У чарговым канцэрце праекту “Tuzin.Unplugged” узялі ўдзел адразу тры выканаўцы. Гурт “Босае Сонца” падрыхтаваў праграму з невялічкім аркестрам, Паліна Рэспубліка зачаравала публіку песнямі пад адну гітару, а “J:Морс” парадаваў вялікай акустычнай праграмай.
“Гэты праект для тых, хто рэальна не хаваецца за моцай гуку і здольны сыграць як электрычны канцэрт, так і падобны па энергетыцы камерны”, — акрэсліў у пачатку вядоўца імпрэзы Алег Хаменка канцэпцыю праекту “Tuzin.Unplugged”. Алег доўга не размаўляў і выказаў спадзяванне, што ў клубе прысутнічае падрыхтаваная аўдыторыя, якая ведае, каго пачуе.
Вядоўца без асаблівага прадстаўлення паклікаў на сцэну гурт “Босае Сонца”. Яго лідар Алесь Кот-Зайцаў цягам свайго выступу прадстаўляўся паступова сам. Найперш музыка паведаміў, што на “Tuzin.Unplugged” ажыццявіў сваю даўнюю мару — заіграць з такім міні-аркестрам, трыма прыгожымі дзяўчатамі, якія часова ўвайшлі ў скрыпічную секцыю “Босага сонца”. Да гэтага выступу музыкі паставіліся з усёй магчымай адказнасцю, падрыхтаваўшы спецыяльную праграму. Алесь казаў, што для іх немалы гонар выступаць у сумесным канцэрце з “J:Морс”, у пэўны момант ён нават прадставіў публіцы песню, якая лучыць яго гурт з зорнымі гасцямі — яна завецца “Я люблю” і сапраўды магла б з лёгкасцю ўвайсці ў рэпертуар Уладзіміра Пугача. “Вы, напэўна, прыйшлі на “J:Морс”, а нас не ведаеце”, — казаў Кот-Зайцаў. Адказам яму было дружнае: “Не!” На знак падзякі за такое музыкі сыгралі сваю фірмовую “Зіму”, галоўны хіт “Босага Сонца” на гэты момант, рэальна самую папулярную песню на партале Tuzin.FM апошнія два месяцы. “Вы — класная публіка! — дзяліўся ўражаннямі пад канец выступу лідар “Босага Сонца”. — Нам прыемна выступаць перад гуртом, які збірае Палац спорту, але мушу сказаць, што “морсамі” не нараджаюцца, “морсамі” робяцца”.
Наведнікаў гэтага канцэрту “Tuzin.Unplugged” чакала яшчэ адна прыемнасць — выступ маладой спявачкі Паліны Рэспублікі, якая на запрашэнне партала Tuzin.FM сыграла некалькі сваіх песняў. Паліна заявіла, што разумее, што знаходзіцца на той самай хвалі, і прызналася, што яе мара, пра якую яна думала некалькі гадоў, урэшце здзейснілася. Дзяўчына даўно хацела сыграць канцэрт у “Графіці”. Слухалі яе песні з асаблівай увагай і вельмі актыўна падтрымлівалі. Відаць, пасля “Tuzin.Unplugged” прыхільнікаў у спявачкі значна паболела.
Перад выхадам хэдлайнераў вечарыны Алег Хаменка разыграў падарункі ад сяброў (ад слова “партнёры” вырашана было адмовіцца) партала Tuzin.FM — кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На першыя два пытанні гледачы адказалі без асаблівых цяжкасцяў — адразу адрэагавалі на пытанне, дзе нарадзіўся Уладзімір Пугач (у Пінску, калі хто не ведае) і якое сапраўднае прозвішча Паліны Рэспублікі (Паланейчык). Замінка была з адказам на трэцяе пытанне: у якім годзе рускія войскі на чале з князем Валхонскім дашчэнту знішчылі родны горад лідара “J:Морс”. Урэшце адзін з гледачоў здагадаўся ці ўспомніў правільную дату — 1655 год.
“J:Морс” выйшлі да публікі ў скарочаным складзе, з флейтай і гітарай, і сыгралі свае найлепшыя песні ў лайт-варыянце. “Мы ўжо далі два канцэрты ў Палацы спорту і ніводнага ў “Графіці”. Гэтую прыкрасць будзем выпраўляць. Так што можаце бухла нам праставіць ці песню замовіць”, — з усмешкай заявіў Пугач і досыць нечакана пачаў свой сэт з “Web-дизайна”. Багата ў гэты вечар прагучала беларускіх песняў “морсаў”, нават “Адліга”, якая рэдка выконваецца на канцэртах. Потым яшчэ лідар “J:Морс” скажа сваім прыхільнікам, што досыць няпроста даваць канцэрты, дзе адлегласць між музыкамі і публікай мінімальная. Але музыкі вельмі хутка асвоіліся на невялічкай сцэне “Графіці” і сапраўды пачалі граць песні на замову, са свайго рэпертуару, натуральна, а Пугач яшчэ пачаў расказваць анекдоты. Так незаўважна і скончылася чарговая сустрэча ў межах “Tuzin.Unplugged”. Чарговы канцэрт ужо хутка — 24 лютага ўпершыню ў камерным варыянце зайграюць гурты ZM99 і Znich.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч