Піцерскі гурт прыехаў з канцэртам ў ДК МАЗ, каб сыграць свае найлепшыя песні ў межах юбілейнага туру.
З нагоды свайго 30-годдзя “АукцЫон” вырашыў аб’ехаць з канцэртамі свае ўлюбёныя гарады. Перад Мінскам яны гралі ў Смаленску, пасля выступяць у Піцеры, Маскве ды Кіеве. Пакуль музыкі рыхтуюцца да выступу, сімвал гуртаАлег Гаркуша раздае ў фае аўтографы ды намагаецца прыгадаць, калі ўпершыню прыехаў у Мінск з канцэртам. “Вельмі складана сказаць, бо вельмі моцна піў у той час. Памятаю, што ў адзін з прыездаў у Мінск пазнаёміўся з Сяргеем Міхалком. Было гэта недзе пры канцы 80-х — на пачатку 90-х. Міхалок у той час таксама моцна піў”. З лідарам “Ляпісаў” шоумен Гаркуша сябруе і дасёння, хоць абодва публічна заявілі, што кінулі ўжываць алкаголь. Нядаўна Алег вёў фестываль “Воздух” у Петразаводску і падчас выступу беларускай каманды станчыў на сцэне пад песню “Африка” ў знак павагі да Міхалка і аўтара кампазіцыі, свайго сябра Олдзі з “Комитета охраны тепла”, які памёр тры гады таму.
Тым часам публіка запаўняе залю ДК МАЗ ды пачынае актыўна клікаць музыкаў на сцэну. Першымі з’яўляюцца духавікі, а потым ужо ўсе астатнія. Леанід Фёдараў, як заўжды, займае месца на ўскрайку сцэны. Паводле традыцыі, ён не прамовіць аніводнага слова, будзе толькі спяваць. Адказным за публічныя стасункі ў гурце заўжды быў Гаркуша. Ён з’яўляецца эфектна — у бліскучым залацістым пінжаку са скураным партфелем, у якім прыхаваныя розныя магічныя прадметы, што будуць даставацца цягам двухгадзіннага канцэрта. Дзея пачынаецца з “Огня” з апошняга па часе альбому “Юла”. Песні з гэтай ды перадапошняй кружэлкі “Девушки поют” музыкі будуць чаргаваць са сваім даўнім класічным матэрыялам.
Адбываецца ўсё пераважна такім чынам: Фёдараў бярэ першыя акорды, твор адразу ж пазнаецца і падхопліваецца слухачамі: “Я нервный, я верный, пока…”. Зразумела, што кожны прагнуў пачуць сваю ўлюбёную песню “АукцЫона”. І некаторым пашчасціла. Прагучала “Полька” (яна ж “Сосёт”) з “Как я стал предателем”, “Немой” з “Жопы”, “Фа-фа-фа” з “Бодуна”, “Внутри собаки” з “Чайника вина”… Гаркуша паралельна казаў пра неабходнасць мець унутраную дабрыню ды чытаў свае па-дзіцячы наіўныя вершыкі: “Я хочу быть досточкой, или просто мостиком, чтобы ближе быть мне с тобой”.
На “Осколках” частка залі не ўсядзела ды кінулася ў танцы. Ахова была даволі карэктнай і гвалтам нікога на месцы не ўсаджвала, як тое часцяком здараецца на рок-канцэртах у КЗ “Мінск”. Рэшту часу самыя актыўныя прыхільнікі “АукцЫону” правялі на нагах.
Пры канцы Гаркуша звыкла пажадаў “шчасця, здароўя, любові і шмат не піць” ды пайшоў следам за астатнімі музыкамі, прыхапіўшы свой партфель. “АукцЫон” клікалі на біс упарта, і яны выйшлі, каб спець магічнага “Лейтенанта”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч