This movie requires Flash Player 9
17.05.2012 | Захапленні

Apple Tea: «Лепш за ўсё пельмені гатуюць мужчыны. А менавіта — Ігар Сацэвіч»

tarantino-by-sunduk-0720Іх не палохае карпатлівасць і залішняя працаёмкасць лепкі пельменяў. Для хлопцаў з Apple Tea пельменная творчасць — не проста нагода прабавіць разам вечар і пабалбатаць, гэта цэлая традыцыя, свайго кшталту абрад, у таемства якога нам нечакана атрымалася пракрасціся. У новай серыі праекту “Захапленні” — неацэнныя веды пра тое, які алкаголь найлепей падаваць да пельменяў, як і, галоўнае, навошта гатаваць пельмені, ну і, вядома, само захапленне адных з самых вядомых беларускіх джазмэнаў — Аляксандра Сапегі, Ігара Сацэвіча і Міхаіла Філіпені.

Аляксандр. Я памятаю, як у Варшаве на Каляды мы зляпілі… Ігар, колькі штук пельменяў?

Ігар. Ну, там на сотню ішло. Можа, і 700. Кампанія была выдатная: прыехалі нашы сваякі з Мінска, і ўсе разам ляпілі пельмені. Сядзелі на кухні, балбаталі і ляпілі — забілі 2 велізарныя маразільныя камеры, а потым яшчэ тыдзень елі ўсё гэтае «багацце»!

Аляксандр. Дарэчы, пельмені добрыя менавіта гэтым: іх можна вылепіць на паўгода наперад. Я думаю, яны з’явіліся менавіта з гэтай прычыны: у паўночных краях людзям зручна гатаваць і захоўваць такую ​​ежу.

Ігар. Дакладна! Я чуў, што ў Сібіры так і робяць. А калі пельменны запас ужо не змяшчаецца ў маразілцы, то мяшкі з імі ставяць проста на мароз, на балкон, напрыклад! З доўгімі сібірскімі зімамі можна не баяцца, што праца і прадукты загінуць. Вось і ў нас апошнія гады зімы такія суровыя, што можна смела ляпіць харчовы запас на тры месяцы наперад.

tarantino-by-sunduk-0711

Аляксандр. А ты гэта што зрабіў? Ты што, з’еў сырое мяса?

Ігар. Свежы чысты прадукт — чаму не? Але ў дадзенай сітуацыі я проста спрабаваў фарш. Ён амаль гатовы: засталося дадаць спецыі. У сапраўдных пельменях, кажуць, павінна быць 7 відаў мяса, уключаючы мядзведзіну. Мы абышліся курацінай, свінінай… Гэта, вядома, не кашэрны прадукт, але затое ў ім ёсць трохі сала, цыбулі і вось зараз будуць яшчэ спецыі — соль і перац.

Аляксандр. Яйка не будзем дадаваць?

Ігар. Я не дадаю. Хочаш дадаць?

Аляксандр. Ды не. Проста пытаюся.

Міхаіл. А калісьці гэтая свінка бегала і, можа быць, пра нешта марыла.

Аляксандр. Тут філасофіі не трэба — толькі добры апетыт!

tarantino-by-sunduk-0813

Аляксандр. Я нядаўна чуў, што амерыканскія навукоўцы даказалі, маўляў, у мясе змяшчаецца правільны баланс бялкоў і вугляводаў, у ім ёсць усё неабходнае для жыцця і развіцця кожнага чалавека. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але асабіста я без мяса не змог бы абысціся. Больш за тое, я ўпэўнены, што чалавецтва развілося да цяперашняй інтэлектуальнай адзнакі яшчэ і таму, што прымала ў ежу нешта акрамя каранёў і травы.

Ігар. А я лічу, што чалавецтва ў развіцці дасягнула такіх вышынь, бо чалавек цалкам, як асоба, здольны абысціся без многіх рэчаў, у тым ліку і без мяса. Вось я б змог абысціся без мяса. Але ў нас сёння асаблівая тэма — пельмені. Вегетарыянскія пельмені я сабе слаба ўяўляю.

Аляксандр. Мне здаецца, цяжка абысціся без мяса чалавеку, які займаецца фізічнай працай. Напрыклад, праца бубнача вельмі цяжкая. Напэўна, табе, Ігар, пісаць музыку лягчэй, чым мне граць на барабанах.

Ігар. Дарэчы, было б нядрэнна для прасвятлення стаць вегетарыянцам. Магчыма, і музыка мая зрабілася б больш адухоўленай.

tarantino-by-sunduk-0747

Аляксандр. Я вось упэўнены, што гатаванне ежы — гэта і мужчынская справа. У мужчын асабліва добра атрымліваецца гатаваць мяса: яно патрабуе жорсткай мужчынскі рукі, упэўненага дадавання спецый… Я ведаю шмат жанчын, якія выдатна гатуюць, але пельмені ў іх атрымліваюцца ў light-версіі. Чаго не скажаш пра стравы, прыгатаваныя мужчынамі. Я ўпэўнены, што мой сябар Ігар Сацэвіч — найлепшы кулінар, у якога атрымліваюцца…

Ігар. Трэба было з гэтага пачынаць, Саша, а то ты там нешта пра мужчынскія рукі!

Аляксандр. Я сур’ёзна: дзе толькі я ні быў у гасцях, але лепш за Ігара ніхто не гатуе! А якія ён плюшкі робіць! З мяснымі і агародніннымі начынкамі! Любая жанчына магла б пазайздросціць!

Міхаіл. І табе пазайздросціць як едаку!

Аляксандр. Зайздросціце нам і Ігару, яго майстэрству і яго жывату! Здыміце пуза буйным планам! Вось гэта — Ігар Сацэвіч!

tarantino-by-sunduk-0926

Ігар. Як мяса? Солі хапае?

Аляксандр. Солі якраз хапае, а вось перцу, мне здаецца, трэба яшчэ дадаць.

Ігар. А чаго табе ўсё здаецца? Вазьмі і дадай! Удзельнічай!

Аляксандр. Як няма чаго рабіць? Калі ласка.

Ігар. Усё! Раблю апошні замес і прыступаю да прыгатавання цеста. Дарэчы, сёння з тэстам не абышлося без кур’ёзу: зарадзіў спрасонку цеста ў хлебапечку і прамахнуўся, паставіўшы рычажок не на тое дзяленне. Праз паўгадзіны па кватэры пайшоў пах, якога я зусім не чакаў: здаецца ж, паставіў замешваць і настойвацца цеста, а яно раптам выпякацца пачало. Як высветлілася, памыліўся дзяленнем і загрузіў праграму па выпечцы кексаў, а паколькі цеста было не кексавае, яно, натуральна, пачало падгараць. Давялося перазамешваць.

tarantino-by-sunduk-0822

Аляксандр. А ты малайчына! Я вось таксама цеста сам дома раблю, хоць сёння можна без праблем у краме ўсё неабходнае купіць. Я вельмі рэдка купляю паўфабрыкаты. У асноўным усё гатую сам. Напрыклад, у мяне добра атрымліваецца піца. І часта, паспрабаваўшы яе, людзі дзівяцца, не могуць паверыць, што цеста я раблю сам. А поспех прыгатавання піцы заключаецца, як мне здаецца, менавіта ў добрым цесце.

Ігар. Я б паспрачаўся з табой, Князь, таму што цеста для піцы павінна быць якім?

Аляксандр. Ды я не ведаю. Якім?

Ігар. Яно дражджавым павінна быць. Сумняюся, што ты без хлебапечкі дражджавое цеста робіш.

Аляксандр. Раблю.

Ігар. Заўсёды? Гэта значыць, там усе гэтыя чаканні?.. Паднялося, апусцілася?..

Аляксандр. Ну вядома! На тры гадзіны пакідаю, усё як належыць.

Ігар. Слухай, у тваім выпадку, мне здаецца, прасцей купіць цеста ў краме, чым усе гэтыя чаканні пакутлівыя трываць.

Аляксандр. Не, тое цеста іншае. Я спрабаваў. Я ж з малаком гатую, разумееш? Купляю дрожджы, маленькі пачак, адну пятую частку разводжу з цёплым малаком, грам 30-50. І ўжо ў падрыхтаваную муку ўліваю гэтыя дрожджы, дадаю жаўток, соль, размешваю і пакідаю на тры гадзіны.

Ігар. Ну, тады няма пытанняў!

tarantino-by-sunduk-0764

Аляксандр. Я вельмі сур’ёзна да гатавання ежы стаўлюся. Памятаеш, як даўно мяне прыхапіў кулінарны вірус? А падчас перабудовы мы неяк былі на гастролях у Віцебску: у крамах не было чаго купіць. Тады мы зайшлі ў кнігарню, і я набыў…

Ігар. Так, ты купіў кнігу «Італьянская кухня». Але на чэшскай мове.

Аляксандр. Так, таму да яе давялося купляць чэшска-рускі слоўнік, каб хоць неяк перакладаць тое, што там напісана.

Ігар. Кніга называлася «Мужчына на кухні», так?

Аляксандр. Не, там пра італьянскую кухню розных іх правінцый, пра тое, як яны спрадвеку цеста да піцы робяць. Вось і я, як італьянцы, прытрымліваюся старажытнай рэцэптуры.

tarantino-by-sunduk-0849

Аляксандр. А ты чаму аддаеш перавагу, Міша? Цыганская народная кухня наогул ёсць?

Ігар. Якія там стравы?

Міхаіл. Здаецца, ёсць, але я нічога пра яе не ведаю.

Аляксандр. А чаму табе здаецца? Не можаш спытаць у цыганскага барона?

Ігар. Наогул Міша не цыган, але нам усё роўна: ён цыган для нас.

Аляксандр. Ну а што такое цыганская кухня? Гэта, напэўна, што ухапіў, тое і згатаваў.

Ігар. Цыганская кухня — я ведаю, што гэта такое! Вось вам рэцэпт з яе: для пачатку скрадзі рондаль…

Міхаіл. Ну так, нешта падобнае я чуў.

Аляксандр. А мне ўсё ж здаецца, што стравы цыганскай кухні — гэта тая ежа, якая не шкодная залатым зубам: не цвёрдая, не прыліпала каб, а то раптам метал пашкодзіць.

tarantino-by-sunduk-0870

Ігар. А памятаеш азербайджанскую кухню? Памятаеш, мы былі ў Баку, як нас смачна кармілі там!

Міхаіл. Так! Гэта было супер! Усё заўсёды з травой рознай было. І было смачна, скажы?

Ігар. Так. Яны сапраўды шмат травы ядуць. І нават у гарэлку кладуць гэты… як яго… тархун!

Аляксандр. А памятаеш, мы пайшлі ў Баку ў рэстаран, і ўсе замовілі нейкія неверагодныя рэчы, а мясцовы, што быў з намі, папрасіў сабе звычайную «Кіеўскую катлету». Смешна было! Гэта была адзіная немясцовая страва — катлета па-кіеўску. І ён замовіў яе з пачуццём гонару і годнасці!

Ігар. У нашым гастрольным жыцці, мабыць, лепш за ўсё нас кармілі ў Баку.

Аляксандр. Вострыя прыправы абалдзенныя проста! А памятаеш, у Літве мы пілі каву з дубовай кары?

Ігар. Напэўна, я не ўдзельнічаў.

Аляксандр. Нас гаспадыня сняданкам частавала і падавала забаўную кава з дубовай кары.

Ігар. У Ізраілі, памятаю, нас на Хануку дранікамі накармілі!

Аляксандр. Гаспадыня той невялікай гасцініцы была з Беларусі і калі даведалася, што мы — яе землякі, прыгатавала нам настальгічныя дранікі, якія падаваліся на агульны для ўсіх гасцей шведскі стол. Было вельмі прыемна!

Ігар. І вельмі смачна!

Аляксандр. І вельмі нечакана: у Ізраілі — дранікі!

tarantino-by-sunduk-0774

Аляксандр. А чым гэта ты наразаеш кружочкі для пельменяў?

