Славутая піцерская каманда прыехала ў Мінск, каб прэзентаваць свой апошні альбом “Юла”, але вырашыла напляваць на ўмоўнасці ды сыграла праграму з абраных песняў ранейшых гадоў.
“АукцЫон” стараецца прыязджаць у Мінск хаця б раз на год. Гэтым разам піцерскі гурт меўся прэзентаваць беларускім слухачам свой адзінаццаты студыйны альбом “Юла”. Так яно спачатку і падалося, калі на сцэну адзін за адным выйшлі музыкі гурта і пачалі якраз з першага трэку “Огонь”, паводле якога меркавалася назваць кружэлку. Спачатку з’явіўся Гаркуша ў бліскучым пінжаку, за ім Фёдараў, нервовы і сціплы, за клавішы стаў Дзмітрый Азерскі, асноўны тэкставік “АукцЫона”… Усяго музыкаў было васьмёра, і яны цалкам занялі сцэнічную прастору. За размову з публікай, як заўжды, адказваў неўтаймаваны Гаркуша, які займаў месца за мікрафонам акурат пасярэдзіне. Вакаліст Фёдараў ціснуўся злева ад сцэны і зусім не прыцягваў бы ўвагі, калі б не спяваў.
Але на песнях з “Юлы” госці вырашылі не засяроджвацца і збудавалі праграму такім чынам, што ў яе ўвайшлі творы з розных альбомаў, прычым не заўжды тыя, якіх чакала публіка. Абышлося, напрыклад, без “Дня победы”, “Птицы” і “Дороги”, як бы там хто ні прасіў. Затое прагучала “Внутри собаки”, адзін з шэдэўраў з альбома “Чайник вина”, записанага 20 гадоў таму разам з расійскім паэтам-авангардыстам Аляксеем Хвасценкам. Згадаў Фёдараў і “Оcколки” з узорнай працы каманды «Как я стал предателем» (1989) і чароўную “Фа-фа” з “Бодуна” (1991). Была і рэшта з папярэдняга альбома “Девушки поют”, як “Роган Борн” і “Долги”.
Насуперак чаканням, Гаркуша практычна не чытаў сваіх вершаў між песнямі. І вось раптоўна бліжэй за завяршэння канцэрту прадэкламаваў адзін з улюбёных уласных. На фоне дэкарацый мінскага ДК МАЗ у выглядзе зорнага неба паэт-шоумэн глядзеўся як персанаж фільма Дэвіда Лінча:
Она смотрела на мужчин
Без осмысления причин,
И взглядом очень тонким
Колола их иголкой,
И делала прически,
И мерила наряды,
И жгла свои расчески,
Чему была и рада.
Вела свои записки
И там стихи писала
Про счастье и ириски
И свет большого зала.
Во сне была актрисой,
И красотой душила,
И старые кулисы
С печалью долго шила… шила… шила…
Пасля класічнай парачкі “Седьмой” і “Лети, лейтенант” музыкі адкланяліся, але неўзабаве вярнуліся, каб выканаць на біс “Мою любовь”. “Любові, шчасця і здароўя! Не ўжывайце алкаголю”, — засцярог пасля выканання гэтай песні Алег Гаркуша ды развітаўся з публікай. Астатнія засталіся яшчэ на хвілінку, каб выканаць для мінскіх слухачоў “Зимы не будет” з клезмерскім уступам.
Сяргей Будкін
Фота: Воля Баркоўская