Навукоўцы сцвярджаюць: ад 80 да 90% інфармацыі мы атрымліваем праз вочы. Зрокавыя вобразы, якія атачаюць чалавека, уплываюць на яго на самых розных узроўнях — ад імгненнага настрою да менталітэту. Хто і навошта ў Беларусі карыстаецца гэтай акалічнасцю, напрыклад, абараняючы нас ад еўрапейскай культуры ці ствараючы стэрэатып аб тым, што мы — “расійская губерня”? Пра што кажа візуальнае асяроддзе ў Беларусі? Як дамагчыся таго, каб яно паляпшала нашае жыццё? Якая сувязь паміж нязбітым малюначкам і паспяховым бізнэсам? Хто такія “зулусы” па-беларуску і якой яны бачаць навакольную рэчаіснасць? Пра гэта мы гаворым з Артурам Вакаравым, заснавальнікам і творчым дырэктарам дызайн-студыі “Адліга”. Чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”.
— У Беларусі склалася парадаксальная сітуацыя: у адной і той жа краіне, у адным і тым жа грамадстве быццам суіснуюць два народы. Ёсць вузкае кола людзей з шырокім кругаглядам, цікавасцю да культуры, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. А паралельна з імі тут жыве, паводле маёй асабістай гістарычнай інтэрпрэтацыі, вялікая “зулуская” абшчына. Як іх сюды прывезлі, перафарбавалі і прызначалі на кіроўныя пасады — асобная гісторыя. Але факт у тым, што іх абсалютная большасць і яны іншыя, чым тая меншасць беларусаў, да якой належу, напрыклад я. У гэтых дзвюх груп беларусаў абсалютна розныя каштоўнасці, светапогляд, жыццёвыя памкненні. Больш за ўсё гэта нагадвае суіснаванне каланістаў і першабытнікаў часоў метраполій, магчымае толькі на ўзроўні эканамічнай зацікаўленасці і ажыццяўлення бытавых патрэбаў. Каланісты і “зулусы” не могуць сумесна будаваць адно грамадства, уступаць у шлюбы і піць партвейн у адной кампаніі. Гаварыць адно з адным няма пра што. За “зулусамі” звычайна назіраеш, і ў залежнасці ад настрою робіцца ці смешна, ці сумна. Вось, да прыкладу, распаўсюджаны міф аб прыгажосці “зулускіх” жанчын, зусім не працуе ў асяроддзі джэнтльменаў з метраполіі: бюст — так, ножкі стройныя, тварам добрая. Я як мужчына рэагую на яе прывабнасць. Але варта ёй рот раскрыць — усё, тонус упаў. На жаль, “зулусы” — не афрыканская абстракцыя, яны вельмі блізка. Блізкія да хваравітасці, як бацька, бліжэйшага за якога чалавека няма. Я яго вельмі люблю, але нам амаль няма чаго абмеркаваць, акрамя надвор’я, футбола і гаспадарчых патрэб.
— Значыць, атрымліваецца, гэтыя дзве групы людзей не аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі, агульнай культурай у шырокім сэнсе слова?
— Так, у іх рознае разуменне культуры, розная логіка, розныя грамадзянскія пазіцыі. Але “зулуская” большасць пра гэта ўвогуле ніколі не задумваецца. Іх не турбуе гэты кантраст, па вялікім рахунку яны яго і не адчуваюць. Яны жывуць сваім звыклым жыццём, ходзяць на працу, ездзяць на дачу, глядзяць тэлевізар, слухаюць радыё. І тое, што яны бачаць і чуюць з афіцыйных “зулускіх” СМІ, для іх і ёсць культурай, жыццём, карцінай свету. Свядомасцю гэтых людзей лёгка маніпуляваць. Яны вераць: тое, што выстаўляюць у музеі, — гэта мастацтва, тое, што вісіць на бігбордзе, — гэта дызайн, тое, што гучыць па радыё, — гэта музыка. Выбіраючы сваю манеру апранацца, мець зносіны, бавіць вольны час, яны кіруюцца статкавымі рэфлексамі, сфармаванымі інфармацыйным і візуальным асяроддзем. І гэта натуральна для людзей, якіх вельмі доўга прымушалі баяцца найменшых праяваў індывідуальнасці.
— Тады ці можна сказаць, што ў хлопчыка з Фларэнцыі больш шанцаў вырасці ў творчую і высокадухоўную асобу, чым у хлопчыка з Шабаноў?
— Пытанне рытарычнае. Безумоўна, хлопчык з Фларэнцыі выхоўваецца на еўрапейскай культуры з адпаведнымі традыцыямі. У яго першапачаткова багаты бэкграўнд. Ён кожны дзень сутыкаецца з магутным пластом агульнасусветнай культуры, таму што там яна прайграецца не толькі на ўзроўні высокай культуры, але і праецыюецца на ўтылітарную культуру: моду, дызайн, рэкламу. Можна нічога спецыяльна не шукаць — досыць проста гуляць і глядзець навокал. Нават калі твая дзейнасць не звязаная з творчасцю, калі ты не вучышся ў адпаведнай навучальнай установе, ты ўсё роўна ўзаемадзейнічаеш з праявамі культуры ў паўсядзённым жыцці, бачачы афішы, архітэктуру, графіці, кнігі і часопісы…
А вось хлопчык беларускі выхоўваецца на нейкай постсавецкай папсе, якая тут ўзведзеная ў ранг культурнага мэйнстрыму. Усе гэтыя ваенныя парады, праваслаўе, чырвона-зялёныя “Буслік” і “Зубрык”, засілле спорту, радыё, эфір якога на дзве траціны напоўнены папсой, — яны падмяняюць сабой культуру, з’яўляючыся хутчэй прапагандай. Увесь гэты комплекс спараджае і каляровыя рашэнні, якія нас атачаюць, і зрокавыя вобразы, многія з якіх ужо сталі знакамі. Яны з’яўляюцца з асяроддзя, у якім мы жывем, і асядаюць у ім жа. Нейкае замкнёнае кола — усюды адно і тое ж. Я і сам рэфлексую на гэты візуальны шэраг, іранізую з яго ў сваёй творчасці, раблю смешным і не страшным — гэта мой уклад. Але насамрэч мэйнстрым фармуецца людзьмі абмежаванымі: вобразаў катастрафічна не хапае. Зубры і бібліятэка так зацяганыя, што ўжо не смешна з іх смяяцца. Хлопчык з Шабаноў, калі ён не захоча стаць хакеістам, зможа выбіраць паміж кар’ерай дзядзькі з цвікамі або грамадскай дзейнасцю па азеляненні двароў у спартыўным касцюме і вастраносых чаравіках.
— З іншага боку, ёсць літаратура, інтэрнэт — інфармацыя сёння даступная кожнаму.
— Так, але каб шукаць інфармацыю, трэба мець цікавасць, трэба пра праблему думаць. У большасці нашых людзей і мысленне ў цэлым, і жаданні, і інтарэсы вельмі пэўныя і прагматычныя: павышэнне па службе, новая машына, еўрарамонт — вось канкрэтныя мары простага “зулускага” абывацеля. Гэта асаблівасць усіх маладых нацый, якія толькі цяпер, у першым пакаленні, пачынаюць прывыкаць да прыватнай уласнасці, іерархіі рынкавых каштоўнасцяў, магчымасці выбару шляху самасцверджання. Маладое грамадства павіннае “пад’есці” матэрыяльных каштоўнасцяў. Нарэшце людзі атрымалі магчымасць зарабляць, і яны пакуль занятыя тым, што ўкладаюць грошы ў нейкія атрыбуты статусу, якія, пры недастатковасці культурнага ўзроўню, падмяняюць яго і робяцца паказчыкам новых саслоўных праслоек.
“Зулускаму” грамадству цяпер не да культуры. Яна прыйдзе пазней, праз некалькі пакаленняў. А пакуль людзі глядзяць на ўсё візуальнае смецце, якім іх атачаюць, глядзяць, але не бачаць, змірыўшыся з заканамернасцю менавіта гэтай палітры. Пляваць ім на гэта ўбоства. Яны змірыліся са сваёй убогасцю і нацыянальнай другаснасцю. Няма культурнага выхавання, якое не дазволіла б бязбольна абсарбаваць візуальны трэш. У старэйшага пакалення лінейнасць саўковага бэкграўнду, у маладога — павярхоўнасць найпрасцейшых радасцяў інфармацыйнай эпохі. Мы да гэтага часу жывем у саўку. Таталітарная дзяржава робіць людзей замкнёнымі, шэранькімі і безыніцыятыўнымі.
— Атрымліваецца, беларусу прасцей быць як усе і не праяўляць ініцыятывы?
— Так, так і ёсць. Людзі прывыклі быць у натоўпе. Гэта ж нашая сацыяльная мараль: быць як усе. Калі ты не як усе, значыць, ты нейкі перакрут, сацыяпат. А можа быць, нават підар*с. Перадумовы да такой насцярожанасці складаліся дзесяцігоддзямі. Ну адкуль тут з’явіцца індывід, які незалежна мысліць, калі ўсіх незалежных у нас ставілі да сценкі на цягам двухсот гадоў? Нават ціхіх беларускіх будыстаў-хутаранцаў перасялялі ў вялікія вёскі і прымушалі сяліцца домік да доміка. Гэта была палітыка стварэння калектыўнага розуму, кіраваць якім прасцей, чым розумам індывідуальным.
Сёння грамадскай свядомасцю таксама кіруюць, толькі прылады выкарыстоўваюць іншыя. Напрыклад, чалавек і сам не заўсёды ўсведамляе, наколькі моцна на яго ўплывае медыйнае асяроддзе. Але ён мімаволі падпарадкоўваецца таму, што яно транслюе. Маючы ў распараджэнні моцныя медыйныя інструменты, можна дыктаваць усё што заўгодна, фармуючы ў людзей у тым ліку зададзенае разуменне культуры. Культурны мэйнстрым у нас вызначаюць “наверсе”, рэтранслюючы яго праз галоўныя гучнагаварыцелі краіны. А генетычна зашуганы дырэктар сельскага клуба або раённага музея ўбірае і перапрацоўвае гэта ў непрыязнасць да ўсяго нелінейнага і разумнага.
— Можна прыклад: што нам такім чынам навязваюць сёння?
— На сённяшні момант дзяржаўнаму істэблішменту выгадная ідэалагічная і культурная прывязка да таталітарнага ўсходу, а не да дэмакратычнай Еўропы. Таму нас імкнуцца адгарадзіць ад еўрапейскай культуры, у тым ліку праз напаўненне інфармацыйнай прасторы нашага паўсядзённага жыцця. Адсюль і засілле расійскай папсы, і культываванне расійскай культурнай дамінанты, і бар’еры на шляху еўрапейскіх праектаў. 200 гадоў гэта ёсць парадыгмай расійскага культурнага ўплыву. Нам навязваюць усходні менталітэт і гістарычную прадвызначанасць быць чарговай расійскай губерняй. Але Беларусь не Удмуртыя і не Адыгея, ні геаграфічна, ні метафізічна. Мы ніякая не расійская правінцыя, мы ніякі не расійскі курорт. Мы — еўрапейская краіна, і гэта гістарычна і культурна арганічна.
— Мы ўшчыльную падышлі да палітычнай праблематыкі. Але ёсць жа рэчы, якія не датычаць палітыкі: можна пайсці, напрыклад, і адстаяць месца ў цэнтры горада, каб там не пабудавалі нейкі пачварны гатэль або офіс. Або ініцыяваць выставу. Не так ужо складана пайсці і сабраць некалькі тысяч подпісаў.
— Па-мойму, іх няпроста сабраць. Гэта вялікі арганізацыйны праект, якому будуць перашкаджаць. Несанкцыянаванае мерапрыемства! Людзі са свайго боку робяць усё што могуць. Я працую, ты працуеш, яшчэ 5 тысяч чалавек працуюць і робяць добра і цікава тое, што яны могуць рабіць. Але гэта ўсё прыватныя, малыя культурныя ініцыятывы. Ні я, ні ты, ні 5 тысяч чалавек не могуць паламаць сістэму. У нас няма для гэтага незалежных рэсурсаў. Шырокаахопныя, эфектыўныя інфармацыйныя каналы моцна трымаюцца ў руках дзяржавы. Тым жа бігбордам або плазменным экранам у цэнтры горада, які кожны дзень ва ўсіх на вачах, распараджаецца чыноўнік. А паспрабуй прапануй гэтаму чыноўніку: “Давай памяняем гэтыя ўбогія вобразы “Я люблю Беларусь” на штосьці больш інтэлектуальнае і змястоўнае”…
— І што б вы прапанавалі?
— Прапанаваў бы папулярызаваць сучасную беларускую і еўрапейскую культуру, мову, гісторыю, ускладніць і пашырыць вобразы “сінявокай”.
— Вы пагадзіліся б, калі б прыйшлі і прапанавалі супрацоўнічаць?
— Вядома. Але ніхто ж не прапануе, таму можна смела казаць: “Вядома!” Нас жа і блізка не падпусцяць.
— А вам наогул даводзілася выконваць заказы дзяржаўных арганізацый?
— Вось нядаўняя гісторыя з “Цэнтрам сучаснага мастацтва”. Прыстойныя плошчы, як той казаў, “нехта ў лесе здох”, аддадзеныя пад папулярызацыю сучаснага мастацтва. Нас паклікалі, завабілі плошчамі і магчымасцю выстаўляць і прапагандаваць беларускі дызайн. Страцілі час і нервы. Звычайнае чыноўніцкае балота, якое не ведае, каго слухаць і што рабіць, але якое добра ўмее ўсяго баяцца. Ужо некалькі гадоў там мог бы быць сапраўдны цэнтр культурнага жыцця горада, якіх вой як не хапае. Жыццёвы анекдот: кіраўніку гэтага цэнтра прапануюць размясціць сайт пад традыцыйным і лагічным імем www.cac.by. Такія дамены займаюць усе Contemporary Art Center’ы ў свеце. Але толькі не наш. Кіраўнік САС-Мinsk быў цвёрды: “Як гэта мы будзем так называцца “как”, кака нейкая?”
Дык вось, нават моцна падазраючы падвох, мы падрыхтавалі праект выставы міжнароднага друкаванага дызайну. Але тут раптам усё сышло на не. Калі справа даходзіць да нейкай канкрэтыкі і гаворка ідзе пра тое, што будзе паказанае свабоднае мастацтва, незалежнае, альтэрнатыўнае, нам кажуць: “Не-е-е”.
— Чаму? Чым гэта тлумачаць?
— Чым заўгодна: няма сродкаў на рамонт, няправільныя дакументы, не тая канцэпцыя, цячэ прыбіральня, трэба правесці выставу дзіцячага малюнка… Вось так і заканчваюцца ўсе спробы папрацаваць з дзяржавай. Так адбываецца не таму, што ў нас не хапае таленту ці ініцыятыўнасці. Проста мы за рысай лаяльнасці. Невыпадкова адзін з прынцыпаў нашай студыі — не працаваць з дзяржпрадпрыемствамі і дзяржустановамі. Мы з імі існуем паралельна. Яны — самі па сабе, мы — самі па сабе. Мы жывем быццам у гета. Звычайнае дысідэнцкае жыццё. Як за савецкім часам: з кухні на кухню, з выставы на канцэрт. Усё зроблена сваімі для сваіх. А на кухні ўжо пабалбатаць можна, і вочы адкрыць, музыку паслухаць.
— У вас ёсць прыклады таго, што людзі згаджаюцца на нестандартныя рашэнні — і атрымліваецца класны вынік?
— Да нас у “Адлігу” прыйшоў просты беларускі фермер. Праўда, зусім просты. Замовіў фірмовую айдэнтыку. Мы намалявалі, як заўсёды, выразна і смела. Ён прыняў працу, хоць яму было страшна: ён ніколі такога не бачыў, не асацыяваў са сваёй дзейнасцю. Ніхто з яго атачэння нічога такога не робіць, але ён — чалавек нашай светлай будучыні. Ёсць такія людзі, якія самі, насуперак дзяржаўнаму мэйнстрыму і ўсеагульнай шэрасці, неяк прабіваюцца скрозь асфальт. Яны не заўсёды дакладна ведаюць, што і як трэба рабіць, але ў іх ёсць нюх, інтуіцыя, унутраная культура, ці што. У іх ёсць нейкая жвавасць, рызыкоўнасць, жаданне быць асаблівым.
— І як склаўся лёс фермера?
— Пасадзіў моркву. Пасяўная прайшла паспяхова, і цяпер мы працуем далей, будуем візуальнае пашырэнне брэнда.
— А як грамадства прымае такія крокі ўбок? Як нестандартнае рашэнне ўплывае на вынік?
— У галаве многіх кліентаў укаранілася боязь індывідуальнасці. Ім проста здаецца, што нестандартны ход не ўспрымуць, не зразумеюць. У нас, калі распрацоўваецца ўпакоўка для шакаладу, на ёй абавязкова павінен быць какава-боб. Такое патрабаванне заказчыка, які баіцца вылучыцца і не разумее, што непадобнасць да іншых — адна з найважнейшых канкурэнтных пераваг у сучасным свеце. І гэта сапраўды працуе! Паглядзі навокал: якія кавярні самыя поўныя? Тыя, у якіх ёсць атмасфера, якія маюць харызму. Якія праекты робяцца паспяховымі? Яркія, незвычайныя, зачэпістыя. Гэта ўсё хлусня, што ў нас тупое абмежаванае насельніцтва. Грамадства ўспрымае наватараў, і ўспрымае пазітыўна.
— Якая сфера ў нас сёння найбольш гатовая да навацый?
— Натуральна, тая, дзе вышэйшая канкурэнцыя. Калі рычагі цэнаўтварэння ўжо не дзейнічаюць, калі ўсе скочваюцца да сабекошту і прыцягваць нізкай цаной робіцца немагчыма, тады ёсць імавернасць, што нехта рызыкне быць асаблівым, дзейнічаць іншымі, больш інтэлектуальнымі метадамі. Але так бывае не заўсёды. Многія гатовыя хіліцца ніжэй за плінтус, працаваць з мінімальнай рэнтабельнасцю, але толькі не адрознівацца ад канкурэнтаў.
— Ці можаце назваць прыклады ўдалага рашэння карпаратыўнага стылю або візуальнай рэкламы беларускіх кампаній?
— Хапае. Вочы адпачываюць на рэкламе “Атлант-М”, “Савушкіна”, “Мілавіцы”, многіх іншых. Можа, не заўсёды крэатыўна, але прынамсі эстэтычна. Удалыя вобразы, добрыя каляровыя рашэнні, адэкватныя шрыфты, якасны дызайн. Мабыць, невыпадкова яны лідары ў сваіх нішах.
— Ці ёсць шанец зрабіць так, каб мы бачылі вакол сябе больш праяваў сапраўднай эстэтыкі, сапраўднай, глыбокай культуры? Каб нашае грамадства, гледзячы на гэта ўсё, таксама змянялася да лепшага?
— Вядома ж, гэта вялікая праца — мяняць культурную парадыгму грамадства. Для пачатку трэба змяніць кірунак, у якім мы рухаемся. Цяпер мы ўвесь час азіраемся на нядобрыя старыя дзянькі. На славутых бабуль, столь успрымання якіх не дазваляе прасоўваць нічога свежага, цікавага. А трэба глядзець наперад, у бок нармальнага сучаснага развіцця ў духу еўрапейскай культуры. Магчыма, змена культурнага вектара з усходняга на заходні будзе адрынацца нейкай часткай насельніцтва. Але гэта ж “зулусы” на ўсё згодныя і да ўсяго абстрактнага абыякавыя. Затое праз 20, 30 гадоў гэтая праца памяняе краіну. Вырасце пакаленне, выхаванае на іншай, прагрэсіўнай культуры. І менавіта яна стане нашай новай паўсядзённай рэальнасцю.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва “Таранціны і сыны”)