Ігар. Зараз раскажу: на нейкі з дзён нараджэння мне падарылі кубак. Глядзеў я на яго і раптам зразумеў, што ён ідэальны для выразання кружочкаў з цеста. Прычым у кубка два бакі: вялікім радыусам можна рабіць кружок для варэнікаў, а другім — для пельменяў.

Аляксандр. А не прасцей пельменніцу купіць, ці як яна правільна называецца?

Ігар. Напэўна, прасцей, і ў нейкі момант я быў гатовы купіць яе, але, ведаеш, мне ўсё ж большае задавальненне прыносіць вось гэты працэс мастацкага выразання. Свайго кшталту пакутлівае задавальненне рабіць кожны кружочак асобна.

Аляксандр. Пельмені сада-маза.

Ігар. Да таго ж, нарэзаць цеста машынкай не так прыгожа, як уручную кубкам.

Аляксандр. А ў кубку, напэўна, высакародны метал які-небудзь, так і пельмені «асвечаныя» атрымаюцца.

Ігар. «Асвячаюцца» і дэзінфікуюцца! Як ты думаеш, што гэта? Мельхіёр?

Ігар. Адзін з вешчуноў мог бы насіць імя Мельхіёр — яму б вельмі пасавала.

Аляксандр. Мельхіёр Якаўлевіч. Вельмі нядрэнна гучыць! Слухай, мы ж, калі былі ў Польшчы, вывучылі, як гэтых вешчуноў звалі, так?

Ігар. Балтазар, Мельхіёр і… хто яшчэ там быў? Міша, хто яшчэ? Ты павінен назваць, тады мы будзем сапраўдным джазавым трыа!

Міхаіл. Я ўвогуле баюся штосьці тут дадаць: да валхвоў — без мяне.

tarantino-by-sunduk-0847

Аляксандр. Добра, усё роўна мы будзе працаваць як джазавае трыа: цяпер трэба падумаць пра калектыўную творчасць. Прыступаем да лепкі!

Ігар. Так. Ручкі толькі памый!

Аляксандр. Адбіраем кружочкі, прыбіраем усё лішняе — так творыць сапраўдны скульптар!

tarantino-by-sunduk-0952

Ігар. Я катэгарычна супраць таго, каб купляць пельмені ў краме.

Аляксандр. Гэта праўда: іх нават параўноўваць нельга з хатнімі, а з тваімі — дык дакладна.

Ігар. Бяздушны станок іх лепіць, а вытворца заўсёды не праміне сэканоміць, праўда?

Аляксандр. І мяса часта можа быць не самае добрае.

Ігар. Гэта нават не тэма для абмеркавання. Проста нельга купляць крамныя пельмені. Так проста нельга рабіць, разумееце? Вось і ўсё.

tarantino-by-sunduk-0990

Ігар. Пад пельмені, вядома ж, лепш за ўсё гарэлку, але мы сёння будзем піць віскі. Як і ў музыцы, мне блізкі ф’южн. Ніхто не супраць?

Аляксандр. Ты сур’ёзна пытаешся? Ды я дзеля тваіх пельменяў, дзеля такой кампаніі і такіх вячорак нават ляпіць гэтыя пельмені гатовы.

Міхаіл. Цалкам падтрымліваю: не лянуйцеся, ляпіце пельмені — і вам будзе гэтак жа добра, як нам цяпер!

Даведка “Будзьма беларусамі!”

 

Гурт Apple Tea:

Ігар Сацэвіч

tarantino-by-sunduk-0893

Нарадзіўся ў Беларусі 23 верасня 1965. Першае ўсвядомленае знаёмства з музыкай адбылося ў чатыры гады: ён падабраў на фартэпіяна першыя некалькі мелодый. Адной з іх была вядомая рэвалюцыйная песня “Отважно, товарищи, в ногу”. З першага класа мама аддала Ігара ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, якую ён скончыў па класе харавога дырыжыравання. Але яшчэ ў старэйшых класах ён пачаў асвойваць бас-гітару ў школьным ансамблі. Пасля школы паступіў у Мінскі інстытут культуры па класе бас-гітары. Затым была служба ў шэрагах Савецкай Арміі ў якасці ваеннага музыкі, дзе давялося асвоіць трамбон. Пасля заканчэння службы ў войску год працаваў у студыі ансамбля “Песняры “, пасля чаго адбыўся першы самастойны праект — рок-гурт “Рада”. І толькі пасля гэтага, з 1992 года, у рамках Дзяржаўнага аркестра Беларусі зарадзілася тое, што і завецца цяпер Apple Tea.

Аляксандр Сапега

tarantino-by-sunduk-0792

Нарадзіўся 8 верасня 1963 у в. Бабовічы (Гомельскі раён). На барабанах пачаў граць з 10 гадоў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (Парнат, Мінск). Атрымаў вышэйшую акадэмічную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе ўдарных інструментаў. Пасля Савецкай Арміі, дзе Аляксандр служыў у Смаленскім ансамблі песні і танцу, яго запрасілі ў 1986 годзе ў моладзевую студыю ансамбля “Песняры”, а ў 1987 годзе разам з Ігарам Сацэвічам ён арганізаваў рок-гурт “Рада” і пазней Apple Tea. З 1995 і да сёння выкладае клас ударнай устаноўкі. У 2005 выпусціў навучальна-метадычны дапаможнік High Tea Drummer для ўдарнай устаноўкі. На аснове гэтага курса правёў майстар-класы ў Літве (2000), Польшчы (2001), Латвіі (2003, 2005), Беларусі (2004, 2010), Эстоніі (2005), Азербайджане (2009) і Украіне (2009). З 2005 арганізаваў і штогод праводзіць адзіны ў Беларусі конкурс-фестываль маладых выканаўцаў на ўдарнай устаноўцы “Барабанны БIТ”.

Міхаіл Філіпеня

tarantino-by-sunduk-0720

Нарадзіўся і вырас у Мінску ў сям’і прафесійнага музыкі — тата, флейтыст і клавішнік, граў у многіх вядомых музычных калектывах Беларусі. Першыя ўрокі музыкі атрымаў, натуральна, ад бацькі. У сем гадоў Міхаіла ўзялі ў музычную школу па класе фартэпіяна, пасля заканчэння якой ён пачаў самастойна займацца на гітары. Праз некалькі гадоў паступіў у Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі на эстраднае аддзяленне. На трэцім курсе яго запрасілі ў Apple Tea, дзе ён і працуе да сёння.

Ганна Трубачова, фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч


4 Каментаў у “Apple Tea: «Лепш за ўсё пельмені гатуюць мужчыны. А менавіта — Ігар Сацэвіч»”

  1. андрей says:

    всё-таки правильно не вырезать кружки из теста, а раскатывать каждый отдельно. иначе остатки теста у вас будут более сухие и поэтому их придётся выбросить. вот тут хорошо видно, на примере колдунов — http://www.talerka.ru/recept/belarus/kolduny_los/ — как работать с тестом без потерь в качестве.

  2. і ўвогуле шкада, што тое, што стагоддзямі ў нас называлася калдунамі (ну, у некаторых варыянтах вушкамі), цяпер усе называюць пельменямі. А калдунамі лічайь або цэпеліны, або дранікі з мясам. Традыцыйную наменклатуру неймаверна цяжка вярнуць, супраціў стэрэатыпаў савецкай этнаграфіі – жахлівы

    • андрей says:

      тут не жаловаться надо, а брать интервью у правильных людей. тогда меньше будет пельменей и больше колдунов, шалтаносов, вареников и капытков. иначе тут скоро майонез в борщ лить начнут.

      • у нас в стране почти нет людей, которые знают исходное значение слова колдуны. Статистика у нас большая – уже почти 3,000 гостей через нас прошло, плюс х. туча журналистов. И никто не знал, за исключением 2-3 человек, ну мы может из этих 3000 что-то отложили в мозгах у 300. Это на 9,5 миллионов

        при этом у нас какбэ нац. Адр-ньне.

        и это очень грустно, приходится признать!

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика