Расійскі пісьменнік беларускага паходжання, аўтар кніг “Варшава”, “Гопнікі”, “Школа”, “СССР” Уладзімір Казлоў прэзентаваў у Мінску дзве новыя кнігі — раманы “1986” і “Свабода”.
Вось Уладзімір Казлоў чытае ўрывак з рамана “1986”. Яго манера літаратурнага аповеду нагадвае цягнік — хуткая, выразная, рытмічная проза. Без вады і лірыкі. Сухі мінімалістычны стрыманы стыль, карціна свету як яна ёсць. Мабыць, так і трэба казаць пра той час, які ахоплівае раман. Нехта са слухачоў параўноўвае Казлова з Балабанавым — за атмасферу.
Месца дзеяння рамана “1986” — нейкі беларускі індустрыяльны горад (у якім распазнаецца Магілёў, родны горад аўтара). У цэнтры сюжэту — расследаванне серыі згвалтаванняў і забойстваў.
“Паралельна тут ідзе гісторыя следчага, які расследуе гэтае забойства, — тлумачыць Уладзімір Казлоў. — І я паказваю нестыкоўку паміж героем і рэальнасцю, у якой ён жыве: 1986 — год, калі ў Савецкім Саюзе ўсё дайшло да найніжэйшага пункту, і падаць далей ужо проста не было куды.
Гэта мая адзіная кніга, напісаная ў жанры рамана “нуар” (амерыканскі крымінальны раман 1940—1950 гг.). Я памятаю, ў 1980-я да жанравай літаратуры ставіліся з перадузятасцю і пагардай. Маўляў, трэба чытаць толькі высокаінтэлектуальную літаратуру кшталту Пастарнака. І я, нібы той дурань, чытаў “Доктара Жывага”. А дэтэктыў лічыўся нейкім смеццем. Але калі я адкрыў для сябе нуар, то адразу зразумеў, што гэта цікава.
Калі я задумаў раман “1986”, я шмат чытаў літаратуры нуар і думаў пра тое, як прымяніць гэтыя прыёмы да рэаліяў, больш ці менш мне знаёмых. Выбраў рэальнасць сярэдзіны 1980-х. Нуар часцей за ўсё меў змрочную, цынічную афарбоўку. Менавіта такой была рэальнасць Савецкага Саюза і 1980-х гадоў. Цяпер яе называюць “чарнушнай”. Чарнуха паходзіць ад слова “чорны”. Такім чынам, у мяне атрымаўся нуар (фр. noir — чорны. — заўв. Budzma.org).
Пра адсылкі да Оруэла
Кніга Оруэла — гэта антыўтопія, у якой ён практычна спрагназаваў рэальнасць, якую я апісаў у сваёй рэалістычнай кнізе “1986”. Але я вам шчыра скажу: калі прыдумваў назву, абсалютна забыўся на існаванне рамана “1984”. Дарэчы, з назвай атрымалася не вельмі добрая гісторыя. Кніга была напісаная вельмі хутка і даўно. На той момант яшчэ не выйшла мая кніга “СССР”. Мне патэлефанавала рэдактар выдавецтва, у якім выходзіла “СССР”, і сказала, што кіраўніцтва патрабуе падзагалоўка. Я прыдумаў “Дзённік пацана з ускраіны”. Такім чынам “ускраіну” я засвяціў. І ўжо для рамана “1986” давялося прыдумваць нешта новае.
Пра Балабанава
Людзі, якія чыталі мой раман, праводзілі паралелі з Балабанавым. Так, я люблю гэтага рэжысёра. І фільм “Груз-200” мне падабаецца, нягледзячы на некаторую пераблытанасць часоў. Трэба разумець, што вельмі складана зрабіць добры фільм пра той час — дакладна перадаць атмасферу і ўсе дэталі. Я лічу, што ў мяне гэты час адноўлены больш дакладна. І не таму, што я такі добры, а таму, што літаратура дазваляе зрабіць гэта лепш.
Пра раман “Свабода”
Гэта будзе трылогія: “Свабода”, “1986” і той раман, што я пішу цяпер, — набор аўтарскіх выказванняў пра 80-я, 90-я і пра сучаснасць.
Чаму “Свабода”? Гэта відавочна: 90-я гады для ўсёй постсавецкай прасторы былі перыядам максімальнай свабоды — свабоды на ўзроўні анархіі. Але досыць хутка людзі ад гэтай свабоды пачалі адмаўляцца. Яны аддалі перавагу матэрыяльным каштоўнасцям. І мая кніга пра гэта. У рамане два галоўныя героі. Першы — маё alter ego, у нас з ім шмат біяграфічных перакрыжаванняў. Другі — тыповы персанаж таго часу: спачатку быў звычайным савецкім грамадзянінам, у 90-я ператварыўся ў экстрасэнса, а потым нават заснаваў маргінальную палітычную партыю і спрабаваў прасоўваць нейкія свае ідэі.
Пра кіно
Цяпер я працую над фільмам паводле сваёй аповесці “Дзясятка”. Гэта фільм мікрабюджэтны, незалежны — я яго супрадусаваў і сам выступіў рэжысёрам. Здымаць мы скончылі яшчэ год таму. Але праз маленькі бюджэт постпрадакшн зацягнуўся. У найбліжэйшыя дні вырашыцца пытанне з постпрадакшнам гуку, з вывадам фінальнага міксу. Паглядзім, што атрымаецца. Зразумела, на нармальную дыстрыбуцыю мы не разлічваем. Але, магчыма, у Беларусі яго будзе лягчэй паказаць. Таму што некаторыя тэарэтычныя размовы ўжо былі. Магчыма, паспрабуем атрымаць пракатнае пасведчанне ў Беларусі.
Пра беларускую літаратуру
Я слаба знаёмы з сучаснай беларускай літаратурай. Пакуль чакаў пачатку прэзентацыі ў кнігарні Логвінава, гартаў некаторыя кнігі. Не, безумоўна, я не ставіў задачы ацаніць аўтара за пяць хвілін, але думаў, што калі мяне нешта зачэпіць, то куплю і перачытаю. Але нішто не зачапіла.
На маю думку, няправільна лічыць беларускай літаратурай толькі створаную на беларускай мове. Так мы моцна звужаем гарызонты. Я пішу на рускай, але 70 адсоткаў таго, што адбываецца ў маіх раманах, звязана з Беларуссю. Адна з задач літаратуры — паказаць сённяшнюю рэальнасць, задаць нейкія пытанні чытачу, агучыць аўтарскае выказванне. Якая розніца, на якой мове гэта робіцца?. Можа, ёсць сэнс перакладаць на беларускую мову рускамоўных аўтараў? Можа быць, людзі, якія даюць на гэта гранты, не разумеюць чагосьці? Беларуская літаратура шмат губляе праз тое, што да яе не адносяць некаторых аўтараў паводле моўнай прыкметы.
Кася Кірпацік
Фота: Яўген Ерчак