зрабіць штогадовай акцыяй, каманда “Еўрарадыё” таксама марыць зладзіць шэраг канцэртаў у абласных гарадах.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч